Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Глядзелі адзін на аднаго і плакалі». Сын памерлага палітвязьня Ледніка пра апошнюю размову з бацькам


Ігар і Аляксандар Леднікі, каляж
Ігар і Аляксандар Леднікі, каляж

«Тату аказвалі дапамогу ў турме, я не магу кагосьці абвінавачваць. Але на волі гэта маглі б зрабіць лепш», — кажа сын Ігара Ледніка.

Ігара Ледніка ня стала 20 лютага 2024 году. Ён стаў як мінімум пятым ад 2020 году палітвязьням, які памёр у турме. Ледніку было 63 гады, ён зьяўляўся сябрам зьліквідаванай уладамі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада». Мужчыну асудзілі на тры гады калёніі паводле артыкулу «Паклёп на прэзыдэнта» за публікацыю ў партыйным часопісе «Пазіцыя».

У турме Ігару Ледніку рабілі апэрацыю на страўнікава-кішачным тракце, у яго была інваліднасьць 2-й ступені па хваробе сэрца. Памёр сацыял-дэмакрат у Менскай раённай лякарні, куды яго даставілі на рэабілітацыю з Бабруйскай калёніі. Афіцыйная прычына сьмерці — спыненьне сэрца.

Пра Ігара Ледніка са Свабодай пагадзіўся паразмаўляць ягоны сын Аляксандар. Ён расказаў, якую яны музыку слухалі з татам, як бацька ставіўся да свайго здароўя і пра што пісаў з турмы.

«Барысавец ад пачатку і да канца»

Аляксандар — адзіны сын Ігар Ледніка. У 2017 годзе ён пераехаў зь Беларусі ў Ізраіль, цяпер працуе ў сфэры ІТ.

«Тата нарадзіўся ў Менску. Але ён барысавец ад пачатку і да канца — па самаадчуваньні, біяграфіі і геаграфіі. Ён сябе адчуваў менавіта барысаўцам, амаль усё жыцьцё пражыў у гэтым горадзе, гэта быў ягоны дом. У таты быў бізнэс, зьвязаны з Масквой, ён нейкі час жыў у Нямеччыне, але ўсё круцілася вакол Барысава», — пачынае аповед Аляксандар.

Аляксандар Леднік
Аляксандар Леднік

Сын ня памятае тых часоў, калі бацька працаваў у найме. Нават самыя раньнія ўспаміны зьвязаныя з тым часам, калі Леднік-старэйшы займаўся бізнэсам.

«Асноўнай дзейнасьцю бізнэсу, як я разумею, была купля і продаж прадукцыі барысаўскага „Лесахіміка“. Калі гаварыць у двух словах, то тата пабудаваў бізнэс з нуля не адзін, не без дапамогі. Так атрымалася, што ў пэўны момант нехта прыйшоў і сказаў тату, што яму варта займацца чымсьці іншым, а тут, маўляў, ёсьць людзі. Тады ён адчуў несправядлівасьць. У той момант і пачаўся ягоны грамадзкі шлях».

Дзесьці ў пачатку 2000-х Ігар Леднік апынуўся за кратамі ў крымінальнай справе, якую ён лічыў сфабрыкаванай. У СІЗА мужчына правёў каля васьмі месяцаў, абвінаваўчы прысуд у той справе так і ня быў вынесены.

«Для яго было важна адстойваць справядлівасьць, ён лічыў абуральным, што ўсё робіць паводле закону, але ў яго адціскаюць бізнэс. Я ня ўпэўнены, ці там было клясычнае „адціснулі“. Але дакладна, што тата ў тым бізнэсе больш працаваць ня змог», — расказвае сын.

«Чалавек, які разьбіраецца ў тэме»

Менавіта падчас першага зьняволеньня Ігар Леднік захапіўся юрыспрудэнцыяй.

«Для мяне гэта быў чалавек, які заўсёды самаадукоўваўся. І гэты фокус з самаадукацыяй ён трансьляваў усім вакол, у тым ліку і мне. Не такая важная „корачка“ (хаця вышэйшая адукацыя ў яго таксама была), трэба быць адкрытым да новага. Гэта тычыцца, напрыклад, юрыспрудэнцыі. Там тата, мне здаецца, мог бы абараніць доктарскую».

Сын расказвае, што калі бацька пачынаў гаварыць на юрыдычныя тэмы, то было відаць, што перад вамі чалавек, які глыбока разьбіраецца ў гэтай сфэры.

Ігар Леднік
Ігар Леднік

«Яму спадабалася, калі я зь ім падзяліўся тэрмінам Subject Matter Expert. Гэта значыць „чалавек, які разьбіраецца ў тэме“. Яму падабалася такое пазыцыянаваньне сябе».

Аляксандар апавядае, што бацька стараўся трымаць яго крыху ўбаку ад сваёй дзейнасьці, але пры гэтым усё адно пастаянна праводзіў асьвету.

«Яму было важна, каб я ніяк не пацярпеў, але адначасова важна, каб я разумеў яго, чаму ён робіць менавіта так. Ён дзяліўся сваімі інтарэсамі, нешта браў ад мяне. У тым ліку захапленьне лічбавымі тэхналёгіямі. Ён разумеў, што быць каля яго няпроста і небясьпечна. Магчыма, тата трымаў нейкую дыстанцыю, каб аблегчыць мне і сям’і жыцьцё».

«Аплацілі дадатковы білет кацяняці»

Бацькі Аляксандра разышліся, калі хлопцу было восем гадоў, ён застаўся з маці. Але бацька працягваў заставацца ў ягоным жыцьці.

«Мы жылі асобна, але ў адным горадзе. Тата ня быў штодзённа побач, але мы часта бачыліся. У нас былі сумесныя традыцыі, напрыклад паход у кіно. Часта нават не было важна, на які фільм ісьці ў кінатэатар».

Сын успамінае гісторыю, як Ігару Ледніку атрымалася ўгаварыць супрацоўнікаў кінатэатра пусьціць іх у залю, калі на сэанс ніхто не прыйшоў.

«Мы прыйшлі ў кінатэатар „Радзіма“ ў Барысаве. І нам не хацелі прадаваць квіткі, бо для дваіх запускаць фільм ня бачылі сэнсу. І тата пераканаў іх пусьціць нас, калі мы купім тры білеты. Мы сядзелі ўдвух, а па залі бегала кацяня. Мы сьмяяліся, што аплацілі дадатковы білет кацяняці. Фільма зусім ня помню, мабыць, там была нейкая абсалютная лухта, але гэта ня важна».

«Пастаўце чарку на магіле мне»

Другой вельмі важнай старонкай у захапленьнях Ігара Ледніка была музыка, расказвае сын.

«Усё жыцьцё тата адукоўваў мяне ў пытаньнях музыкі. Ад самага дзяцінства я даведаўся ад яго пра хард-рок. У нас увесь час ігралі дома AC/DC, Aerosmith, Pink Floyd. У пачатку 2000-х я даведаўся ад таты пра Evanescence і Linkin Park, а паралельна яго таварышы падказалі, што ёсьць такі гурт, як N.R.M., і што гэта фактычна беларускі Rammstein. Паколькі Rammstein мы таксама любілі, то вырашылі, што трэба паслухаць».

Ігар Леднік, архіўнае фота
Ігар Леднік, архіўнае фота

З таго моманту сын і бацька сталі адкрываць для сябе і беларускую музыку. Апроч N.R.M., гэта таксама былі «Крама», «Палац».

«Прыкладна ў 2004-2005 гадах зьявіліся такія цяжкія гурты, як „Таварыш Маўзэр“ і „Тарпач“. Гэта былі мае першыя цяжкія канцэрты, мне было гадоў дванаццаць. Тата мяне туды адводзіў і забіраў. У нейкі момант я сам стаў дзяліцца зь ім музыкай. Падказаў яму System of a Down і Slipknot. Тата паслухаў і кажа: „Армяне — супэр! (Гурт System of a Down заснаваны амэрыканцамі армянскага паходжаньня Сержам Танк’янам і Даронам Малак’янам. — РС), а гэтыя хлопцы ў масках (Slipknot. — РС) — нейкія блазны“. Так вось мы дзяліліся сваімі адкрыцьцямі».

Таксама штомесяц бацька і сын разам чыталі часопіс Rolling Stone, абмяркоўвалі яго зьмест. Аляксандар Леднік называе гэта «адной зь мілых традыцый дзяцінства».

«Калісьці быў такі зборнік „Песьні свабоды“, і там была кампазыцыя „Палаца“ „Сьпейце мне“. Тата вельмі любіў фразу з гэтай песьні: „Калі я, можа быць, зусім стамлюся, закрыю вочы, не нясіце кветкі. Пастаўце чарку на магіле мне і сьпейце песьню, як гуляюць дзеткі“. Мы рабілі акцыю памяці таты ў Тэль-Авіве, і я палічыў сымбалічным уключыць гэтую песьню».

«Дзейнасьць не прыносіла вялікіх грошай»

Аляксандар гаворыць, што ягонае дзяцінства нельга было назваць вельмі забясьпечаным.

«Дзейнасьць таты не прыносіла вялікіх грошай, ён нас не кідаў ніколі, але і вялізнай падтрымкай гэта не назавеш. Сям’і ў цэлым было вельмі няпроста. Я, з аднаго боку, разумеў жаданьне таты змагацца (інакш ён ня мог), але быў і адваротны бок мэдаля».

Аляксандар успамінае, як пайшоў з бацькам на фільм з удзелам Леанарда Дзі Капрыё «Злаві мяне, калі зможаш». Ігару вельмі падабаліся там стасункі галоўнага героя зь ягоным татам.

«Магчыма, ён бачыў нейкія паралелі з намі ў той стужцы».

«Праблемы зь лёгкімі, сэрцам, вачыма»

Што тычыцца здароўя, то моцным яно ў Ігара Ледніка ніколі не было. Аляксандар кажа, што яшчэ ў 2017 годзе, калі ён выяжджаў зь Беларусі, назваць бацьку цалкам здаровым чалавекам было немагчыма.

«Цяжкі асабісты момант. Мне здаецца, што тата ня вельмі сябе шкадаваў. Калі была магчымасьць сябе паберагчы ў пляне здароўя ці далей ісьці ў бой, ён выбіраў другі варыянт. Здароўе станавілася ўсё горш і горш. У яго былі праблемы зь лёгкімі, сэрцам, вачыма».

Ігар Леднік праходзіў мэдкамісію, каб засьведчыць сваю інваліднасьць наступнай ступені. Ён гэта рабіў, каб мець большую пэнсію, ільготы, атрымліваць лягчэй лекі.

«Але ён так і не давёў гэта да канца, для яго гэта было менш прыярытэтна сярод іншых яго праектаў».

«Пісаў, каб мы трымаліся»

Пакуль Ігар Леднік знаходзіўся на волі, яны пастаянна сазвоньваліся з сынам. А вось з калёніі Леднік-старэйшы змог патэлефанаваць Аляксандру толькі аднойчы.

«Ён патэлефанаваў ранкам. У нас было пяць хвілін, і большую частку гэтага часу мы проста глядзелі адзін на аднаго і плакалі, але гэта хоць нешта».

Аляксандар расказвае, што зрэдку ад бацькі прыходзілі лісты, але яму нават цяжка сказаць, зь якой рэгулярнасьцю.

«У асноўным пісаў, каб мы трымаліся, перадаваў вітаньні. Шмат пісаў дэталяў пра стан свайго здароўя. Яму зрабілі апэрацыю, і пасьля гэтага ўвесь час трэба было перадаваць пакеты».

Сын кажа, што ў бацькі была неймаверная здольнасьць падтрымліваць людзей, яму было гэта неабходна. Хаця сам не заўсёды ўмеў прымаць дапамогу.

«Гэта праяўлялася ў розных дробязях. Зь дзяцінства памятаю, як праходзілі міма бабак на лавачках, як ён пасядзіць зь імі, спытае пра іхныя справы. Я думаў: „Тата, ну ты ўчора ж зь імі гаварыў! Што ў іх можа зьмяніцца?“ А ён лічыў гэта важным: ім было прыемна, і яму таксама ад гэтага. Калі ў таты была вялікая колькасьць знаёмых на барысаўскім рынку, то таксама ва ўсіх пытаўся, чым ім можа дапамагчы. Калі бацькі разьвяліся і спачатку памёр дзядуля па мамінай лініі, а потым бабуля, то тата быў побач, дапамагаў».

«Страта ня толькі для мяне»

Аляксандар Леднік кажа, што бацька, хутчэй за ўсё, разумеў, чым для яго можа скончыцца зьняволеньне. Перад тым, як яго арыштавалі ў крымінальнай справе, двойчы судзілі ў адміністрацыйных. Вынікі тых справаў — 10 і 15 дзён арышту.

«Я ня змог тады і не змагу цяпер залезьці да яго ў галаву, каб зразумець, як ён прымаў рашэньне застацца. Калі б ён хацеў, то былі людзі і магчымасьці для выезду з краіны. Калі вялікую колькасьць нашых размоваў сабраць у нейкае рэзюмэ, то тата казаў: „Мне трэба дарабіць вось гэтую справу, а потым я падумаю“. Празь нейкі час у яго зьяўлялася новая справа, потым яшчэ адна і яшчэ. Заўсёды было нешта важнейшае за яго самога».

Сын кажа, што таемна спадзяваўся ўсё ж убачыць бацьку на волі. Што тычыцца сьмерці за кратамі, то Аляксандар прыйшоў да такіх высноваў.

«Ня ведаю ўсіх дэталяў, скажу некалькі тэзісаў. Першы: ня думаю, што турма дапамагла яму са здароўем. Другі: яму дакладна аказвалі дапамогу, прычым неаднойчы. Трэці: па-за турмой родныя, блізкія і сябры маглі дапамагчы лепш. Зь імі працавалі лекары, я не магу гэтых людзей у чымсьці абвінавачваць, але па-за турмой яму маглі б дапамагчы».

Аляксандар называе свайго бацьку абсалютным аптымістам, які ўражваў сваёй стойкасьцю і непахіснасьцю.

«Вельмі цяжкая страта. Я спрабую перасабраць гісторыю, каб зразумець, што адбывалася ў ягоным жыцьці і маім. Я ня быў паглыблены ў ягоную дзейнасьць, але разумею, што гэта страта ня толькі для мяне, але і для іншых людзей».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG