Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уся выбарчая кампанія — «барацьба добрага зь яшчэ лепшым» у стылістыцы сацрэалізму, — Быкоўскі


На выбарчым участку ў Горадні ў 2020 годзе
На выбарчым участку ў Горадні ў 2020 годзе

Палітычны аналітык і мэдыяэкспэрт Паўлюк Быкоўскі аналізуе, зь якім пасланьнем ішлі на выбары кандыдаты ад улады, адзначае, чым гэтая кампанія стала ўнікальнай, і адказвае на пытаньне, навошта і Лукашэнка, і сілавікі ўзмацняюць напружанасьць у грамадзтве і дзяржаве

Сьцісла:

  • Усе кандыдаты заяўлялі, што выступаюць за мір, дабрабыт і стабільнасьць.
  • Не гучала ніякай крытыкі ўладаў, нават на тым узроўні, што, маўляў, мясцовыя ўлады недзе недапрацоўваюць.
  • Нават дзяржаўным журналістам было вельмі складана паказаць, чым гэта кампанія магла быць цікавай.
  • Варыянты пратэстаў зараз выглядаюць эфэмэрнымі, але Лукашэнка памятае досьвед 2020 году.

— Якім быў агульны наратыў праўладных (а іншых гэтым разам і не было) кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў? Які мэсыдж яны даносілі да выбарнікаў у рамках афіцыйных формаў агітацыі?

— Збольшага немагчыма было пабачыць чагосьці нават мінімальна падобнага на дыскусію паміж кандыдатамі. Бо яны ўсе, як і старшыня ЦКВ Карпенка, заяўлялі, што выступаюць за мір, дабрабыт і стабільнасьць. Слова «стабільнасьць» стала цяпер радзей ужывацца, але сэнс гэты застаўся: усе павінны выказвацца за захаваньне таго, што ёсьць.

Кандыдаты не казалі, што яны хочуць дыскутаваць, абмяркоўваць розныя шляхі разьвіцьця, — і блізка такога не было. Казалі часьцей пра тое, як важна ўсім узяць удзел у выбарах. Але што канкрэтна яны прапануюць, так і не было сказана. Некаторыя заяўлялі, што яны выслухалі «наказы выбарнікаў».

— Ці кандыдаты пераймаліся тым, каб ствараць бачнасьць нейкіх сустрэч з выбарнікамі, пікетаў, наведваньня працоўных калектываў, каб потым справаздачу пра гэта магла даць афіцыйная прэса? Ці нават такой фармальнай імітацыі на гэты раз не рабілася?

— Я не магу заяўляць, што пікетаў ці сустрэч зусім не было. Але яны дакладна ня сталі нейкім фактам, які б абмяркоўваўся ў грамадзтве ці нават у афіцыйнай прэсе. Калі і былі сустрэчы, то яны не прыцягнулі ўвагі нават дзяржаўнай прэсы.

Паўлюк Быкоўскі
Паўлюк Быкоўскі

Кандыдаты ў Палату прадстаўнікоў гаварылі пра асартымэнт тавараў у крамах, пра якасьць пітной вады — рэчы, вельмі далёкія ад палітыкі. Не гучала ніякай крытыкі ўладаў, нават на тым узроўні, што, маўляў, мясцовыя ўлады недзе недапрацоўваюць. Усё выглядала толькі як барацьба добрага зь лепшым, нібы ў фільмах і кнігах у стылістыцы сацыялістычнага рэалізму. Але гэта ня тое, што можа прыцягнуць увагу выбарнікаў. Нават дзяржаўным журналістам было вельмі складана паказаць, чым гэта кампанія цікавая.

— Ці можна канстатаваць, што вось гэтым цяперашняя кампанія кардынальна адрозьнівалася ад усіх папярэдніх выбарчых кампаніяў? Ранейшыя таксама цалкам кантраляваліся ўладай, але атмасфэра была іншая. Бралі ўдзел і апазыцыйныя кандыдаты, выпадковыя асобы, былі пэўныя дыскусіі, прапановы, ідэі — цяпер нічога гэтага няма.

— Менавіта так. Можна сказаць, што калі раней былі «аддушыны» (на радыё і тэлевізіі выступалі кандыдаты з рознымі палітычнымі поглядамі, нешта рэзкае антыўладнае заяўлялі), то зараз нічога такога няма зусім.

Адбываліся нават забаўныя ў пэўным сэнсе рэчы. Па адной акрузе ідзе кіраўнік партыі «Белая Русь» разам зь сябрамі сваёй партыі. Відаць, гэта зроблена, каб не было галасаваньня «супраць», каб стварыць імітацыю канкурэнцыі.

— У большасьці акруг зразумела, хто стане дэпутатам, аднак у некалькіх адбываліся пэўны зьмены ў самы апошні момант. Чаму? Да таго ж яшчэ на этапе рэгістрацыі ўлады не прапусьцілі нават ідэйна блізкіх актывістаў, якія, аднак, не ўваходзяць у падрыхтаваныя сьпісы будучых дэпутатаў. А вось Вользе Бондаравай дазволілі зарэгістравацца кандыдаткай у Менскі гарсавет і праводзіць пікеты.

— Ёсьць ініцыятыўныя людзі, ляяльныя да рэжыму, але ня ўключаныя ў сыстэму. І сыстэма іх проста выкарыстоўвае ў сваіх мэтах. Ім дазваляюць праяўляць сваю актыўнасьць настолькі, наколькі гэта карысна рэжыму. Але можа скласьціся сытуацыя, калі такія асобы вымушаныя будуць запісваць «пакаяльныя відэа» і тлумачыць, чаму яны ня мелі рацыю, калі акажацца, што яны зачапілі кагосьці ў сыстэме.

Некалькі такіх ініцыятыўных пэрсонаў удзельнічаюць у выбарчай кампаніі на мясцовым узроўні — выбары ў Палату прадстаўнікоў ня іхны ўзровень. Электаральны працэс так арганізаваны, што не даводзіцца сумнявацца ў тым, што вынік будзе прадказальны.

— Аляксандар Лукашэнка неаднаразова зьбіраў розныя нарады, рэзка выказваўся пра гэтыя выбары як пра крытычна важнае мерапрыемства. Казаў, што ворагі будуць расхістваць сытуацыю ў Беларусі падчас кампаніі, хаця ніякіх прыкметаў гэтага не назіраецца. Навошта ён падымае градус напружанасьці?

— Лукашэнка дзейнічае паводле старой схемы, разглядаючы кожную электаральную кампанію як выпрабаваньне для кіроўнага рэжыму. Раней аўтарытарная ўлада была схільная дэманстраваць народную падтрымку, паказваць, што выбары ўплываюць на прыняцьце рашэньняў. Звычка гаварыць аб пагрозах, зьвязаных з электаральным працэсам, засталася.

Думаю, спэцслужбы кладуць на стол Лукашэнку ўсе магчымыя нэгатыўныя для рэжыму варыянты разьвіцьця падзеяў. І нават калі гэтыя варыянты выглядаюць эфэмэрнымі, Лукашэнка памятае досьвед 2020 году. І таму мы па тэлебачаньні назіраем, як сілавікі паказваюць сытуацыю, калі выбарнік фатаграфуе бюлетэнь, і, больш за тое, дэманструюцца нейкія пастановачныя сцэны, калі побач з выбарчымі ўчасткамі шугае полымя, адбываюцца тэракты. Відавочна, гэта зусім ня тое, да чаго рыхтуюцца апанэнты рэжыму.

Што трэба ведаць пра Адзіны дзень галасаваньня – 2024

  • 25 лютага 2024 году ў Беларусі праходзіць так званы Адзіны дзень галасаваньня, у рамках якога выбіраюць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня і дэпутатаў мясцовых саветаў 29-га скліканьня.
  • Пратаколы з камісій павінны паступіць у ЦВК не пазьней за 29 лютага.
  • Датэрміновае галасаваньне праходзіла з 20 па 24 лютага. ЦВК заявіла, што за 5 дзён датэрмінова прагаласавалі 41,71% грамадзян, якія ўключаныя ў сьпісы для галасаваньня.
  • Парог яўкі на гэтых выбарах адменены — яны адбудуцца пры любой колькасьці выбарнікаў. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма, як і апазыцыйных кандыдатаў. Прозьвішчы сябраў выбарчых камісіі засакрэчаныя. На ўчастках узмацнілі ахову.
  • Перадвыбарная агітацыя праходзіла з 31 студзеня па 24 лютага, рэгістрацыя кандыдатаў — з 16 студзеня да 30 студзеня.
  • Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падкрэсьлілі, што ў сувязі з рэпрэсіўнымі рызыкамі будзе працаваць экспэртная місія, а не «клясычнае» назіраньне, якое ажыцьцяўлялася падчас ранейшых кампаній.
  • Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч лічыць, што Лукашэнка разглядае выбары як «ваенную апэрацыю». Ён упэўнены, што абсалютная большасьць як сярод прыхільнікаў, так і сярод праціўнікаў Лукашэнкі выдатна разумее, што ў сёньняшніх умовах гэта суцэльная імітацыя.
  • Улады вырашылі не запрашаць АБСЭ для назіраньня празь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ). АБСЭ cкрытыкавала ўлады Беларусі за гэтую адмову.
  • Кіраўнік штабу місіі назіральнікаў ад СНД Леанід Анфімаў заявіў, што ў Вярхоўны суд падалі 6 скаргаў аб выбарах. Назіральнікі ад СНД прапанавалі іх лічыць «неабгрунтаванымі».
  • Выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня адбудуцца 4 красавіка 2024 году. Вылучэньне кандыдатаў у члены СР мясцовымі саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі павінна адбыцца не пазьней за 21 сакавіка 2024-га.
  • Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазыцыі. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма: Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (БДІПЧ АБСЭ) запрашэньня не атрымала.
  • На гэтых выбарах няма і апазыцыйных кандыдатаў — да выбараў дапусьцілі толькі ляяльных рэжыму кандыдатаў. Паводле кіраўніка ЦВК Ігара Карпенкі, усе 12 скаргаў на адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты (у тым ліку 2 скаргі ў суды) адхілілі.
  • Па выніках датэрміновага галасаваньня ЦВК даў справаздачу аб рэкорднай яўцы выбарнікаў — 41,71%. Незалежныя назіральнікі называюць датэрміновае галасаваньне адным з мэханізмаў масавых фальсыфікацый.
  • З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG