Руслан Шкодзін стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў ад Віцебскай-Чыгуначнай акругі № 19. Апошнія сем гадоў ён служыў вайсковым камісарам Віцебскай вобласьці. Аднак вядомасьць Шкодзін атрымаў найперш як блогер, ён вядзе папулярны акаўнт у сацыяльнай сетцы TikTok.
Шкодзін нарадзіўся ў 1973 годзе ў Віцебску ў сям’і вайскоўца. Скончыў Менскае вышэйшае каманднае вучылішча. Служыў у віцебскім дэсанце. У 2009 годзе быў пераведзены на службу ў вайсковы камісарыят Віцебскай вобласьці. У 2016 годзе ўзначаліў камісарыят. Жанаты, мае траіх дзяцей.
Акаўнт у тык-току ў Руслана Шкодзіна зьявіўся ў кастрычніку 2020 году. У інтэрвію выданьню «Віцьбічы» ваенкам казаў, што да таго пэрыяду амаль не карыстаўся сацсеткамі, але пайшоў на гэты крок, каб «наладзіць даверлівыя адносіны з моладзьдзю».
Шкодзін казаў, што напачатку раіўся зь іншымі папулярнымі блогерамі, як даносіць інфармацыю.
«Кантэнт павінен быць лёгкі і гумарыстычны», — параілі ваенкаму. Сваёй задачай ён называў папулярызацыю службы і разьвенчваньне мітаў пра яе.
Пра што здымае свае ролікі Руслан Шкодзін? Звычайна гэта ягоныя нешматслоўныя камэнтары на іншыя відэа пра армейскую службу, якія зьяўляюцца ў тык-току.
Напрыклад, хлопец выбірае, у чым пайсьці ў ваенкамат, Шкодзін гэта камэнтуе: «Так ты лепш да дзяўчынкі на спатканьне ідзі», «Ну што за мавэтон? Так толькі на разборкі ў 90-я хадзілі», «У такім выглядзе лепш ва ўнівэрсытэт ці школу», «А вось так — да мяне!» Гэтае відэа набрала 7 мільёнаў праглядаў.
Іншы хлопец з доўгімі пазногцямі нібыта доўга зьбіраецца ў ваенкамат, наводзіць макіяж. На гэта Шкодзін рэагуе: «Ведаю, куды цябе адправім служыць, там шмат бруду — танкавыя войскі». Набрала 3,5 мільёна праглядаў.
У відэа Шкодзін нязьменна ў вайсковай форме. Ён робіць заўвагі, куды можна адправіць служыць таго ці іншага маладзёна.
«Увогуле ж зьмест бальшыні відэаролікаў з удзелам Руслана Шкодзіна зводзіцца да сэнтэнцыі „Ў войску зь цябе зробяць чалавека“, прычым ваенкам не бянтэжыцца высьмейваць фізычныя недахопы, сэксуальную арыентацыю, манеру апранацца ці звычкі бавіць вольны час „патэнцыйнага прызыўніка“», — пісаў сайт праваабаронцаў «Віцебская вясна».
На сёньня ў Руслана Шкодзіна 775 тысяч падпісчыкаў, звыш 17 мільёнаў «лайкаў». Штодня ў яго на канале зьяўляецца па некалькі ролікаў.
Калі пачалася вайна ва Ўкраіне, то ваенкам ніяк не зьмяніў фармат свайго каналу. У красавіку 2022 году ў інтэрвію выданьню «Витебские вести» Шкодзін казаў, што ва Ўкраіне «перасталі працаваць законы».
«Я ўпэўнены, што ў гэтай краіне не было правіла, якое дазваляе хапаць чалавека, прывязваць да слупа, каб кожны, хто праходзіць, біў яго палкай. Самае страшнае, што ў самасудзе ўдзельнічалі органы ўнутраных спраў і мясцовай улады», — казаў ваенкам Віцебскай вобласьці.
Пасьля выбараў Шкодзін зрабіў невялікі запіс у тык-ток, дзе сказаў, што «беларусы — прыгажуны, малайцы».
«З гэтымі неабыякавымі людзьмі мы будзем далей будаваць, разьвіваць нашу любімую Беларусь. Мы перамаглі, у нас усё атрымалася», — сказаў будучы дэпутат.
Ці будзе працягваць Шкодзін весьці свой канал і ў Палаце прадстаўнікоў, ён не паведаміў. Раней настолькі папулярных блогераў сярод дэпутатаў яшчэ не было.