Пра тое, чаму адкіды не паедуць у Расею і ці могуць яны быць скарыстаныя для стварэньня ядзернай зброі, выданьню Reform.by расказаў экспэрт міжнароднай ініцыятывы iSANS (International Strategic Action Network for Security) Яўген Макарчук.
«У выніку эксплюатацыі АЭС утвараюцца дзьве розныя групы адкідаў — адпрацаванае паліва і радыяактыўныя адкіды. Паліва — гэта менавіта ядзерныя матэрыялы, якія пабылі ўнутры рэактара. Гэта вельмі актыўны матэрыял, і ён павінен доўга захоўвацца на станцыі, пакуль не астыне. Нават пасьля таго, як ён выдаляецца з рэактара, распад працягваецца, і яму яшчэ 10 гадоў патрабуецца астуджэньне ў басэйне ў рэактарнай залі. У гэтым паліве ўсё яшчэ зьмяшчаецца ўран, плютоній і іншыя расшчапляльныя матэрыялы — менавіта яны будуць вяртацца ў Расею для перапрацоўкі, таму што іх патэнцыял можна выкарыстоўваць для стварэньня ядзернай зброі», — кажа экспэрт.
Паводле экспэрта, у Беларусі застануцца радыяактыўныя адкіды, а таксама будуць вернутыя пасьля перапрацоўкі ў Расею рэшткі адпрацаванага паліва, зь якога немагчыма зрабіць ядзерную зброю.
«Радыяактыўныя адкіды — гэта зусім іншая катэгорыя. Гэта могуць быць, напрыклад, помпы, арматура, трубы, фільтры, нават адзеньне пэрсаналу, які кантактавалі з вадой першага контуру або на якіх зь нейкай прычыны аселі радыяактыўныя часьцінкі. Зь іх немагчыма зрабіць паліва, але яны маюць пэўны ўзровень радыяактыўнасьці, таму іх трэба захоўваць у адмысловым сховішчы. Такім чынам, адпрацаванае ядзернае паліва будзе вывозіцца ў Расею, перапрацоўвацца, і будзе вяртацца назад у той частцы, зь якой ня робяць новае паліва або ядзерную зброю.
А вось радыяактыўныя адкіды адразу будуць заставацца ў Беларусі. У нас ужо ёсьць сховішча для такіх адкідаў, таму што яны ўзьнікаюць увесь час у мэдыцыне і ў іншых галінах прамысловасьці. Гэтае сховішча недалёка ад Менску, каля пасёлку Сосны. Проста пасьля запуску АЭС аб’ём існага сховішча будзе недастатковы, і давядзецца будаваць новае, большае. Безумоўна, гэта дрэнна, як і захоўваньне любых небясьпечных матэрыялаў, якія падвышаюць фон. Але бяз гэтага ўжо не абысьціся», — тлумачыць Макарчук.
Экспэрт iSANS лічыць лягічным выбар месцаў захоўваньня адкідаў, але бачыць праблему ў тым, што немагчыма весьці незалежны кантроль стандартаў і якасьці выкананьня работ пры будаўніцтве сховішча.
«З аднаго боку, калі ўжо ў выніку эксплюатацыі АЭС узьнікае неабходнасьць у любым выпадку будаваць сховішча, то Палескі запаведнік — лягічны выбар месца. Пры значным радыяцыйным фоне пасьля аварыі на ЧАЭС дадатковы фон ад сховішча можа мець значна менш нэгатыўных наступстваў. Але гэта толькі пры ўмове, што будуць выкананыя тэхналёгіі і матэрыялы са сховішча ня будуць трапляць у грунтавыя воды.
Зь іншага боку, пры такім выбары месца больш складана будзе арганізаваць абслугоўваньне сховішча, бо пэрсанал будзе атрымліваць дадатковую дозу з-за таго, што будзе знаходзіцца ў зоне забруджваньня. Да таго ж у цяперашніх умовах няма ніякай магчымасьці незалежнага кантролю якасьці і стандартаў, па якіх будзе пабудавана сховішча», — кажа экспэрт.