Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».
Выступаючы ў чацьвер на брыфінгу для журналістаў, дарадца Белага дому па камунікацыях у сфэры нацыянальнай бясьпекі Джон Кірбі заявіў, што ЗША перадалі расейскім спэцслужбам пісьмовае папярэджаньне пра напад экстрэмістаў — адно з многіх, загадзя перададзеных Маскве.
Гэтая заява была зроблена пасьля таго, як раней у чацьвер Сьледчы камітэт РФ заявіў, што выявіў доказы таго, што тэрарысты, якія забілі на мінулым тыдні больш за 140 чалавек падчас нападу на канцэртную залю ў Падмаскоўі, былі зьвязаныя з «украінскімі нацыяналістамі».
У заяве СК РФ сьцьвярджаецца, што нападнікі атрымалі значныя сумы з Украіны ў наяўных грошах і ў крыптавалюце.
Кірбі назваў гэтае сьцьвярджэньне «глупствам і прапагандай».
Украіна катэгарычна адмаўляе якое-небудзь дачыненьне да нападу, які стаў самым сьмяротным у Расеі за апошнія 20 гадоў.
«Цалкам відавочна, што „Ісламская дзяржава“ нясе поўную адказнасьць за жахлівы тэракт у Маскве на мінулым тыдні, — заявіў Кірбі. — ЗША спрабавалі дапамагчы прадухіліць гэты тэракт. І Крамлю гэта вядома».
Кірбі заявіў, што перад тэрактам 22 сакавіка ўрад ЗША перадаў расейскім уладам дакладную падрабязную інфармацыю пра тэрарыстычную пагрозу ў дачыненьні да вялікіх сходаў і канцэртаў у Маскве.
«Сёмага сакавіка ў 11:15 раніцы па маскоўскім часе, прытрымліваючыся звычайных працэдур і па ўсталяваных каналах, якія ўжо неаднаразова выкарыстоўваліся раней, урад ЗША перадаў расейскім службам бясьпекі папярэджаньне ў пісьмовым выглядзе, — заявіў Кірбі. — Акрамя таго, на наступны дзень, восьмага сакавіка, мы выпусьцілі публічнае папярэджаньне, у якім прасілі амэрыканскіх грамадзянаў пазьбягаць вялікіх сходаў і канцэртаў у Маскве».
Кірбі падкрэсьліў, што ЗША даюць такую інфармацыю Расеі, таму што надзвычай сур’ёзна ставяцца да свайго абавязку папярэджваць пра магчымыя пагрозы.
«Мы ніколі не жадаем бачыць гібель нявінных людзей і тэрарыстычныя напады. І тая раніца была адной з многіх, калі ўрад Злучаных Штатаў перадаў Расеі зь верасьня 2023 году папярэджаньне пра розныя пагрозы, — сказаў ён. — І хоць публічнае папярэджаньне нашых амбасадаў, магчыма, утрымала зламысьнікаў ад нападу восьмага сакавіка, нашае папярэджаньне расейскаму ўраду і шырокай грамадзкасьці дакладна вызначыла тэрарыстычную пагрозу, скіраваную на канцэрты ў Маскве».
DW прыводзіць словы Кірбі, сказаныя наконт расейскіх абвінавачаньняў на адрас Украіны ў датычнасьці да нападу на Crocus City Hall: «Мой дзядзька казаў, што найлепшыя прадаўцы гною часта носяць узоры ў роце. Расейскія чыноўнікі здаюцца даволі добрымі прадаўцамі гною».