Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Згвалтаваная ў Варшаве беларуска памерла ў рэанімацыі. «Дзякую кожнаму за данаты, кантакты, словы падтрымкі і малітвы», — яе хлопец

абноўлена

Здымак паліцыі пасьля затрыманьня падазраванага ва ўчыненьні злачынства
Здымак паліцыі пасьля затрыманьня падазраванага ва ўчыненьні злачынства

Падазраванага арыштавалі, яму пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне.

Памерла 25-гадовая беларуска Лізавета, на якую жорстка напалі ў цэнтры Варшавы. Інфармацыю польскаму выданьню Onet пацьвердзіла Барбара Мяткоўская, прэс-сакратарка клінічнага цэнтру Мэдычнага ўнівэрсытэту Варшавы. Непасрэднай прычынай сьмерці стала гібель мозгу. Жанчына ў цяжкім стане знаходзілася ў аддзяленьні рэанімацыі і анэстэзіялёгіі адной са сталічных лякарняў.

За некалькі дзён у дапамогу ёй сабралі 547 817 злотых (137,4 тысячы даляраў) з заяўленых 800 тысяч. Сродкі перавёў 10 471 чалавек.

Збор аб'явіў хлопец дзяўчыны, які паведаміў, што сам ён ураджэнец Украіны, а яго дзяўчына Лізавета родам зь Беларусі.

Хлопец Лізаветы падзякаваў у сацсетках «за данаты, за кантакты, словы падтрымкі і малітвы. Мы вельмі ўдзячныя лекарам, якія зрабілі ўсё магчымае, каб выратаваць жыцьцё Лізы».

Наконт сабраных сродкаў ён напісаў наступнае:

«Многія з вас цікавіліся, як разьмеркаваныя сродкі, якія мы сабралі. На дадзены момант усе сродкі застаюцца на рахунку Pomagam.pl — мы ня можам іх перавесьці на свой рахунак. Частка грошай будзе выкарыстана на пакрыцьцё выдаткаў на лячэньне, як толькі мы (брат Лізы) атрымаем афіцыйны рахунак ад лякарні. Аб разьмеркаваньні астатніх сродкаў мы будзем узгадняць з Pomagam.pl, і я падрабязна паінфармую вас пра гэта ў справаздачы празь некалькі дзён».

МЗС Беларусі накіравала запыт у Польшчу ў сувязі з інфармацыяй пра сьмерць згвалтаванай у Варшаве беларускі, паведамляе БЕЛТА.

«У беларускія замежныя ўстановы ніякіх зваротаў альбо афіцыйнай інфармацыі па гэтым пытаньні не паступала. Адпаведныя запыты накіраваныя ў праваахоўныя органы Польшчы», — сказалі ў прэс-службе МЗС.

Арышт падазраванага пацьвердзіў у інтэрвію tvp.info прэс-сакратар акруговай пракуратуры ў Варшаве Шыман Банна.

«Суд задаволіў хадайніцтва пракуратуры і прызначыў 23-гадоваму мужчыну арышт на тры месяцы. Суд адзначыў, што сабраныя на цяперашнім этапе разгляду доказы сьведчаць аб высокай верагоднасьці зьдзяйсьненьня інкрымінаванага яму дзеяньня», — сказаў Банна.

Напад адбыўся ў нядзелю, 25 лютага, на вуліцы Журавяй у самым цэнтры Варшавы. 25-гадовая беларуска вярталася дадому, калі на яе напаў мужчына ў масцы.

«Зламысьнік падышоў да сваёй ахвяры ззаду і прыставіў да яе шыі нож. Душачы жанчыну і закрываючы ёй рот, ён сілай адцягнуў яе да суседняй брамы. Аголеную жанчыну, якая ляжала на сходах без прытомнасьці, знайшоў вартаўнік і паведаміў пра ўсё ў паліцыю», — расказаў старшы інспэктар Робэрт Шумята з паліцэйскага пастарунку ў цэнтры польскае сталіцы.

Празь некалькі хвілін на месца злачынства прыбылі паліцыянты, якія выклікалі хуткую дапамогу і да яе прыезду аказвалі пацярпелай жанчыне першую дапамогу. Жанчыну даставілі ў лякарню ў крытычна цяжкім стане.

У той жа дзень затрымалі падазраванага ў гэтым злачынстве.

«23-гадовага падазраванага затрымалі, калі ён выходзіў з дома, дзе наймаў кватэру. Ён быў зьдзіўлены і не супраціўляўся. Падчас агляду памяшканьня, якое ён наймаў, міліцыянты знайшлі і вынялі, сярод іншага, вялікі кухонны нож і балаклаву, якія, праўдападобна, выкарыстоўваліся пры зьдзяйсьненьні злачынства. Ужо вядома, што зламысьнік выкраў у ахвяры два мабільныя тэлефоны, некалькі плацёжных картак і гаманец. Усе гэтыя прадметы міліцыя выняла», — растлумачыў Шумята.

Як перадаў партал NaTemat са спасылкай на радыё RMF FM, у памяшканьні пры ператрусе была дзяўчына затрыманага. Яна была ў шоку, калі даведалася, у чым падазраюць ейнага хлопца. У доме знайшлі таксама кнігу пра сэксуальныя злачынствы.

Выданьне Fakt піша, што некаторыя людзі не зрэагавалі належным чынам на небясьпеку, якая адбывалася побач. Вартаўнік, які заўважыў пацярпелую і апавясьціў паліцыю, ішоў на сваю ранішнюю зьмену.

Падрабязнасьцяў першага допыту падазраванага паліцыя не падае. Вядома, што ён адбыўся 27 лютага.

Затрыманаму выставілі абвінавачаньне ў разбоі, сэксуальных злачынствах і замаху на забойства з ужываньнем небясьпечнай зброі. За гэтыя дзеяньні яму пагражае ад 15 гадоў турмы да пажыцьцёвага зьняволеньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG