Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэпрэсіі бязьлітасныя і бессэнсоўныя. Палітвязьні становяцца цяжарам для рэжыму Лукашэнкі


Затрыманыя ў Савецкім РУУС Менска, 14 ліпеня 2020. Ілюстрацыйнае фота
Затрыманыя ў Савецкім РУУС Менска, 14 ліпеня 2020. Ілюстрацыйнае фота

Лукашэнку няма ніякай рацыянальнай выгады ў тым, каб працягваць утрымліваць тысячы іншадумцаў у турмах.

Ніякай віны за імі (і ён гэта ведае) няма. Эфэкт застрашваньня альбо помсты можа спрацоўваць толькі пры арыштах, «пакаяльных» відэа, судовых выраках. Далей усё адбываецца ў закрытым рэжыме, за высокім мурам і нясе абодвум бакам толькі страты, пакуты і нязручнасьці. Выручкі для рэжыму — нуль.

Сьцісла:

  • Сытуацыя з палітвязьнямі ў Беларусі патавая.
  • Лукашэнка, можа, і хацеў бы скінуць зь сябе гэты цяжар, але ня можа.
  • У ХІХ стагодзьдзі ўсё адбывалася такім самым чынам, але тады часам знаходзілася выйсьце.

Рацыянальнага сэнсу няма

Польшча абяцае назаўтра ж адкрыць другі пункт пропуску на мяжы, трэба толькі сёньня вызваліць з турмы журналіста Пачобута. За ўсім гэтым — за сваім эўрапейскім транзытам — нэрвова назіраюць у Пэкіне. Тэхнічна пераправіць Пачобута ў Польшчу для Лукашэнкі не праблема. Безь ніякіх матэрыяльных ці іміджавых стратаў. Чаму не перапраўляе? Адзіная прычына можа быць у тым, што гэта не ягоны палітвязень. Ён задачу выканаў — пасадзіў, а выпусьціць ці ня выпусьціць, вырашае Пуцін.

Ці вось Алесь Бяляцкі, нобэлеўскі ляўрэат, з калегамі-вясноўцамі? Які рэзон трымаць іх у турме? Хай бы ехалі па сьвеце, ратавалі імідж Беларусі. Лукашэнку, вядома, яны выставяць сатрапам, але як ты яго сёньня ад Беларусі адарвеш? Значыць, у кожным разе і яму ў карму атрымаецца плюс.

А якая выгада трымаць у турме Паліну Шарэнду-Панасюк ці Алену Гнаўк? Практычнага сэнсу абсалютна ніякага. Ды тое самае і з усімі астатнімі тысячамі ў турмах. Калі Лукашэнкава ірацыянальная помста яшчэ і працягвае тлець халодным полымем, дык цьвярозы разьлік, мастацтва магчымага даўно нашэптвае яму на вуха: адпусьці, болей табе шкоды ад гэтых тысяч, ты ж сам ведаеш.

Зразумела, што не ў Беларусь адпусьці, а туды, куды ўжо змусіў уцякаць сотні тысяч незадаволеных — на Захад. І тэхнічна гэта зрабіць, зноў жа, не праблема, і на Захадзе іх прымуць як сваіх. А табе — спакой і выгада. Глядзіш, і нейкія санкцыі адменяць, крыху вальней уздыхне эканоміка.

Аднак, колькі б ні было ва ўсім гэтым здаровага сэнсу, Лукашэнка ня можа. Не ягоныя гэта вязьні. Прыблізна так, як ядравая зброя. Яна нібыта і ў Беларусі, але... бачыць карова, што на павеці салома.

Ты першы, а я за табой

Пуцін, відавочна, проста сказаў яму: коцімся ў тыранію, ты першы, я за табой. Памятаеце, як у Беларусі крутане Лукашэнка гайкі, сьледам тое самае ў Расеі крутанецца. Так і ідуць яны па мінным полі. Першы Лукашэнка, шакуючы сьвет абрынаньнем у тыранію нармальнай эўрапейскай краіны, а сьледам, крыху на адлегласьці, Пуцін са сваёй Эўразіяй. «Беларускі досьвед» пераймае, глядзіць, як народ успрыме, што ў сьвеце скажуць. А нічога асабліва ніхто і не гаворыць, бо ўжо наглядзеліся на тое дзікунства ў Беларусі, а для Расеі ўсё гэта быццам і гістарычна звыклае. Проста паўтараецца. Коцімся далей.

Людзей у Беларусі ўводзіць у ступар тэлепрапаганда з мураўёўскай пятлёй на задніку, агітацыяй за вайну і ўкраінафобіяй (чаго ў народзе ніколі не было і няма); сьледам у Расеі зьяўляецца прыгожынская кувалда. І вось гэта ўжо і не лукашэнкаўская прапаганда, а пуцінская. Тысячы беларусаў апынаюцца ў турмах. Сьледам ужо Расея масава напаўняе свае страшныя засекі.

Лукашэнка, можа, і рады быў бы вызваліцца з гэтага цеснага «братэрства», але баіцца, што ніхто яго не накорміць. Альтэрнатыва Пуціну — Эўразьвяз, які ўяўляецца жураўлём у небе; ён аплочваць рэпрэсіі, вядома ж, ня будзе. Спатрэбілася б вялікая воля аўтарытарнага кіраўніка, каб разьвярнуць усё гэта ў нармальнае рэчышча, а волі няма. І тут пачынаеш разумець сэнс белага шпіца на руках Лукашэнкі падчас генэральскіх дакладаў — як мэтафару капітуляцыі.

Таксама, як у ХІХ стагодзьдзі

Да каго трэба зьвяртацца па вызваленьне палітвязьняў? Паказальны выхад на волю Соф’і Сапегі. Лукашэнкава роля ў ім была чыста тэхнічнай. Як і расейскага губэрнатара. Яе вызваліў той, хто лічыў сябе яе гаспадаром.

Сытуацыя моцна нагадвае ХІХ стагодзьдзе. Уявіце сабе: адно за адным успыхваюць малыя і вялікія паўстаньні за вызваленьне ад расейскага прыгнёту. Турмы Беларусі запоўненыя вальнадумным элемэнтам, які там катуюць, расстрэльваюць або выпраўляюць на катаргу ў Сібір. Публіка на волі шукае спосабаў хадайнічаць пра вызваленьне. І часам гэтыя просьбы канчаюцца пазытыўным рашэньнем. Але толькі ў тым выпадку, калі хадайніцтва праз прыватныя знаёмствы трапляе да важных пэрсонаў у Расеі. Варыянтаў тады папросту не было. Выглядае, што і сёньня іншага шляху няма. Пакуль няма.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG