Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адпомсьціў начальнік, схапілі на працы, адміністратар у сацсетках. Хто ў Беларусі рызыкуе трапіць на «суткі»


Менская турма на завулку Акрэсьціна, 2020
Менская турма на завулку Акрэсьціна, 2020

Ад 2020 году праз рэпрэсіі прайшлі дзясяткі тысяч беларусаў. Праваахоўныя органы не спыняюцца ў пошуках ворагаў. Расказваем пра новыя мэтады іх працы.

Нашы суразмоўцы нядаўна правялі розныя тэрміны ў ізалятарах Беларусі. Яны падзяліліся як сваім досьведам пападаньня за краты, так і гісторыямі тых, з кім разам правялі па 15-30 дзён.

На «суткі» замест новай працы

Пасьля 2020 году на кожным дзяржаўным прадпрыемстве і ў кожнай арганізацыі ўвялі пасаду намесьніка кіраўніка ў бясьпецы і пэрсанале. Яна можна называцца па-рознаму, але сутнасьць застаецца аднолькавай — службовая асоба сочыць за супрацоўнікамі і выяўляе сярод іх «нядобранадзейных». Часта такія пасады займаюць былыя супрацоўнікі КДБ ці былыя міліцыянты. Пры ўладкаваньні на новую працу чалавека прапускаюць праз праверкі, характарыстыкі, агляд тэлефонаў.

«Чалавек займаў пасаду начальніка цэху на адным з заводаў. Ён зьбіраўся перайсьці на іншы завод, бо там быў большы заробак. Дырэктар не хацеў яго адпускаць, нават абяцаў павысіць заробак. Але чалавек быў амбітны, ды і з дырэктарам у яго былі не лепшыя, мякка кажучы, стасункі», — расказаў нам Сяргей (імёны ўсіх суразмоўцаў зьмененыя дзеля бясьпекі. — РС).

Паводле суразмоўцы, начальнік цэху ўсё-ткі пайшоў на гутарку на іншы завод. Ён ведаў, што пры працаўладкаваньні могуць праверыць падпіскі ў тэлефоне, таму ўсё пачысьціў. Выдаліў профіль у сацыяльнай сетцы. Але пры ўладкаваньні на новую працу патрабуюць характарыстыку зь мінулай.

«І дырэктар, каб адпомсьціць яму, напісаў у характарыстыцы, што той мае „антыканстытуцыйныя погляды“. У выніку яму ў міліцыі паказалі скрын з падпіскай на „экстрэмізм“ у ягоным былым акаўнце і кінулі на „суткі“. Зразумела, што цяпер ён ня мае ані старой, ані новай працы», — расказаў Сяргей.

Яшчэ адзін выпадак адбыўся пры ўладкаваньні на працу. Іншы былы «адміністрацыйны арыштант» Максім расказаў Свабодзе, што ў ягонага знаёмага праверылі тэлефон пры працаўладкаваньні і знайшлі там «нешта забароненае».

«Супрацоўнікі прадпрыемства самі яго скруцілі і выклікалі міліцыю. Вынік — „суткі“ і „воўчы білет“, калі не ўладкуесься нікуды, бо раптам стаў „экстрэмістам“», — кажа Максім.

Украінскія карані

Свабода шматкроць пісала, што беларускія спэцслужбы маюць цікавасьць да грамадзян Украіны, якія стала жывуць у Беларусі. Іх арыштоўваюць як у крымінальных справах, так і затрымліваюць без акрэсьленых абвінавачаньняў. Так было з украінцамі, якія вярталіся на акупаваныя тэрыторыі празь Беларусь. Яны два месяцы праседзелі ў гомельскім ІЧУ.

Суразмоўца Арцём расказвае, што падчас ягонага знаходжаньня ў ізалятары часовага ўтрыманьня там было шмат этнічных украінцаў.

«Іх часта дапытвалі і „бралі на понт“. Маўляў, прызнавайся — ты ж фатаграфаваў і адпраўляў вайсковую тэхніку? На іх нічога не было, але вось такім чынам шукалі хоць што. Фактычна бралі за падпіскі, потым ужо старанна шукалі што-небудзь на крымінальную справу», — тлумачыць Арцём.

Ён гаворыць, што ў ІЧУ зь ім сядзелі ўкраінцы, тата і сын. «Апалітычныя, але прычапіліся і да іх. Многіх этнічных украінцаў спачатку бяруць, потым ужо нешта шукаюць на іх у тэлефонах ці падчас допытаў», — дадаў Арцём.

Адміністратары буйных суполак у сацыяльных сетках

Як даведалася Свабода, органы пачалі праяўляць падвышаную ўвагу да адміністратараў суполак у сацыяльных сетках. У тым ліку тых, якія ніякім чынам не праяўлялі сябе ў 2020-м ці пазьней і дзеляцца толькі тэматычнымі пастамі: пра бясьпеку на дарогах, аварыі і гэтак далей.

«Узялі такога адміністратара. У яго толькі „ВКонтакте“ больш за 300 тысяч падпісчыкаў. Але гэта абсалютна нэўтральная група, там не было ніколі ніякай палітыкі. Яны яго пачалі дапытваць: „Ці выходзілі на цябе „бэчэбэшнікі“, ці прасілі прадаць групу? Ці атрымліваў ты грошы ад „бэчэбэшнікаў“, пакажы свае рахункі“. Асабліва іх цікавіла сыстэма PayPal», — кажа Арцём.

Паводле яго, на адміністратара нічога не знайшлі, пасьля «сутак» вызвалілі.

«Але цяпер я ўбачыў, што суполка, адміністратар якой трапіў за краты, усё-такі прадаецца. У групе напісана, што «шукаем варыянты супрацоўніцтва і продажу», — кажа суразмоўца.

Празь няўважлівасьць

Яшчэ адзін суразмоўца Свабоды, Міхаіл, расказвае пра тое, што за краты трапляюць нават за падпіскі ў сацсетках, зробленыя каля 10 гадоў таму.

«Сядзелі людзі за падпіскі ў „Аднаклясьніках“ у 2015 годзе. Яны ўжо нават забылі свае паролі там, закінулі профілі. Але нехта знайшоў жа і здаў іх», — кажа Міхаіл.

Суразмоўца расказвае, што адбываў «пакараньне» з начальнікам зьмены на заводзе.

«Той у працоўную суполку закінуў, з добрымі намерамі, зьмены ў працоўнае заканадаўства. Праблема была ў тым, што спасылка вяла на „экстрэмісцкі“ сайт. Таму — „суткі“ і, хутчэй за ўсё, звальненьне», — гаворыць суразмоўца.

Таксама ён апісаў гісторыю «арыштанта», які выйшаў п’яны з бару і яго затрымала міліцыя за знаходжаньне ў грамадзкім месцы ў стане алькагольнага ап’яненьня.

«Потым ужо праверылі тэлефон і — „недарэчная сьмерць“, бо так ён нікому ня быў патрэбен, а тут адразу стаў „экстрэмістам“», — дадаў Міхаіл.

Ён расказаў, што на ізалятары сустракаў футбольных фанатаў, маці былога палітвязьня, выкладчыцу ўнівэрсытэту.

«Таварыскі суд» і грамадзкае ганьбаваньне

Міхаіл расказаў, як беларусы, якія разам зь ім адбывалі «суткі», трапілі на «таварыскі суд» і атрымалі там «грамадзкае ганьбаваньне». Паседжаньні, на якіх публічна абмяркоўваюцца паводзіны супрацоўнікаў дзяржпрадпрыемстваў, называюцца «Саветы грамадзкіх пунктаў аховы правапарадку». Яны фармуюцца па тэрытарыяльным прынцыпе. У склад «Саветаў» уваходзяць міліцыянты і «грамадзкасьць» — звычайна гэта намесьнікі дырэктараў прадпрыемстваў гэтага раёну, настаўніцы, сацыяльныя службы.

Максім расказаў, што беларусы-«экстрэмісты», якія былі зь ім у ізалятары, таксама трапілі на такі «таварыскі суд».

«Маіх таварышаў на няшчасьці павезьлі на чарговы суд, прычым быў ён у будынку міліцыі. Пасьля суду людзі засталіся за кратамі ў аддзеле. У гэты час міліцыянты сварыліся паміж сабой. Бо ім трэба было назьбіраць па раёне бяздомных і п’яніц і завезьці на той „савет“. Яны крычалі: „Дзе мы ім тых бічоў знойдзем?“, потым жа нехта „надта разумны“ вырашыў замест „асацыяльных грамадзян“ завезьці „змагароў“», — расказаў Максім.

Так арыштаваныя за «экстрэмізм» трапілі да «прадстаўнікоў грамадзкасьці».

«У іх пыталіся: „Што вас не задавальняе ў краіне? Навошта вам тыя падпіскі?“ і ўсялякае такое глупства», — дадаў Максім.

У дзяржаўных выданьнях пішуць, што «саветы грамадзкіх пунктаў аховы правапарадку» — першае зьвяно ў прафіляктычнай працы зь п’яніцамі, сямейнымі скандалістамі і іншымі грамадзянамі, якія з той ці іншай прычыны ня могуць упісацца ў агульнапрынятыя нормы маралі і паводзін. Мэта — узьдзейнічаць на сьвядомасьць грамадзян, якія памыліліся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG