Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чацьвёра дзяцей, падтрымліваў пратэсты і дабраахвотнікаў ва Ўкраіне. Хто такі Мікалай Аляксееў, які стаў ахвярай ФСБ


Мікалай Аляксееў. Архіўнае фота
Мікалай Аляксееў. Архіўнае фота

Расейскія СМІ паведамілі пра гібель беларуса Мікалая Аляксеева ў Расеі, яго нібыта застрэлілі супрацоўнікі ФСБ. Вось, што расказваюць пра яго і ягоную сям’ю знаёмыя.

Паводле крыніц тэлеграм-каналу ASTRA, расейскія сілавікі забілі ў Карэліі 49-гадовага Мікалая Аляксеева, беларуса, які падтрымаў пратэсты 2020 году. Гэта магло адбыцца 6 сакавіка ў Аланецкім раёне Рэспублікі Карэлія. Паводле папярэдніх зьвестак, забілі мужчыну супрацоўнікі ФСБ.

Як высьветліла выданьне, паводле афіцыйнай вэрсіі расейскага сьледзтва Аляксееў нібыта аказаў супраціў пры затрыманьні. Затрымаць мужчыну хацелі ў рамках крымінальнай справы аб «рыхтаваньні да тэракту», якую на Аляксеева завялі ў Карэліі ў той жа дзень. Падстава — Мікалай нібыта зьбіраўся ўзарваць адміністрацыю гораду Аланец.

Адзін з сыноў Мікалая пацьвердзіў сьмерць бацькі выданьню «Наша ніва». Гэта 24 гадовы Ўладзь. Агулам у Мікалая чацьвёра дзяцей.

«У таты чацьвёра дзяцей. Я — яго поўная копія. І быў яго ўлюбёнцам. Мы зь ім заўсёды былі разам. Тата быў выдатным чалавекам. Ён ня мог у кагосьіць стрэліць. Ëн быў глыбокім вернікам, пастаянна маліўся. Мы зь ім разам у храм хадзілі», — сказаў хлопец.

«Ён з жонкай працаваў у фітнэс-клюбе ва Ўруччы»

Як расказалі Свабодзе знаёмыя сям’і Мікалая, ён працаваў разам з жонкай у фітнэс-клюбе ва Ўруччы. Да яго прыходзілі займацца фітнэсам, жонка выкладала зумбу — танцавальны фітнэс. Аляксей быў актывістам руху пратэсту ва Ўруччы, вывешваў сьцягі на дамах. Гэта вынікае і зь яго акаўнту ў Instagram.

Ён рэгулярна зьмяшчаў заклікі з падтрымкай пратэставага руху ў Беларусі.

«Сёньня спаўняецца год з таго дня, калі ў Менску адбыўся самы масавы „ланцуг салідарнасьці“, які працягнуўся ад Курапатаў, месца масавых расстрэлаў часоў СССР, да Акрэсьціна, дзе да гэтага часу, пачынаючы з жніўня 2020 году, адбываюцца катаваньні мірных грамадзян Беларусі, якія не пагадзіліся з падтасоўкай выбараў 9.08.20 і наступным узброеным захопам улады чалавекам, які заве сябе „прэзыдэнтам“», — пісаў Мікалай на сваёй старонцы.

А так актывіст адгукнуўся на гібель Андрэя Зельцара, якога застрэлілі беларускія сілавікі.

«Андрэй Зельцар будзе пахаваны 6 кастрычніка. Чалавек, які кінуў выклік злачыннаму рэжыму. Гібель Андрэя — яшчэ адна нязмыўная пляма на адсутным сумленьні хунты. Вечная памяць герою Беларусі!», — пісаў Мікалай.

Як расказалі Свабодзе знаёмыя сям’і, з Расеі паходзіла жонка Мікалая. Яна пераехала ў Расею першай, да сваякоў у Карэлію. У Беларусі жанчына мела дазвол на жыхарства. Як і калі да яе перабраўся Мікалай, невядома.

«Я ведаю, што ягоная жонка зьехала да сваякоў у Карэлію, а ён яшчэ нейкі час заставаўся ў Беларусі. Недзе ў 2021 годзе мы перасталі перапісвацца», — сказала суразмоўца.

Апошні адкрыты допіс Мікалая ў Instagram прысьвечаны гібелі добраахвотніка Тура (Аляксей Скобля) з Полку Каліноўскага. Ён быў напісаны 14 сакавіка 2022 году.

Знаёмыя добра адгукаюцца пра сям’ю Мікалая.

Паводле інфармацыі аб’яднаньня былых сілавікоў BelPol, Мікалай Аляксееў нарадзіўся ў Віцебску ў 1974 годзе. Зарэгістраваны ў вёсцы Дамашаны Менскай вобласьці, быў дырэктарам прыватнага прадпрыемства, якое займалася раздробным гандлем, цяпер яно ў стадыі ліквідацыі. Мікалай ня быў суджаны, няма і зьвестак пра нейкія крымінальныя справы ў дачыненьні жа яго. Мае толькі адміністрацыйныя пратаколы ад ДАІ.

«Мы мусім працягваць»

У сваім акаўнце «ЎКантакце» Мікалай Аляксееў выказваўся і пра падзеі ў Расеі, зьвязаныя са сьмерцю Аляксея Навальнага.

«Нягледзячы на адмову ў пазовах Надзеждзіну, забойства Аляксея Навальнага, узьніклую ў многіх з вас апатыю і ўяўную безнадзейнасьць, нягледзячы на тое, што ў чатах і сацсетках крамлёўская агентура ўсяляк яе падмацоўвае і імкнецца пасеяць страх... Мы павінны працягваць. Узмацняць актыўнасьць. Абавязкова ідзем на выбары, выкрэсьліваем усіх, пішам Надзеждзін ці Навальны, фатаграфуем і апускаем у урну. Абавязкова падтрымліваем акцыю. Апоўдні Бяз Пуціна а 12.00 у дзень выбараў», — пісаў Мікалай 23 лютага.

Апошні ягоны допіс датуецца 24 лютага, актывіст пісаў пра гадавіну пачатку вайны з словамі падтрымкі ўкраінцам.

ФСБ: Перадухілілі тэракт, які рыхтавалі ўкраінскія спэцслужбы

У ФСБ Расеі паведамілі на гібель беларускага актывіста ў Карэліі. Сілавікі паведамілі, што перадухілілі ў Карэліі тэракт, які плянаваўся спэцслужбамі Ўкраіны з удзелам грамадзяніна Беларусі. Пра гэта са спасылкай на ФСБ піша дзяржаўнае расейскае агентва РІА «Новости».

«ФСБ РФ на тэрыторыі Рэспублікі Карэлія папярэджана падрыхтоўка тэрарыстычнага акта, які плянаваўся спэцслужбамі Ўкраіны з удзелам завэрбаванага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, 1974 года нараджэньня, які зьяўляўся сябрам забароненага ў Беларусі нацыяналістычнага фарміраваньня «Полк імя Кастуся Каліноўскага» і знаходзіўся ў міждзяржаўным росшуку.

Нібыта, Мікалай зьбіраў і перадаваў дадзеныя аб аб’ектах транспартнай інфраструктуры і органаў выканаўчай улады рэгіёна.

У расейскіх праўладных тэлеграм-каналах зьявілася відэа здарэньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG