Пра гэта заявіў на прэс-канфэрэнцыі дырэктар дэпартамэнту МАК па сувязях з НАК Джэймз Маклаўд.
Пакуль для ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях-2024 кваліфікацыю ўжо прайшлі 7 беларускіх спартоўцаў і 12 расейскіх. У МАК чакаюць, што, «паводле найбольш верагоднага сцэнару», агулам кваліфікацыю на Алімпіяду пройдуць 36 расейцаў і 22 беларусы. «Максымальная колькасьць, якая наўрад ці будзе дасягнутая, складае 55 і 28 адпаведна», — дадаў Маклаўд.
Беларускія і расейскія спартоўцы будуць удзельнічаць у Алімпійскіх гульнях у нэўтральным статусе. У мэдальнай табліцы іх згадваць ня будуць, пры іх перамозе прагучыць гімн AIN (Athlete Individuel Neutre, «індывідуальныя нэўтральныя атлеты»).
- Летнія Паралімпійскія гульні пройдуць у сталіцы Францыі з 28 жніўня па 8 верасьня.
- 8 сьнежня 2023 году Выканаўчы камітэт МАК прыняў рашэньне, што спартоўцы зь Беларусі і Расеі змогуць выступіць на летняй Алімпіядзе ў Парыжы 2024 году ў нэўтральным статусе. Да Алімпіяды дапусьцяць толькі індывідуальных атлетаў, а не каманды, якія пройдуць кваліфікацыю ў рамках існых крытэраў адбору. Да спаборніцтваў не дапусьцяць спартоўцаў, якія актыўна падтрымліваюць расейскую агрэсію ва Ўкраіне.
- 6 сакавіка стала вядома, што беларускіх і расейскіх паралімпійцаў не дапусьцяць да цырымоній адкрыцьця і закрыцьця Паралімпійскіх гульняў-2024. Яны будуць удзельнічаць у спаборніцтвах індывідуальна, у нэўтральнай форме пад нэўтральным сьцягам і ня будуць фігураваць у табліцы мэдалёў. Дзяржаўныя сьцягі Беларусі і Расеі, а таксама іншая нацыянальная сымболіка, у тым ліку вайсковая, строга забароненыя паблізу любых аб’ектаў, зьвязаных з Паралімпійскімі гульнямі.