У Міністэрстве абароны Беларусі паведамілі аб пачатку камандна-штабных вучэньняў з удзелам сіл тэрытарыяльнай абароны ў чатырох раёнах — у Вілейскім Менскай вобласьці, Рагачоўскім і Кармянскім Гомельскай вобласьці і на мяжы зь Літвой, у Воранаўскім раёне Горадзенскай вобласьці.
У Горадзенскай і Гомельскай абласьцях вучэньні будуць доўжыцца два дні (да 4 красавіка), а ў Менскай — да 26 красавіка.
У межах вучэньняў будуць удасканальваць навыкі асабовага складу ў тэрытарыяльнай абароне.
У Беларусі з 12 сакавіка праходзіць праверка баявой гатоўнасьці Ўзброеных сіл Беларусі, якая пачалася ў адказ на правядзеньне маштабных вучэньняў NATO.
Першага красавіка ў Міністэрстве абароны Беларусі паведамілі аб пачатку вучэньняў з выкарыстаньнем рэактыўных сыстэм залпавага агню «Палянэз».
На тэрыторыі Беларусі ўвесь час ад моманту расейскага ўварваньня ва Ўкраіну амаль бесьперапынна праводзяцца вайсковыя вучэньні.