Сьцісла:
- Беларускія прадпрыемствы, якія супрацоўнічаюць з Расеяй і падтрымліваюць яе агрэсію, павінны разумець, што могуць стаць законнымі цэлямі для Ўкраіны.
- Адбываецца актыўны прыход на расейскі рынак кітайцаў, віетнамцаў, іншых, якія сёньня выцясьняюць адтуль беларускую прадукцыю.
- Стаўка беларускага кіраўніцтва выключна на расейскі рынак — галоўная стратэгічная рызыка.
- Расейскую эканоміку разганяюць ваеннымі заказамі, але гэта пустыя грошы, якія ў канчатковым выніку выльюцца ў інфляцыю і дэвальвацыю.
— Украінскія дроны апошнія тыдні даволі актыўна атакавалі расейскія нафтаперапрацоўчыя заводы (НПЗ). Паведамлялася, што ў выніку ўдараў ня менш за 10 працэнтаў магутнасьцяў расейскай нафтаперапрацоўкі цяпер ня дзейнічаюць. Ці можа гэта аказаць істотны ўплыў на рынак нафтапрадуктаў у рэгіёне, на працу беларускіх НПЗ?
— Нафтаперапрацоўчая галіна ў Расеі мае значна больш магутнасьцяў, чым актыўна задзейнічана. Пэўная частка прастойвае, бо не было дастатковай загрузкі. Напрыклад, у 2022 годзе аб’ём перапрацоўкі быў 276 мільёнаў тонаў, а патэнцыйныя магутнасьці складалі каля 300 мільёнаў.
Каб Украіне дабіцца мэты глябальна паўплываць на рынак нафтапрадуктаў, абмежаваць пастаўкі на фронт, то трэба вывесьці са строю значна больш заводаў.
— Між тым, як паведамляе агенцыя Reuters, Расея ў сакавіку падвышае імпарт бэнзіну зь Беларусі з прычыны рызыкі дэфіцыту на ўнутраным рынку. Можа, тут ёсьць чыста рэгіянальны эфэкт? Украінцы атакавалі пераважна заводы, якія знаходзяцца даволі блізка да ўкраінскай мяжы. Магчыма, часовы дэфіцыт нафтапрадуктаў узьнікне ў гэтых абласьцях і для ягонага пераадольваньня Расея вымушаная будзе зьвярнуцца да беларускай нафтаперапрацоўкі?
— Мне здаецца, максымум, што можа ўзьнікнуць — гэта часовыя праблемы з лягістыкай. Нафта дастаткова лёгка і хутка транспартуецца, у цыстэрнах. Таму пакуль я ня бачу вялікай праблемы для Расеі. Вядома, калі Ўкраіна павялічыць і ўзмоцніць свае напады, то гэта можа пачаць уплываць.
У любым выпадку, пакуль тых стратаў, якія нанесла расейскім НПЗ Украіна, яўна недастаткова, каб узьнік вялікі попыт на беларускую нафтаперапрацоўку. У нас два заводы — Мазырскі і Наваполацкі — маюць магутнасьці 24 мільёны тон, а беларускі ўнутраны рынак складае ўсяго 8 мільёнаў тон. Усё астатняе ішло на экспарт, раней — пераважна ў Эўропу і Ўкраіну.
З пачаткам расейскай шырокамаштабнай агрэсіі супраць Украіны ў лютым 2022 года ўсё гэта зьмянілася. Беларускі бэнзін у Расеі асабліва не патрэбен, ён надта дарагі, і там свайго хапае. Хоць на працягу апошніх месяцаў, сапраўды, адбываецца некаторы рост паставак у Расею.
— Наколькі зьменшылася беларуская нафтаперапрацоўка пасьля ўвядзеньня заходніх санкцыяў і страты ўкраінскага рынку?
— Гэтая галіна, безумоўна, цяпер у крызісе, але большасьць дадзеных тут цяпер засакрэчана. За 2022 год перапрацавана 12,5 мільёна тон нафты — пры тым, нагадаем, што магутнасьці складаюць 24 мільёны.
— Тым часам беларуская прапаганда атакуе Ўкраіну, адносіны паміж краінамі вельмі напружаныя. Можа скласьціся такая сытуацыя, калі і Мазырскі НПЗ, які знаходзіцца непадалёк ад мяжы з Украінай, стане з пункту гледжаньня афіцыйнага Кіева «законнай цэльлю»?
— Гэта тое, што з гледзішча простага чалавека сёньня можа стаць самым вялікім страхам для беларусаў. Бо нашы прадпрыемствы, што супрацоўнічаюць з Расеяй і падтрымліваюць яе агрэсію (НПЗ, Завод колавых цягачоў, аб’яднаньне «Агат», якое працуе на расейскую абаронку), павінны разумець, што могуць стаць законнымі цэлямі для Ўкраіны. І павінны баяцца гэтага.
Іншая справа, што сёньня мы пакуль назіраем, што існуе пэўны асьцярожны балянс у стасунках Менску і Кіева. Беларускі рэжым падтрымлівае агрэсію Расеі, але пры гэтым ня шле беларускіх войскаў ва Ўкраіну. Зь беларускіх аэрадромаў самалёты сёньня не вылятаюць бамбіць украінскія гарады. Напэўна, зараз афіцыйнаму Кіеву гэтага дастаткова. Таму наўрад ці сёньня Ўкраіне хочацца правакаваць Беларусь на рэзкія дзеяньні.
Але беларусы, якія працуюць на расейскую абаронку, павінны памятаць, што яны такім чынам саўдзельнічаюць у вайне супраць Украіны і мусяць баяцца адпаведнага адказу зь яе боку.
— Тым часам, нягледзячы на стратэгічныя мінусы, Беларусь мае ад вайны нейкія кароткатэрміновыя эканамічныя выгоды. Абаронка і прадпрыемствы лёгкай прамысловасьці атрымалі новыя заказы з Расеі, напрыклад. Як можна ацаніць гэты эфэкт? Ці нэгатыўныя наступствы вайны Расеі непараўнальна большыя?
— У падтрымцы расейскай ваеннай агрэсіі ўдзельнічаюць вельмі нешматлікія беларускія прадпрыемствы, якія маюць пэўныя выгады ад вайсковых заказаў.
Але агульная стратэгічная рызыка для эканомікі, якая існуе ў выніку ўведзеных супраць Беларусі санкцыяў за ўдзел у вайне, нашмат вышэйшая. І таксама рызыка ад наступстваў таго, што адбываецца сёньня фактычна на адзіным для Беларусі экспартным рынку, у Расеі. А там адбываецца актыўны прыход кітайцаў, віетнамцаў, іншых, якія сёньня актыўна выціскаюць беларускую прадукцыю.
Мы бачым, як рэзка ўпалі продажы заводу Атлант: там у выніку нават памянялі дырэктара. МАЗ скардзіцца, што страчвае рынак Расеі. І гэта пагроза значна больш важкая, чым тыя невялікія выгады для нязначнай колькасьці прадпрыемстваў ад загрузкі расейскімі абароннымі заказамі.
Трэба разумець, што расейская эканоміка вельмі нестабільная. Што на сёньня яе «разганяюць» вайсковымі заказамі, але гэта пустыя грошы, якія ў канчатковым выніку выльюцца ў інфляцыю і дэвальвацыю.
Таму стаўка беларускага кіраўніцтва толькі на расейскі рынак — галоўная стратэгічная рызыка. Гэта манапольная залежнасьць ад Расеі. Мы паставілі на аднаго гульца, які знаходзіцца ў выключна нядобрым стане.
Калі расейскі рынак грузавікоў захапілі кітайскія кампаніі, то яны адтуль ужо ня пойдуць. Немагчыма сабе ўявіць, што Расея ўвядзе нейкія мыты і нейкія дадатковыя плацяжы супраць кітайцаў.
Раней беларуская прадукцыя была хоць і сярэдняй у якасьці, але звыклай расейскім пакупнікам і таньнейшай за заходнюю. А цяпер расейскі пакупнік аддае перавагу кітайскай прадукцыі, якая і таньнейшая, і часам лепшая якасьцю. Гэта азначае, што Беларусь у канчатковым выніку можа прайграць на ключавым для сябе рынку.