«Таксама цяпер мы назіраем залішнюю і несправядлівую палітызацыю, з прычыны якой агульныя дасягненьні могуць пачаць разбурацца. Я даручыў нашаму ўраду ў бліжэйшы час, да 24 лютага, быць на мяжы нашых дзяржаў. І я прашу вас, Дональд, спадар прэм’ер-міністар, таксама прыехаць на мяжу. Анджэй, спадар прэзыдэнт, я прашу вас падтрымаць гэты дыялёг. Гэта нацыянальная бясьпека. Мы не павінны марудзіць з гэтым. Бліжэйшыя дні даюць нам магчымасьць гэта зрабіць», — сказаў ён у сваім відэазвароце.
Зяленскі таксама заявіў пра гатоўнасьць быць «на мяжы» разам з прадстаўнікамі ўкраінскага ўраду.
«І я хачу зараз зьвярнуцца да Эўракамісіі: адзінства ў Эўропе павінна быць захавана. Гэта фундамэнтальны інтарэс ЭЗ. Таму Ўкраіна зьвяртаецца да Эўракамісіі з просьбай узяць удзел у гэтай сустрэчы прадстаўніка Эўракамісіі. Хопіць Масквы на нашых землях. Хопіць непаразуменьняў», — дадаў прэзыдэнт Украіны.
- 20 лютага цягам дня польскія пратэстоўцы цалкам заблякавалі рух грузавога транспарту ў шасьці пунктах пропуску з Украінай. У Мэдыцы фэрмэры перакрылі чыгуначнае палатно і высыпалі з кантэйнэра кукурузу, якую везьлі з Украіны ў Нямеччыну. Генэральны консул Польшчы ў Львове Эліза Дзванкевіч папрасіла ва ўкраінцаў прабачэньня за такія дзеяньні суайчыньнікаў на польска-ўкраінскай мяжы.
- Па стане на 21 лютага, паводле зьвестак Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, працягваецца блякаваньне шасьці пунктаў пропуску на мяжы Польшчы і Ўкраіны, у чэргах стаяць каля 2,5 тыс. грузавікоў.
- 9 лютага ў Польшчы пачаўся страйк фэрмэраў, абвешчаны прафсаюзам «Салідарнасьць». На працягу месяца плянуецца перакрыць усе пункты пропуску, а таксама дарогі і шашы ў асобных ваяводзтвах.
- Акрамя забароны на ўвоз сельскагаспадарчай прадукцыі з Украіны, польскія пратэстоўцы выступаюць супраць эўрапейскай сельскагаспадарчай палітыкі, у прыватнасьці, супраць укараненьня «зялёнай сыстэмы» — маецца на ўвазе шэраг экалягічных і кліматычных патрабаваньняў. Сярод патрабаваньняў таксама падтрымка жывёлагадоўлі.