Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сталіцы Гаіці ўзброеныя банды напалі на ўрадавыя будынкі


Гаіці. 7 сакавіка 2024 году.
Гаіці. 7 сакавіка 2024 году.

У сталіцы Гаіці Порт-о-Прэнсе ўзброеныя групоўкі напалі на ўрадавыя будынкі і прэзыдэнцкі палац. Аб гэтым паведамляе ABC News.

Па дадзеных крыніц мэдыя, напад быў скаардынаваным і хуткім: розныя групы адначасова атакавалі некалькі ўрадавых будынкаў, у тым ліку прэзыдэнцкі палац і ўпраўленьне паліцыі заходняга дэпартамэнта Гаіці.

Паміж паліцыянтамі і чальцамі груповак адбыліся сутыкненьні. «Мы ўсё яшчэ працуем над тым, каб як мага хутчэй узяць сытуацыю пад кантроль. Мы робім усё магчымае, выкарыстоўваючы тое, што ў нас ёсьць», — паведаміла тэлеканалу CNN крыніца ў органах бясьпекі ў Порт-о-Прэнсе.

Крыніца ABC News таксама паведаміла, што, паводле папярэдніх зьвестак, было забіта больш за дзесяць членаў груповак, аднак гэтая колькасьць не пацьверджаная. Аб ахвярах сярод паліцыянтаў пакуль не паведамляецца.

Прэзыдэнцкі палац пустуе з ліпеня 2021 года, калі быў забіты прэзыдэнт Жовенэль Маіз, адзначае ABC News. Моцны землятрус у 2010 годзе разбурыў большую частку комплексу, зрабіўшы большую яго частку непрыдатнай для выкарыстаньня. Тым не менш, палац зьяўляецца сымбалем фэдэральнага праўленьня Гаіці і кругласутачна ахоўваецца.

Як паведамляе тэлеканал France 24, групоўкі, якія ўжо кантралююць большую частку Порт-о-Прэнса, у апошнія дні атакавалі ключавыя аб’екты інфраструктуры, у тым ліку дзьве турмы, што дазволіла большасьці з 3800 зьняволеных уцячы.

З пачатку сакавіка сталіцу Гаіці ахапіла хваля добра скаардынаваных нападаў узброеных груповак на дзяржаўныя ўстановы і абʼекты інфраструктуры. Лідэр адной з банд, былы афіцэр паліцыі Джымі Шэрызье заклікае прымусіць прэмʼер-міністра Гаіці Арыэля Анры сысьці ў адстаўку.

На Гаіці было ўведзена надзвычайнае становішча і камэнданцкая гадзіна ў начны час. Прэмʼер-міністар Гаіці Арыэль Анры зараз знаходзіцца ў Пуэрта-Рыка. Яго вяртаньне ў Гаіці пакуль немагчыма зь меркаваньняў бясьпекі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG