Ігару Ледніку было 63 гады. Яго затрымалі 18 красавіка 2022 году і асудзілі на 3 гады калёніі нібыта за паклёп у дачыненьні Лукашэнкі. Пракуратура ўгледзела склад злачынства ў публікацыі Ледніка ў часопісе Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада».
Свабода сабрала ўспаміны пра Ігара Ледніка ад ягоных сяброў і паплечнікаў.
«Калісьці ўжо сядзеў у турме»
Былы прадпрымальніцкі лідэр Аляксандар Макаеў кажа, што пазнаёміўся зь Ігарам Леднікам у 2005 годзе.
«Калісьці ён ужо сядзеў у турме. Ён працаваў на адным з прадпрыемстваў Барысава на інжынэрскай пасадзе. Там і ўбачыў магчымасьць пачаць зарабляць як прадпрымальнік, звольніўся з завода, адкрыў фірму. Ён вельмі добра сачыў за разьвіцьцём сучасных тэхналёгій, тады прывозілі ўсе навінкі з Расеі ў Беларусь. Але з партнэрамі ў яго не атрымалася, Ігар сьцьвярджаў, што яго падставілі і ён па надуманым артыкуле апынуўся ў зьняволеньні», — расказвае Макаеў.
Іншы сябра Ледніка, які працягвае знаходзіцца ў Беларусі, ананімна пацьвердзіў гэтую гісторыю. Менавіта ў зьняволеньні Ігар моцна зацікавіўся юрыспрудэнцыяй, вывучаў законы і нормы, спрабаваў сябе апраўдаць.
«У эўрапейскім разуменьні яго можна было называць параюрыстам. У яго не было адукацыі, але было вялізнае жаданьне гэтым займацца. „Прафэсійныя“ праваабаронцы часам недалюблівалі яго падыходы, але за сябе скажу, што Ігар умеў думаць парадаксальна, бачыць тое, што не маглі бачыць іншыя. А ўжо юрысты з адукацыяй дапамагалі яму афармляць гэтыя ідэі ў практыку», — расказвае сябра.
«Украіна была вельмі важнай для яго»
Аляксандар Макаеў кажа, што менавіта падчас свайго першага зьняволеньня Ігар Леднік прыйшоў да высновы, што ва ўсёй сытуацыі з прадпрымальнікамі вінаватыя ня дробныя чыноўнікі ці колішнія партнэры па бізнэсе, а менавіта ўладная сыстэма, якая была пабудаваная ў Беларусі.
«Ён адседзеў, здаецца, на Валадарцы, 1,5 года. А калі выйшаў з турмы, то далучыўся да грамадзкай дзейнасьці. Падчас пратэстаў прадпрымальнікаў у 2005 годзе Ігар моцна дапамагаў нам, менавіта зь яго прапановаў улады пайшлі на саступкі ў розных пытаньнях. Ён дапамагаў у Барысаве маладым сябрам „Зубра“, якіх затрымлівалі, шмат каму. Быў рухавіком рэформы назапашвальнай пэнсійнай рэформы, якая так і не была рэалізаваная», — апавядае Макаеў.
Былы прадпрымальнік успамінае, што ён разам зь Леднікам яшчэ ў 2006 годзе распачаў кампанію для адхіленьня Аляксандра Лукашэнкі ад улады. Была заснаваная арганізацыя «Наша Беларусь».
Сябра Ігара Ледніка ўспамінае, што важным сваім унёскам ён лічыў тое, што ў 2007 годзе Кангрэс аб’яднаных дэмакратычных сілаў зь яго падачы заснаваў грамадзкую камісію для рэабілітацыі ахвяраў палітычных рэпрэсій. Леднік шмат працаваў з гэтай тэмай.
Ня менш важным пунктам для яго было сустаршынства ў Беларускім камітэце салідарнасьці з Украінай.
«Украіна для яго была вельмі важнай, ён туды часта езьдзіў. У яго там было шмат сяброў. Здаецца, нават спрабаваў там крыху зарабіць на паліттэхналёгіях, пакуль быў жывы наш Алег Багуцкі», — расказвае сябра палітвязьня. Па іншых зьвестках, Леднік крыху працаваў на кандыдатку ў прэзыдэнты Ўкраіны Юлію Цімашэнку.
«У яго была магчымасьць выехаць»
Паплечнікі па БСДП «Грамада» кажуць, што Ігар Леднік быў вельмі катэгарычным у пытаньнях саюзу Беларусі і Расеі, шукаў любыя юрыдычныя магчымасьці для таго, каб дэнансаваць гэтыя пагадненьні.
