У лісьце сваякам старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў павіншаваў жонку з 44-й гадавінай шлюбу, а таксама паразважаў пра шанцы дажыць да залатога вясельля.
«Праз шэсьць гадоў будзе 50 гадоў нашага супольнага жыцьця. Я раней усё думаў шмат аб гэтай даце. Хацеў бы сабраць кучу гасьцей і адзначыць з размахам. Але зараз, на жаль, погляды сталі больш пэсымістычнымі. Аптымізму паменшала, бо пражыць яшчэ шэсьць гадоў выглядае складанай задачай», — піша Кастусёў у лісьце сваякам.
З 44 гадоў сямейнага стажу ўжо больш за два гады Рыгор Кастусёў разлучаны з жонкай: у 2022-м яго асудзілі на 10 гадоў зьняволеньня. Яшчэ падчас знаходжаньня ў СІЗА ў Рыгора Кастусёва дыягнаставалі рак. З кастрычніка мінулага году палітыка ўтрымліваюць у горадзенскай турме № 1, сёлета ў студзені суд прызначыў яму турэмны рэжым на тры гады.
Рыгор і Ларыса Кастусёвы выгадавалі трое дзяцей. Дачка Галіна, якая цяпер жыве ў Польшчы, успамінае, што адзначэньне гадавінаў шлюбу было ў бацькоўскай сям’і трывалай традыцыяй і адзначалася шчыра ды прыгожа.
«Адзначалі дома, сваёй сям’ёй. Так было і калі мы былі малымі, і калі ўжо вырасьлі, але яшчэ жылі з бацькамі. Тата дарыў маме кветкі, мама гатавала смачныя стравы. Мы зь сястрой дапамагалі. За вячэрай успаміналі мінулае, разглядалі альбомы. Памятаю, на 20-годзедзе мы даслалі ліст зь віншаваньнямі на радыё і папрасілі, каб для бацькоў прагучала песьня Джо Дасэна. У той дзень за вячэрай высьветлілася, што пад гэтую песьню адбыўся іх першы танец. А пазнаёміліся бацькі на вясельлі ў сваіх сваякоў, і гэтую падзею таксама заўсёды з радасьцю згадвалі. Гэта было ў 1979 годзе», — распавяла Галіна.
Яна кажа, што вельмі перажывае пра здароўе бацькі, а таксама за самаадчуваньне маці, якая засталася без падтрымкі мужа. Галіна працягвае верыць, што залатое вясельле сваіх бацькоў сустрэне разам зь імі за сьвяточным сталом.
«Маме сёлета споўніцца 65 гадоў. Яна на пэнсіі. Так было б добра — спакойна падрыхтавацца, адзначыць 50-годзьдзе як мае быць: сярод дзяцей, унукаў, родных і блізкіх. Усё ж маем надзею, што так і будзе. Так павінна быць», — падзялілася думкамі аб бацьках дачка Рыгора Кастусёва.
У красавіку Кастусёву споўніцца 67. З горадзенскай турмы ад палітыка даходзяць лісты, а вось званкоў ён пазбаўлены. Умовы ў турме Рыгор Кастусёў называе цяжкімі. Вядома, што, акрамя анкалёгіі, Рыгора Кастусёва турбуе варыкоз ног.
Старшыня закрытай уладамі партыі БНФ Рыгор Кастусёў быў асуджаны паводле 357-га артыкулу Крымінальнага кодэксу за нібыта «змову з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам». Беларускія праваабаронцы прызналі Рыгора Кастусёва палітвязьнем.