Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пагрозу магчымага ўзброенага нападу Расеі ў Польшчы ўспрымаюць сур’ёзна, — аналітык Патоцкі


Пашкоджаны расейскі БТР з надпісам «На Бэрлін» на расейскай мове з памылкай у назве сталіцы Нямеччыны. Сяло Рускія Тышкі ў Харкаўскай вобласьці, 27 сакавіка 2023
Пашкоджаны расейскі БТР з надпісам «На Бэрлін» на расейскай мове з памылкай у назве сталіцы Нямеччыны. Сяло Рускія Тышкі ў Харкаўскай вобласьці, 27 сакавіка 2023

Польскі палітычны аглядальнік, журналіст выданьня Dziennik Gazeta Prawna Міхал Патоцкі адказвае на пытаньне, чаму Варашава павялічвае абаронны бюджэт і на заявы Лукашэнкі ўжо амаль не рэагуе і аналізуе прычыны польска-ўкраінскага збожжавага канфлікту.

Сьцісла:

  • Сацыялягічныя апытаньні паказваюць, што большасьць польскага грамадзтва падтрымлівае рост выдаткаў на абарону.
  • Расея любіць правяраць Захад на прадмет таго, што яна можа дазволіць сабе рабіць супраць сваіх праціўнікаў.
  • Украінцы прапануюць, каб адной з умоваў дамоўленасьці стаў удзел Польшчы ў кампаніі абмежаваньня гандлю з Расеяй і Беларусьсю.
  • Больш за 70 працэнтаў палякаў падтрымліваюць пратэсты фэрмэраў.

— Усё часьцей ад польскіх палітыкаў гучаць даволі катэгарычныя заявы наконт неабходнасьці рыхтавацца да магчымай вялікай вайны. Яны сугучныя з падобнымі заявамі швэдзкіх, нямецкіх, іншых палітыкаў. Наколькі сур’ёзна ў Польшчы разглядаецца імавернасьць таго, што Расея ў сваёй агрэсіі можа пайсьці далей за Ўкраіну і атакаваць краіну NATO, у тым ліку непасрэдна Польшчу?

— Варыянт такой агрэсіі Расеі ў Польшчы ўспрымаецца як ня самы імаверны, але дастаткова верагодны сцэнар. Напрыклад, нядаўна міністар замежных справаў Сікорскі сказаў, што ў Польшчы ёсьць 2-3 гады на мадэрнізацыю войска (а не 5-6 гадоў, як казалі раней).

Міхал Патоцкі
Міхал Патоцкі

Гэта сьведчыць пра тое, што пагроза з Расеі ўспрымаецца даволі сур’ёзна, і сур’ёзьней, чым 2 гады таму. Гэта, вядома, зьвязана і з тым, што сытуацыя на расейска-ўкраінскім фронце цяпер ня самая лепшая. Плюс існуе пагроза, што пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША і магчымай перамогі на іх Дональда Трампа Вашынгтон можа спыніць падтрымку Ўкраіны. Больш за тое, Трамп нават казаў, што ЗША могуць пры пэўных абставінах выйсьці з NATO — вядома, гэта могуць быць перадвыбарныя гульні, але ігнараваць гэта не выпадае.

У Польшчы ёсьць разуменьне таго, што Расея любіць тэставаць, правяраць Захад на прадмет таго, што яна можа дазволіць сабе рабіць супраць сваіх праціўнікаў. І калі Масква адчуе, што настаў добры момант, яна можа справакаваць інцыдэнты на мяжы з Эстоніяй, Латвіяй, Літвой, Польшчай.

— Польшча зараз кардынальна павялічвае свае вайсковыя выдаткі. Паведамляецца, што яны могуць дасягнуць 4% бюджэту краіны, у той час як іншыя краіны NATO так і не выконваюць абавязковага мінімуму ў 2% бюджэту на абарону. Як у польскім грамадзтве і ў палітычнай клясе ставяцца да гэтага падвышэньня, ці ўсе з гэтым згодныя?

— Па-першае, я ня думаю, што гэтая лічба дасягне 4 працэнтаў, там ёсьць нюансы. Аднак можна гаварыць, што наконт гэтага існуе пэўны кансэнсус сярод польскіх палітыкаў. Новы ўрад пацьвярджае намер мадэрнізаваць польскае войска.

Сацыялягічныя апытаньні паказваюць, што гэта падтрымліваецца і большасьцю польскага грамадзтва. Вядома, ёсьць пытаньні, ці добры той ці іншы канкрэтны вайсковы кантракт, ці нельга было дабіцца лепшых умоваў. Аднак стратэгічна ўсе згодныя з неабходнасьцю павялічваць абаронны бюджэт.

— Гэты рост выдаткаў Польшчы на абарону актыўна згадвае і сам Лукашэнка, і ягоныя прапагандысты. Маўляў, Варшава рыхтуецца да вайны, плянуе нападаць на Беларусь. Ці рэагуюць польскія палітыкі на такія заявы Лукашэнкі?

