Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне канфіскавалі маёмасьць прадпрымальніка, які арганізаваў перамяшчэньне грузаў з ЭЗ у Расею празь Беларусь


Чарга грузавікоў на мяжы Польшчы і Беларусі. Ілюстрацыйнае фота
Чарга грузавікоў на мяжы Польшчы і Беларусі. Ілюстрацыйнае фота

Прадпрымальнік перавозіў грузы для расейскіх прадпрыемстваў, якія выраблялі прадукцыю для вайскова-прамысловага комплексу.

Ва Ўкраіне канфіскавалі ўсю маёмасьць у прадпрымальніка, украінскага грамадзяніна, які арганізаваў перамяшчэньне грузаў з Эўразьвязу ў Расею празь Беларусь. Асуджаны ўкраінец, які мае шасьцярых дзяцей, мусіць яшчэ і сплаціць штраф у памеры 170 тысяч грыўняў (прыблізна 4 тысячы даляраў у эквіваленце. — РС).

Прадпрымальніка асудзілі паводле ч. 4 артыкулу 111-1 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны — калябарацыйная дзейнасьць, ажыцьцяўленьне гаспадарчай дзейнасьці ва ўзаемадзеяньні зь дзяржавай-агрэсаркай.

Яму пагражала пазбаўленьне волі на тэрмін ад 3 да 5 гадоў, але паколькі ён прызнаў сваю віну, суд прызначыў больш мяккае пакараньне — штраф і пазбаўленьне права цягам 10 гадоў займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйных і гаспадарчых функцый на прадпрыемствах усіх формаў уласнасьці.

Як высьветліла сьледзтва, з 24 лютага 2022 году ўкраінец арганізаваў і рэалізаваў схему перамяшчэньня грузаў з краін Эўразьвязу праз пункты пропуску Польшчы і Літвы на мяжы зь Беларусьсю, а ў далейшым — у Расеі, на акупаваныя тэрыторыі Ўкраіны, у тым ліку і на Крым.

Прадпрымальнік, які працаваў з 2017 году ў сфэры грузаперавозак, ажыцьцяўляў дастаўку грузаў пераважна зь Італіі, Славеніі і Сэрбіі ў так званыя транспартна-лягістычныя цэнтры Беларусі, дзе на падставе кантрактаў з расейскімі кампаніямі «РУСлайн» і «Грузавтоэкспресс» перачэпліваў цягачы на расейскіх перавозчыкаў, якія далей пастаўлялі тавар.

Як адзначаецца ў судовым рашэньні, «для кансьпірацыі» ён выкарыстоўваў грузавыя аўтамабілі і прычэпы на славацкіх нумарах, зарэгістраваныя на ягоную фірму ў Славаччыне.

У прыватнасьці, украінец перавозіў вогнетрывалыя матэрыялы для Наваліпецкага мэталюргічнага камбінату, які вырабляе прадукцыю для расейскага прадпрыемства «Изумруд», што спэцыялізуецца на вытворчасьці вайсковага ўзбраеньня, у прыватнасьці, сыстэм кіраваньня агнём карабельнай артылерыі для Ваенна-марскіх сіл Расеі.

Апроч таго, Наваліпецкі мэталюргічны камбінат пастаўляў прадукцыю для папраўчай калёніі № 1 у Кастрамской вобласьці, прадпрыемствы якой вырабляюць электратэхнічнае абсталяваньне вайсковага прызначэньня.

У сакавіку ўкраінскія журналісты абнародавалі вынікі расьсьледаваньня аб гандлі Польшчы з Расеяй празь Беларусь.

Пасьля гэтага краіны Балтыі і Польшчы ініцыявалі абмежаваньні на пастаўкі збожжа зь Беларусі і Расеі ў краіны Эўразьвязу.

У той жа час статыстыка, апублікаваная ААН, сьведчыць, што зь Беларусьсю працягваюць гандляваць ня толькі краіны ЭЗ, але і Ўкраіна. Украіна ў 2023 годзе прадала ў Беларусь прадукцыі на 3,5 мільёна даляраў, а набыла беларускай прадукцыі на 19,8 мільёна даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG