Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі за кратамі памёр грамадзянін Літвы


Ілюстрацыйнае фота. Аўтамабіль, на якім перасякаў мяжу літовец, затрыманы ў Беларусі 31 сьнежня 2023 году
Ілюстрацыйнае фота. Аўтамабіль, на якім перасякаў мяжу літовец, затрыманы ў Беларусі 31 сьнежня 2023 году

Часоваму паверанаму ў справах Беларусі ў Літве ўручылі ноту пратэсту ў сувязі са сьмерцю ў зьняволеньні грамадзяніна Літвы, якога затрымалі ў Беларусі 31 сьнежня 2023 году, паведаміла 12 лютага МЗС Літвы.

«Консульскія работнікі Літоўскай Рэспублікі не былі належным чынам паінфармаваныя пра затрыманьне грамадзяніна Літвы і падставы для гэтага, пра стан здароўя грамадзяніна, ім не далі магчымасьці наведаць затрыманага і надаць яму неабходную консульскую дапамогу. Такімі дзеяньнямі Рэспубліка Беларусь груба парушыла Венскую канвэнцыю аб консульскіх зносінах», — гаворыцца ў ноце пратэсту.

У МЗС Літвы запатрабавалі ад беларускага боку неадкладна даць інфармацыю пра стан грамадзяніна на момант затрыманьня і зьвязаныя з гэтым абставіны, а таксама пацьвердзіць факт ягонай сьмерці, пазначыць час і месца сьмерці, абставіны і прычыны.

Як расказала агенцтву BNS часовая павераная Літвы ў справах Беларусі Аста Андрыяўскене, дазвол на сустрэчу з затрыманым літоўцам запытвалі неаднаразова, а калі яго ня атрымалі, адправілі ноту пратэсту. Пасьля гэтага беларускія ўлады патэлефанавалі і паведамілі, што арганізаваць сустрэчу немагчыма, бо грамадзянін Літвы памёр.

«Згодна з Вэнскай канвэнцыяй аб консульскіх зносінах, консульскі работнік павінен мець права на сустрэчу з грамадзянінам Літвы, і ў дадзеным выпадку пра гэта прасілі некалькі разоў, як у пісьмовым выглядзе, так і па тэлефоне. У адказ мы атрымалі паведамленьне, што, на жаль, сустрэчы ня будзе, бо грамадзянін памёр. Гэта быў адказ пасьля шматлікіх пісьмовых і вусных зваротаў», — сказала Андрыяўскене.

Пра нядаўняе затрыманьне ў пункце пропуску «Беняконі» грамадзяніна Літвы паведаміла ў сваім прэс-рэлізе ад 10 студзеня 2024 году Горадзенская мытня, заўважыла «Люстэрка». Як сьцьвярджалі тады беларускія мытнікі, у ягоным аўтамабілі нібыта знайшлі 98 пісталетных патронаў (9×18ПМ) для зброі калібрам 9 мм.

На мужчыну завялі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 333-1 Крымінальнага кодэксу (Незаконнае перамяшчэньне боепрыпасаў празь дзяржаўную мяжу) і ўзялі яго пад варту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG