26 лютага Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком Місіі назіральнікаў ад СНД Сяргеем Лебедзевым. На сустрэчы таксама прысутнічаў міністар замежных спраў Сяргей Алейнік.
«Мы, зыходзячы з ужо майго досьведу, спрабуем прааналізаваць хаду гэтай кампаніі. І бачым, што цяперашнюю ўладу падтрымліваюць больш за 87% насельніцтва. Адназначна падтрымліваюць. Ёсьць невялікая колькасьць тых, хто вагаецца. Натуральна, ёсьць і незадаволеныя людзі. Мы гэта выдатна разумеем. Таму ў гэтым электаральным цыкле нам трэба аналізаваць і рабіць адпаведныя высновы, трэба сёе-тое выпраўляць. Такіх праблем у нас няшмат. Мы за год іх падцягнем, выправім. І я ўпэўнены, што людзі яшчэ ў большай колькасьці прыйдуць на прэзыдэнцкія выбары», — цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.
Пры гэтым Лукашэнка адзначыў, што на цяперашніх выбарах была нечакана высокая для яго яўка. Паводле Цэнтральнай выбарчай камісіі, яна склала 73,09%.
Паводле праваабаронцаў, выбары 25 лютага і датэрміновае галасаваньне прайшлі зь парушэньнямі.
На выбарах не было незалежных беларускіх і замежных назіральнікаў; у дэпутаты балятаваліся выключна ляяльныя рэжыму людзі; напярэдадні і падчас выбараў сілавікі затрымлівалі і запалохвалі людзей, якія, на іх думку, маглі пратэставаць супраць вынікаў; тысячы беларусаў, у тым ліку апазыцыйныя дзеячы, вымушана пакінулі краіну і нават не маглі прагаласаваць за мяжой, бо выбарчыя ўчасткі былі адкрытыя толькі на тэрыторыі Беларусі; у краіне амаль 1,5 тысячы палітвязьняў.
Што трэба ведаць пра Адзіны дзень галасаваньня – 2024
- 25 лютага 2024 году ў Беларусі праходзіць так званы Адзіны дзень галасаваньня, у рамках якога выбіраюць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня і дэпутатаў мясцовых саветаў 29-га скліканьня.
- Пратаколы з камісій павінны паступіць у ЦВК не пазьней за 29 лютага.
- Датэрміновае галасаваньне праходзіла з 20 па 24 лютага. ЦВК заявіла, што за 5 дзён датэрмінова прагаласавалі 41,71% грамадзян, якія ўключаныя ў сьпісы для галасаваньня.
- Парог яўкі на гэтых выбарах адменены — яны адбудуцца пры любой колькасьці выбарнікаў. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма, як і апазыцыйных кандыдатаў. Прозьвішчы сябраў выбарчых камісіі засакрэчаныя. На ўчастках узмацнілі ахову.
- Перадвыбарная агітацыя праходзіла з 31 студзеня па 24 лютага, рэгістрацыя кандыдатаў — з 16 студзеня да 30 студзеня.
- Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падкрэсьлілі, што ў сувязі з рэпрэсіўнымі рызыкамі будзе працаваць экспэртная місія, а не «клясычнае» назіраньне, якое ажыцьцяўлялася падчас ранейшых кампаній.
- Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч лічыць, што Лукашэнка разглядае выбары як «ваенную апэрацыю». Ён упэўнены, што абсалютная большасьць як сярод прыхільнікаў, так і сярод праціўнікаў Лукашэнкі выдатна разумее, што ў сёньняшніх умовах гэта суцэльная імітацыя.
- Улады вырашылі не запрашаць АБСЭ для назіраньня празь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ). АБСЭ cкрытыкавала ўлады Беларусі за гэтую адмову.
- Кіраўнік штабу місіі назіральнікаў ад СНД Леанід Анфімаў заявіў, што ў Вярхоўны суд падалі 6 скаргаў аб выбарах. Назіральнікі ад СНД прапанавалі іх лічыць «неабгрунтаванымі».
- Выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня адбудуцца 4 красавіка 2024 году. Вылучэньне кандыдатаў у члены СР мясцовымі саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі павінна адбыцца не пазьней за 21 сакавіка 2024-га.
- Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазыцыі. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма: Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (БДІПЧ АБСЭ) запрашэньня не атрымала.
- На гэтых выбарах няма і апазыцыйных кандыдатаў — да выбараў дапусьцілі толькі ляяльных рэжыму кандыдатаў. Паводле кіраўніка ЦВК Ігара Карпенкі, усе 12 скаргаў на адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты (у тым ліку 2 скаргі ў суды) адхілілі.
- Па выніках датэрміновага галасаваньня ЦВК даў справаздачу аб рэкорднай яўцы выбарнікаў — 41,71%. Незалежныя назіральнікі называюць датэрміновае галасаваньне адным з мэханізмаў масавых фальсыфікацый.
- З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.