«Яшчэ адным важным пунктам Леднік лічыў выкананьне Беларусьсю Будапэшцкага мэмарандуму 1994 году. Наш сябра лічыў, што менавіта праз парушэньні Беларусі і пачалася вайна ва Ўкраіне, на любой сустрэчы падымаў гэтае пытаньне. Ён быў на зьезьдзе БСДП у лютым 2022 году, дзе таксама гаварыў аб выкананьні Будапэшцкага мэмарандуму», — кажа аднапартыец Ігара Ледніка.
Што тычыцца асабістага жыцьця, то апошнія гады Ігар жыў адзін. Ня так даўно ў яго памерла маці, сын жыве ў Ізраілі. Жыў ён у вельмі сьціплых умовах у камунальным пакойчыку на праспэкце Рэвалюцыі ў Барысаве.
«У яго была магчымасьць выехаць, яго сябры зьвязваліся са мной ў гэтым пытаньні, але ў апошні момант ён усё ж перадумаў», — расказвае барысаўскі праваабаронца «Вясны» Алег Мацкевіч.
Іншыя суразмоўцы Свабоды таксама падкрэсьліваюць, што Леднік катэгарычна адмаўляўся выяжджаць, хаця разумеў пагрозы для сябе. У 2021 годзе яго саджалі на «суткі» за тое, што ў публікацыі ён зьмясьціў перакрэсьленыя серп з молатам і свастыку, у гэтым убачылі прапаганду нацызму.
«Апошні раз, калі мы бачыліся, ён сказаў, што застаецца і будзе змагацца, — кажа паплечнік па БСДП. — Мы прапаноўвалі яму ехаць, але не захацеў. Леднік і пасьля 2020 году працягваў займацца тым жа, чым і раней: пісаў скаргі ў пракуратуру і ў іншыя органы, падкрэсьліваў, што цяперашняя ўлада і асабіста Лукашэнка парушаюць закон. Наколькі мы ведаем, той нумар часопісу БСДП, дзе быў артыкул Ігара, прачыталі чацьвёра найлепшых юрыстаў Міністэрства юстыцыі, але не знайшлі парушэньняў, а вось пракуратура знайшла. Мне здаецца, яго проста прыбралі ў турму, каб ён нікому не замінаў сваімі скаргамі».
«Памёр праз агульны стан здароўя»
Паплечнікі апавядаюць, што агульны стан здароўя Ігара Ледніка моцна пагаршаўся ўсе апошнія гады.
«Можна сказаць, што ён памёр праз агульны стан здароўя. Яшчэ ў 2020 годзе ён быў вельмі слабым фізычна. Яму далі 2-ю групу інваліднасьці праз сэрца, яшчэ адкрылася язва. Вядома, што ў турме ён страціў прытомнасьць ад язвы, яго ўбачылі і адвезьлі на апэрацыю. Магчыма, калі б гэта здарылася дома, то ён мог памерці. Але ж зразумела, што гэтыя язвы зьяўляюцца найперш ад нэрваў. А так ён быў вельмі яркім, сыстэмным і калектыўным чалавекам», — кажа сацыял-дэмакрат.
Сябра таксама згаджаецца, што здароўе Ігара імкліва пагаршалася апошнія гады.
«Ён вялікі рамантык, генэратар ідэй. Ігар захапіўся праз сына ідэяй электроннага ўраду, інфармацыйнага грамадзтва. Магчыма, апошнія гады ён быў празьмерна рэзкі, але цяпер я разумею, што гэта ўсё ад праблем са здароўем. Яму было фізычна цяжка даносіць свае перакананьні, таму мог зрывацца. У сувязі зь ягоным сэрцам мне згадваецца горкаўскі герой Данка, які ахвяраваў сабой і сваім сэрцам, каб вывесьці людзей у бясьпеку. Страты Данка ніхто не заўважыў, а я хачу, каб аб працы Ігара памяталі», — кажа сябра.
Толькі пасьля сьмерці палітвязьня стала вядома, што Ігар Леднік адбываў пакараньне ў бабруйскай калёніі, куды яго перавялі з Магілёва. Памёр ён ад спыненьня сэрца, расказваюць паплечнікі. Гэта здарылася ў Менскай раённай лякарні, куды Ігара рэгулярна прывозілі на рэабілітацыю. Лекары спрабавалі яго ўратаваць, але не змаглі. Ігар Леднік стаў пятым вядомым палітзьняволеным, які памёр у турме ад 2020 году.