«Магчыма, былі дапушчаныя нейкія пралікі ў падрыхтоўцы гэтага рашэньня. Калі нешта неабходна выправіць, дык гэта трэба рабіць. Стаматалягічныя паслугі павінны быць даступныя для ўсіх пластоў насельніцтва абсалютна, але пры гэтым трэба не зваліцца ва ўраўнілаўку», — сказаў Галоўчанка.
Пры гэтым, паводле чыноўніка, не павінна пацярпець якасьць наданьня мэдычнай дапамогі — «павінен быць балянс паміж даступнасьцю і якасьцю».
- З 1 лістапада 2023 году ў Беларусі дзейнічае рэгуляваньне тарыфаў на ўсе віды стаматалягічных паслуг. Калі раней у Беларусі дзяржава рэгулявала толькі цэны на артапэдычную стаматалёгію і зубатэхнічныя работы, дык цяпер — таксама на тэрапію, хірургію і артадантыю.
- 3 сьнежня 2023 году набыла моц пастанова аб гранічна максымальных тарыфах на ўсе віды стаматалягічных паслуг. Паводле прагнозаў Мінздароўя, згодна з гэтымі тарыфамі выдаленьне малочнага зуба ў сярэднім павінна было патаньнець на 33% (з 127 да 85,6 рубля), складанае выдаленьне — на 42% (з 479 да 278 рублёў), а лячэньне сярэдняга карыесу — на 47% (з 163 да 86,4 рубля).
- 7 лютага 2024 году галоўны лекар «Унівэрсытэцкай стаматалягічнай клінікі» Аксана Корзун адзначыла, што зьніжэньне тарыфаў на «пэўныя віды стаматалягічных паслуг» не павінна было «аўтаматычна» прывесьці да іх прапарцыйнага патаньненьня. Паводле яе, пасьля пачатку дзеяньня пастановы Мінздароўя зьнізіўся кошт толькі працы стаматолягаў, тады як у «выніковым чэку закладзеныя, напрыклад, такія паказчыкі, як кошт расходных матэрыялаў» — ён, паводле Корзун, не зьмяніўся.
- 19 лютага Хаджаеў заявіў, што перад Мінздароўя стаіць задача вырашыць праблему разьбежкі цаны паміж платнымі паслугамі ў дзяржаўных паліклініках і прыватных цэнтрах «па ўсіх кампанэнтах дапамогі, пачынаючы ад стаматалёгіі і заканчваючы УГД».