— На заявы Лукашэнкі ў Польшчы фактычна ніхто ўжо не рэагуе. Ён гэта гаворыць ня першы год (і нават не дзясяты). Польская пагроза — гэта сталы элемэнт ягонай прапаганды. У тыя пэрыяды, калі ў яго абвастрэньне ў адносінах з Захадам, ён заўсёды кажа пра пагрозу з Польшчы. Польскія палітыкі больш зьвяртаюць увагу на дзеяньні беларускага рэжыму, а не на словы Лукашэнкі.

— З 1 сакавіка Літва закрывае яшчэ два памежныя пераходы на мяжы зь Беларусьсю. Ці абмяркоўваецца ў Польшчы пытаньне далейшага закрыцьця пераходаў на польска-беларускай мяжы?

— На гэты момант такога пытаньня не разглядаецца, найперш таму, што ў нас засталося ўсяго два пераходы: адзін для пасажыраў, другі для тавараабароту. Закрыць іх — гэта азначае закрыць мяжу ўвогуле.

Такая магчымасьць разглядалася ў 2023 годзе, калі ў Беларусі зьявіліся вагнэраўцы. Пасьля сьмерці Прыгожына гэтая праблема адышла. Хаця ўжо тады міністры Польшчы, Літвы і Латвіі сустракаліся, каб скаардынаваць магчымае закрыцьцё мяжы зь Беларусьсю. На дадзены момант гэта не актуальна, але актуальнасьць можа вярнуцца, калі Лукашэнка ці Масква зноў пачнуць нейкія правакацыі супраць Польшчы. Пакуль жа мы бачым, што і міграцыйны крызіс адышоў: колькасьць незаконных мігрантаў нашмат меншая, чым была яшчэ некалькі месяцаў таму.

Праўда, ёсьць нюанс, зьвязаны з гандлёвым канфліктам Польшчы і Ўкраіны. Украінцы прапануюць, каб адной з умоваў дамоўленасьці стаў удзел Польшчы ў кампаніі абмежаваньня гандлю з Расеяй і Беларусьсю. Яны вельмі цікавяцца, чым мы гандлюем зь беларусамі, што паступае да нас па чыгунцы, у фурах. Таму магчыма, што тут можа быць элемэнт такога кампрамісу — Польшча закрывае нешта ў гандлі зь Беларусьсю, а Ўкраіна ідзе на дамоўленасьці ў пытаньні збожжавай праблемы.

— Чаму гэты канфлікт вакол украінскага збожжа стаў такім маштабным? Восеньню многім здавалася, што гэта ўсё адбітак выбарчай кампаніі ў Польшчы, што выбары пройдуць — і канфлікт хутка будзе вычарпаны. Аднак так не атрымалася, праблема толькі нарастае. Чым гэта можна патлумачыць?

— Бо гэта канфлікт паміж рэальнымі гандлёвымі і эканамічнымі інтарэсамі двух бакоў. І абодва бакі кіруюцца грамадзкай думкай Польшчы і Ўкраіны. Больш за 70 працэнтаў палякаў падтрымліваюць пратэсты фэрмэраў. Таму любая польская ўлада ня можа пайсьці на вельмі істотныя саступкі — тое самае і з Украінай.

Акрамя гэтых рэальных інтарэсаў, вядома, ёсьць і дзеяньні прарасейскіх палітыкаў, якія падаграваюць канфлікт. Але тое, што можна часам прачытаць ва ўкраінскіх СМІ (што ўсё гэта «рука Крамля»), гэта няпраўда. Бо канфлікт выцякае з процістаяньня рэальных інтарэсаў польскіх фэрмэраў і ўкраінскіх вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі.

Для польскіх фэрмэраў адкрыцьцё рынку для ўкраінскіх прадуктаў пасьля 2022 году стала вялікай праблемай, якую немагчыма ігнараваць любому польскаму ўраду.

— Аднак жа гэта нармальная канкурэнцыя, ці ня так? Калі Польшча ўступіла ў свой час у Эўразьвяз, то Заходняя Эўропа адкрыла свае рынкі для польскай прадукцыі і палякі лічылі гэта справядлівым. І францускія фэрмэры, здаецца, супраць гэтага не пратэставалі.

— Тады было шмат пераходных пэрыядаў, гэта не зрабілі ў адзін момант, як цяпер з украінскай прадукцыяй. Па-другое, у абмен за выхад на рынкі палякі вымушаныя былі дастасаваць сваю прадукцыю да заходніх стандартаў. А цяпер адразу, без папярэдніх дамоўленасьцяў, адкрылі рынак для ўкраінскай прадукцыі, каб дапамагчы ўкраінцам выстаяць у вайне. Магчыма, ніхто ня думаў, што вайна будзе такой доўгай і маштабнай. З гледзішча польскіх фэрмэраў, гэта зьнішчае канкурэнцыю.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG