Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Армэніі з пачатку году затрымалі чатырох беларусаў на запыт пракуратуры Беларусі


Муніцыпалітэт у горадзе Ванадзор (Армэнія). Архіўнае фота
Муніцыпалітэт у горадзе Ванадзор (Армэнія). Архіўнае фота

У Армэніі з пачатку году затрымалі чатырох грамадзян Беларусі, якіх Беларусь абвясьціла ў міждзяржаўны вышук у СНД. Усе яны знаходзяцца ў ізалятары горада Ванадзор.

«За паўтара месца з пачатку году чатыры затрыманьні. Гэта, мне падаецца, вельмі шмат, улічваючы, што за ўвесь 2023 году быў толькі адзін выпадак, і той быў не паводле артыкулу аб ухіленьні ад службы ў войску», — паведаміў Свабодзе праўнік Хэльсынскай асацыяцыі Армэніі Араік Папік’ян.

Араік Папік’ян прадстаўляе інтарэсы грамадзяніна Беларусі Яраслава Новікава, якога затрымалі на мяжы Армэніі сёлета 2 лютага на запыт Беларусі паводле абвінавачаньня ва ўхіленьні ў службе ў войску.

Праўнік Хэльсынскай асацыяцыі Армэніі дадаў, што ня ўсіх чацьвярых абвінавачваюць ва ўхіленьні ад службы ў войску.

«Я ведаю дэталі не пра ўсе выпадкі. Двух хлопцаў затрымалі 2-3 дні таму. Яшчэ аднаго затрымалі і арыштавалі адразу пасьля Яраслава. Усе яны знаходзяцца ў тым жа ізалятары, што і Яраслаў», — дадаў ён.

Яраслаў Новікаў з 5 лютага знаходзіцца ў ізалятары горада Ванадзор.

«Сёньня я сустрэўся з Яраславам, і мы плянавалі нашыя далейшыя дзеяньні — па апэляцыі і гутарцы з супрацоўнікамі міграцыйнай службы. Сваю падтрымку Яраславу выказала і беларуская дыяспара, якая знаходзіцца ў Армэніі. Яны таксама напішуць ліст падтрымкі ў міграцыйную службы» — паведаміў Араік Папік’ян.

Цяпер адвакат рыхтуе апэляцыю на другое рашэньне суда аб падоўжаньні арышту Яраслава Новікава, ухваленае 7 сакавіка. Першае аналягічнае рашэньне ад 4 лютага Апэляцыйны суд Армэніі прызнаў законным.

Што папярэднічала

Грамадзяніна Беларусі Яраслава Новікава затрымалі 2 лютага ў Армэніі пры перасячэньні мяжы з Грузіяй, калі высьветлілася, што ўлады Беларусі абвясьцілі яго міждзяржаўны вышук у СНД праз абвінавачаньне ва ўхіленьні ад службы ў войску. Раней яму працягнулі тэрмін утрыманьня пад вартай.

Яраслаў Новікаў плянаваў пераехаць з Грузіі ў Баўгарыю, але не атрымаў візы. Яму параілі атрымаць неабходную візу на радзіме, але Новікаў туды не паехаў праз рызыку быць арыштаваным. Ён адправіўся падаць дакумэнты на візу ў суседнюю Армэнію.

Суд Армэніі 4 лютага ўзяў Яраслава Новікава пад варту на 40 дзён для далейшай перадачы ўладам Беларусі пасьля атрыманьня адпаведных дакумэнтаў зь Менску.

У часе знаходжаньня ў ізалятары беларус падаў у міграцыйную службы Армэніі заяву на атрыманьне статусу ўцекача і палітычнага прытулку. На падтрымку Яраслава Новікава Місія дэмакратычнай Беларусі ў Брусэлі раней накіравала ў міграцыйную службу Армэніі ліст падтрымкі.

Што вядома пра ранейшыя аналягічныя выпадкі

Вядома пра некалькі выпадкаў затрыманьня грамадзян Беларусі ў Армэніі ў 2022 і 2023 гадах. Усе затрыманьні адбываліся на мяжы, калі беларусы спрабавалі «абнуліць» тэрмін знаходжаньня ў Грузіі, часова выехаўшы ў Армэнію.

У студзені 2023 году Генэральная пракуратура Беларусі паведаміла, што Армэнія перадала затрыманага на сваёй тэрыторыі грамадзяніна Беларусі, які, паводле вэрсіі сьледчых, ухіляўся ад службы ў войску, хоць пачаткова яго абвінавацілі ў растраце вялікіх памераў.

Пра іншыя выпадкі перадачы Беларусі затрыманых у Армэніі беларусаў невядома.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG