Вярхоўны суд скасаваў рашэньне суду штату Каларада, які выключыў Трампа ў сьнежні. Суд у Каларада спасылаўся на артыкул у Канстытуцыі ЗША, які забараняе ўдзельнічаць у выбарах службовым асобам, якія бралі ўдзел у паўстаньні ці мяцяжы.
Суд тады матываваў рашэньне магчымай датычнасьцю Трампа да падзей 6 студзеня 2021 году. Тады натоўп ягоных прыхільнікаў уварваўся ў памяшканьне Кангрэсу, каб сарваць сэртыфікацыю вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, на якіх перамог Джо Байдэн.
Пасьля Каларада Трампу забаранілі балятавацца ў штатах Мэн і Ілінойс. Магчымасьць прыняць аналягічнае рашэньне разглядалі больш за дзесяць штатаў, пісаў часопіс Newsweek.
У пастанове Вярхоўнага суду гаворыцца, што адказнасьць за выкананьне артыкула Канстытуцыі аб забароне кандыдатам удзельнічаць у фэдэральных выбарах ляжыць на Кангрэсе ЗША, а не на штатах. Судзьдзя Эмі Коні Барэт асобна адзначыла, што з рашэньнем згодныя ўсе дзевяць судзьдзяў Вярхоўнага суду.
Вярхоўны суд прыняў рашэньне за дзень да так званага «Супэраўторка», калі ў 16 штатах і на адной тэрыторыі ЗША маюць прайсьці прэзыдэнцкія праймэрыз (папярэднія выбары).