Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Задача рэжыму — адключыць мазгі». Сьвятлана Мацкевіч пра філёзафа за кратамі, Каардынацыйную раду і вышэйшую адукацыю для Лукашэнкі


Сьвятлана Мацкевіч. Ілюстрацыйны каляж
Сьвятлана Мацкевіч. Ілюстрацыйны каляж

Што вядома пра палітвязьня-філёзафа Ўладзімера Мацкевіча? Што насамрэч адбываецца ў Каардынацыйнай радзе і як да гэтага паставіўся б Мацкевіч?

Госьця Свабоды Premium — сябра Каардынацыйнай рады, кандыдат пэдагагічных навук, мэтадоляг Сьвятлана Мацкевіч, якая прадстаўляе Згуртаваньне сваякоў і былых палітвязьняў. Тры асноўныя тэмы для размовы — сытуацыя з Уладзімерам Мацкевічам, нарада Лукашэнкі з рэктарамі ВНУ і спробы ўладаў спыніць ад’езд студэнтаў, а таксама крызіс у Каардынацыйнай радзе.

Глядзіце размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты гутаркі

Пра Ўладзімера Мацкевіча

— Шмат інфармацыі пра яго ня маем. Мы ведаем, што ёсьць пэўныя праблемы са здароўем. Ягоны стан не крытычны. Ён прайшоў стадыю рэабілітацыі пасьля апэрацыі. Новых зьвестак аб пагаршэньні яго здароўя па дыягназе, па якім праходзіла апэрацыя, у нас няма. Ёсьць іншыя складанасьці, зьвязаныя з апорна-рухальным апаратам, паколькі даводзіцца мала рухацца, наколькі я разумею. Ёсьць болі ў сьпіне. Пакуль сытуацыя, як ён сам лічыць, не крытычная. І ён з гэтым спраўляецца. Ён працягвае пісаць, чытаць, наколькі гэта магчыма ў тых умовах. 13 лютага адбылася прэзэнтацыя ягонай кнігі, заснаванай на цыклі ягоных лекцый «Уводзіны ў філязофію». Лекцыі былі прачытаныя ў 2008–2009 гадах. У іх Уладзімер раскрывае асноўныя кірункі свайго філязофскага падыходу да праблемаў Беларусі. На мой погляд, кніга дастаткова актуальная і дапамагае, і мне ў тым ліку, вырашаць шмат пытаньняў, зьвязаных і з адукацыяй, і з палітычнай сытуацыяй у Беларусі.

Пра сытуацыю з выбарамі ў Каардынацыйную раду

— Я думаю, што называць крызісам тое, што адбываецца ў Каардынацыйнай радзе, дастаткова рэзка. Гэта няправільная кваліфікацыя таго, што адбываецца. Каардынацыйная рада была ў крызісе хутчэй у сваім першым складзе. Была абвешчаная рэформа КР, і была абраная працэдура першым складам КР, і яна пачала рэалізоўвацца зь лютага 2023 году. Зьявіўся новы склад, у які ўвайшла і я ў тым ліку. Дастаткова доўга абгаворваўся сам парадак працы. Асноўная задача, якая стаяла перад КР, — правядзеньне наступных выбараў для пашырэньня прадстаўніцтва, і каб трэці склад КР пачынаў прадстаўляць асноўныя сацыяльныя групы, ініцыятывы асноўных суб’ектаў грамадзянскай супольнасьці як унутры Беларусі, так і за яе межамі. Другая Каардынацыйная рада першапачаткова была пераходнай, каб сфармаваць трэці склад. Працэс зацягнуўся. Адна з прычынаў — спроба з боку Абʼяднанага пераходнага кабінэту (у прыватнасьці, спадара Латушкі) падпарадкаваць сабе Каардынацыйную раду. Я гэта кваліфікавала як спробу выбудаваць сваю ўласную вэртыкаль і мікрамадэль аўтарытарызму. Прыходзіцца ўздымаць прынцыповыя пытаньні пра тое, што новую сыстэму ўлады, мікрамадэль, трэба выбудоўваць не па прынцыпе вэртыкалі, а па прынцыпе падзелу ўладаў. Існуюць тры асноўныя галіны ўлады, і мы іх павінны ствараць практычна з нуля. Адразу гэта не зьяўляецца. Асноўная галіна ўлады — парлямэнцкая ўлада, якую прадстаўляе своеасаблівы протапарлямэнт.

Пра нараду Лукашэнкі з рэктарамі ВНУ

— Даўно зразумела, чаго хоча Лукашэнка ад сыстэмы адукацыі. Ён заўсёды выкарыстоўвае сыстэму адукацыі, сыстэму вышэйшай адукацыі ў сваіх палітычных мэтах. ВНУ для Лукашэнкі заўсёды былі месцамі для правядзеньня выбарчай кампаніі. Яго найменш цікавіць якасьць адукацыі. Для яго гэта масавы сацыяльны інструмэнт, празь які пракручваюцца тысячы, мільёны людзей, празь яго можна кіраваць палітычнымі працэсамі. І таму цяпер, перад чарговымі выбарамі ў нібы народны сход (зразумела, які ён будзе), ён прафіляктычна робіць накачку ўсіх і ўся, хто працуе ў гэтай сыстэме. Ён павінен гэтую сыстэму трымаць у цуглях. Ён разумее, што праз гэтую сыстэму, якая працуе з масавай сьвядомасьцю, з асьветай людзей, гэта стварае пэўную пагрозу для яго, для яго рэжыму. Цяпер рэжым ня мае чаго прад'явіць беларускаму грамадзтву, акрамя рэпрэсій, акрамя падаўленьня і страху. Зьместу ў іх няма. Таму ў іх застаецца адзіны спосаб — працаваць з масавай сьвядомасьцю, запалохваць. Таму ён выкарыстоўвае сыстэму адукацыі.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG