Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перад выступам Ціханоўскай у Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ афіцыйная дэлегацыя Беларусі пакінула залю. Што казалі Ціханоўская і Савіных


Падчас выступу Сьвятланы Ціханоўскай
Падчас выступу Сьвятланы Ціханоўскай

Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская і кіраўнік афіцыйнай дэлегацыі Палаты прадстаўнікоў Беларусі Андрэй Савіных 22 лютага бяруць удзел у мерапрыемствах першага дня 23-га зімовага пасяджэньня Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, якое праходзіць у Вене.

Сьвятлана Ціханоўская выступіла перад камітэтам Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ з прамовай, у якой расказала пра сытуацыю з палітвязьнямі ў Беларусі, пра адсутнасьць выбараў і непрызнаньне «бязвыбараў» 25 лютага, заклікала не прызнаваць новапрызначаны «парлямэнт» і не запрашаць чальцоў гэтага нелегітымнага ўтварэньня на сэсіі ПА АБСЭ, паведамляе прэс-служба Ціханоўскай.

Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

У сваім выступе Ціханоўская зьвярнула ўвагу Камітэту на канкрэтныя крокі, якія АБСЭ можа зрабіць ужо зараз, каб паўплываць на сытуацыю ў Беларусі:

  • Прызначыць дакладчыка па Беларусі ці аднавіць дзейнасьць працоўнай групы, што існавала ў Асамблеі раней.
  • Выключыць з Парлямэнцкай асамблеі прадстаўнікоў афіцыйнага беларускага парлямэнту. «Я разумею, што ў АБСЭ шануюць дыялёг. Але ці хочаце вы весьці дыялёг з катамі і забойцамі?» , — сказала Ціханоўская падчас выступу.
  • Не прызнаваць вынікаў так званых выбараў у Беларусі. «Людзі, якія будуць прызначаныя, не рэпрэзэнтуюць народ Беларусі. Ім не патрэбны дыялёг. Яны разглядаюць ПА АБСЭ як трыбуну для распаўсюджваньня хлусьні і апраўданьня тэрору», — адзначыла Ціханоўская.
  • Запрасіць назіральнікамі прадстаўнікоў беларускага дэмакратычнага руху і палітычных партыяў.

Калі на сэсіі анансавалі выступ Ціханоўскай, афіцыйная дэлегацыя рэжыму на чале з Андрэем Савіных дэманстратыўна пакінула залю.

Падчас сэсіі АБСЭ амэрыканскі кангрэсмэн Джо Ўілсан абвясьціў хвіліну маўчаньня па Ігару Ледніку і Аляксею Навальнаму — палітвязьнях, якія днямі загінулі ў турмах у Беларусі і Расеі.

Афіцыйны прадстаўнік рэжыму Беларусі Андрэй Савіных падчас выступу на пасяджэньні Агульнага камітэту ПА АБСЭ па палітычных пытаньнях і бясьпецы заявіў пра разбурэньне «рэгіянальнай архітэктуры бясьпекі ў Эўропе», «адыход у мінулае рэжыму кантролю над звычайнымі ўзбраеньнямі», «бяздумнае і дэструктыўнае прасоўваньне NATO-цэнтрычнай бясьпекі для абраных краін», а таксама пра тое, што больш «не працуюць перамоўныя фарматы».

Андрэй Савіных падчас выступу
Андрэй Савіных падчас выступу

Акрамя гэтага, Савіных паскардзіўся на санкцыі і нібыта «дэзынфармацыю» ў дачыненьні да Беларусі.

«Вельмі хутка ўсе прысутныя будуць змушаныя пераканацца ў беспэрспэктыўнасьці і разбуральнасьці гэтага курсу», — заявіў Савіных і дадаў, што рана ці позна «здаровы сэнс пераможа» і што «ўсім палітычным сілам трэба сесьці за стол перамоваў і на празрыстых, сумленных і раўнапраўных прынцыпах узнавіць мэханізмы бясьпекі ў Эўропе».

Раней, 22 лютага, Ціханоўская выступіла на агульнай сустрэчы чальцоў групы «За дэмакратычную Беларусь» у АБСЭ. Сярод удзельнікаў — прадстаўнікі Эстоніі, Нарвэгіі, Швэцыі, Францыі, Польшчы, Літвы, Нямеччыны, Канады, Вялікай Брытаніі і ЗША.

Сярод іншага, Ціханоўская зьвярнулася да ўрадаў краін АБСЭ з заклікам узьняць пытаньне аб неадкладным вызваленьні палітвязьняў, вынесьці гэтае пытаньне на ўзровень ААН.

«Вашы дыпляматы ў Менску могуць запатрабаваць доступу ў турмы, асабліва да тых, хто ўтрымліваецца бяз сувязі са зьнешнім сьветам, як мой муж», — прапанавала яна. — «Настаў час прад’явіць Лукашэнку ўльтыматум: разбуральныя санкцыі супраць рэжыму, калі вы не перастанеце забіваць людзей».

Ціханоўская прапанавала прадоўжыць дакумэнтаваньне парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі і працу ў рамках запуску Маскоўскага мэханізму АБСЭ ў дачыненьні да Беларусі. Таксама яна заклікала не прызнаваць вынікі парлямэнцкіх выбараў 25 лютага ў Беларусі і не даваць чальцам «зноў прызначанага парлямэнту Беларусі» месца ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG