Праграма ААН па навакольным асяродзьдзі прадставіла даклад аб утылізацыі прадуктаў харчаваньня ў сьвеце. Зь яго вынікае, што 17% усёй ежы на Зямлі, прыдатнай да ўжываньня, адпраўляецца ў сьмецьце. У той жа час у сьвеце 783 мільёны чалавек жывуць у стане пастаяннага голаду — гэта амаль 10% насельніцтва плянэты.
У сярэднім кожны жыхар Зямлі выкідвае штогод каля 79 кіляграмаў харчовых прадуктаў, якія яму не спатрэбіліся. Сярэднестатыстычны жыхар ЗША выкідае 115 кг «лішняга» харчу, эўрапеец — 65 кг, расеец — 56 кг. Агульны аб’ём харчовага сьмецьця ў 2022 годзе складаў 1,05 мільярда тон. Гэта прыкладна 1 мільярд порцыяў ежы за дзень.
Больш за ўсё прадуктаў — 60% — выкідаюць індывідуальныя спажыўцы і хатнія гаспадаркі. Каля 28% прыпадае на долю грамадзкага харчаваньня, 12% застаюцца незапатрабаванымі ў раздробных крамах і супэрмаркетах.
У ААН падкрэсьліваюць, што «лішнія» прадукты выкідаюць ня толькі ў багатых краінах. Абʼём харчовага сьмецьця на сямʼю ў краінах з высокім, сярэднім і нізкім узроўнем даходу адрозьніваецца ня больш як на 10%.
Тое, што чалавецтва адпраўляе на сьметнік амаль пятую частку ўсіх прадуктаў, ня толькі марнатраўна. У дакладзе ўказана, што рост абʼёмаў харчовага сьмецьця шкодзіць навакольнаму асяродзьдзю і робіць значны ўнёсак у неспрыяльныя зьмены клімату. Гнілыя харчовыя адкіды вырабляюць 8-10% усіх штогадовых выкідаў парніковых газаў у атмасфэру. Акрамя таго, бескарысным марнаваньнем прыродных рэсурсаў аказваюцца зьмены навакольнага асяродзьдзя для падтрыманьня палёў, пашы і іншай сельскагаспадарчай вытворчасьці.
ААН заклікае дзяржавы больш супрацоўнічаць з прыватнымі і некамэрцыйнымі ініцыятывамі ў пераразьмеркаваньні прадуктаў і харчовай бясьпецы.