Гэтую інфармацыю апублікавала грамадзкая праваабарончая арганізацыя «Пражэктар». У справаздачы гаворыцца, што акупанты парушалі правы ЛГБТ-людзей, да таго ж некаторыя з гэтых парушэньняў могуць быць ваеннымі злачынствамі ці злачынствамі супраць чалавечнасьці.
Як адзначаюць праваабаронцы з «Пражэктара», сярод пацярпелых ад расейскіх войскаў у Херсонскай вобласьці былі ўкраінцы, якія зьяўляюцца лесьбіянкамі, геямі, бісэксуаламі, трансгендэрамі і квірамі. Некаторыя, як яны кажуць, зазналі перасьлед менавіта з прычыны сэксуальнай арыентацыі ці гендэрнай ідэнтычнасьці. Пры гэтым ЛГБТ-людзі, якія перажылі расейскія злачынствы, не наважваліся зьвяртацца ва ўкраінскія праваахоўныя органы, дадаюць праваабаронцы.
На справаздачу арганізацыі «Пражэктар» зьвярнула ўвагу амэрыканскае выданьне The New York Times. Журналісты напісалі, што расейскія вайскоўцы ўжывалі да прадстаўнікоў ЛГБТ усе віды катаваньняў, уключаючы катаваньні электрычным токам і сэксуальны гвалт. Некаторыя пацярпелыя расказалі пра такія траўмы, як выбіты зуб і прастрэленая нага.
Праваабаронцы адзначылі, што правялі гутаркі са 107 прадстаўнікамі ЛГБТ-супольнасці, якія пацярпелі ад злачынстваў расейскіх вайскоўцаў падчас акупацыі Херсона або сталі іх сьведкамі. Атрыманыя факты будуць у далейшым перадаваць на разгляд ва ўкраінскія і міжнародныя суды.
Улады Расеі адмаўляюць факты гвалту ў дачыненьні да цывільнага насельніцтва Ўкраіны.