Сьцісла:
- Крэмль вырашыў, што Надзеждзін можа папсаваць загадзя падрыхтаваны сцэнар.
- Калі праводзіць паралелі зь Беларусьсю, то Надзеждзін хутчэй Бабарыка, чым Ціханоўская.
- Крэмль адыходзіць ад тактыкі «кіраванага плюралізму» на карысьць рэпрэсіяў і манапалізацыі грамадзка-палітычнай прасторы.
- Улада ў Расеі сёньня пачуваецца занадта няўпэўнена, каб дазволіць сабе нават кантраляваны плюралізм.
- Ці зьяўляецца Крэмль своеасаблівым «вучнем» беларускага рэжыму, спрэчнае пытаньне.
— Расейская ЦВК не зарэгістравала ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты Барыса Надзеждзіна. Ці можна сказаць, што Крэмль улічыў досьвед беларускіх пратэстаў 2020 году і вырашыў не даваць нават самых малых падставаў для нестабільнасьці? Яшчэ на мінулых выбарах у 2018 годзе ўдзельнічала ўмоўна лібэральная кандыдатка Ксенія Сабчак, але цяпер нават на такую рызыку Крэмль вырашыў не ісьці. Чаму?
— Сапраўды, выглядае, Крэмль палічыў, што Надзеждзін мае адносна моцны патэнцыял, які можа прынамсі папсаваць іхны сцэнар. Рэч, вядома, ня ў тым, што ён можа перашкодзіць Пуціну выйграць, але можа перашкодзіць атрымаць «элегантную» перамогу. Бо на сёньня Крэмль не задаволяць нават 60-70 працэнтаў за Пуціна, ім трэба ад 80 і болей.
Вядома, можна сказаць: «У чым праблема банальна намаляваць патрэбныя лічбы?». Гэта, магчыма, і будзе зроблена, але гэта ня самы прымальны для ўлады інструмэнт, бо вельмі сур’ёзныя фальсыфікацыі становяцца ўсім відавочнымі. Беларускі выпадак 2020 году ў гэтым сэнсе вельмі паказальны. Адна справа, калі дамалююць 5-10 працэнтаў, але зусім іншая — калі фальсыфікацыі вымяраюцца дзясяткамі працэнтаў: гэта схаваць немагчыма, і гэта мае вельмі кепскія пабочныя эфэкты.
— Вы кажаце, Крэмль вырашыў, што Надзеждзін можа папсаваць іхні сцэнар. Наўрад ці гэта ад нейкай яркасьці і вядомасьці гэтай кандыдатуры— чаго, як сьцьвярджаюць многія камэнтатары, у сапраўднасьці няма. Справа ў той грамадзка-палітычнай сытуацыі ў Расеі, дзе антываенныя і антыпуцінскія настроі могуць мець даволі істотную падтрымку?
— Калі праводзіць паралелі зь Беларусьсю, то Надзеждзін — хутчэй Бабарыка, а не Ціханоўская. Чалавек, які рэпрэзэнтуе даволі памяркоўны (паводле расейскіх мерак) падыход у многіх пытаньнях, у тым ліку ў стаўленьні да вайны. Ён прадстаўнік антываеннай пазыцыі, але ня кажа, што Расея мусіць адразу аддаць усе захопленыя тэрыторыі.
Вядома, з пазыцыі беларусаў і ўкраінцаў гэта выглядае як спроба ў той ці іншай форме абараняць ідэі расейскага імпэрыялізму, толькі ў больш мяккай вэрсіі. Але паказальна, што нават у такой тэме Надзеждзін дэманструе даволі памяркоўны падыход. Мяркую, што ў сытуацыі, калі грамадзтва і эліты Расеі стомленыя ад нэгатыўных навінаў, чалавек кшталту Надзеждзіна меў большы патэнцыял, чым нейкі радыкальны кандыдат, каб прывабіць на свой бок і грамадзтва.
— Тое, што Надзеждзіна не зарэгістравалі, сьведчыць, што Крэмль бачыць небясьпекі, якія нясе кампанія антываеннага кандыдата. Яны палічылі, што гэта можа расхістаць сытуацыю, значыць, разумеюць, што ня ўсё так стабільна, як гэта малююць праўладныя прапагандысты?
— Безумоўна, гэта сьведчаньне няўпэўненасьці. Пераход Крамля да такіх яскрава рэпрэсіўных мэтадаў простага выключэньня з палітыкі праявіўся ў 2020 годзе, калі было прынята рашэньне расправіцца з Навальным.
Пасьля пачатку шырокамаштабнай агрэсіі супраць Украіны ў лютым 2022 году адбылося закрыцьцё «Эха Москвы», ліквідацыя іншых асяродкаў, якія доўгі час выконвалі ролю такой бяскрыўднай альтэрнатывы. Гэта дазваляла і звонку, і ўнутры ствараць бачнасьць існаваньня плюралізму, які не пагражае Крамлю. І вось ужо некалькі гадоў Крэмль адыходзіць ад тактыкі «кіраванага плюралізму» на карысьць рэпрэсіяў і манапалізацыі грамадзка-палітычнай прасторы. Улада ў Расеі сёньня пачуваецца занадта няўпэўненай, каб дазволіць сабе нават кантраляваны плюралізм.
— Існуе ўстойлівая паралель сярод палітычных аналітыкаў, што Беларусь зьяўляецца палігонам для нейкіх рэпрэсіўных тэхналёгіяў і Крэмль празь некалькі гадоў паўтарае тое, што рабілася ў Менску. У Беларусі ў 2015-2019 гадах была адносная лібэралізацыя, і яна прывяла да таго, што грамадзтва разьняволілася, рэйтынг Лукашэнкі ўпаў і здарыўся жнівень 2020-га. Ці стала гэта ўрокам для аўтарытарных уладаў Расеі і Беларусі і Лукашэнка і Пуцін, пакуль пры ўладзе, ужо ніколі не дапусьцяць нават намёку на лібэралізацыю?
— Што тычыцца тэзісу, што Крэмль зьяўляецца своеасаблівым «вучнем» беларускага рэжыму, то я гэтага не падзяляю. Крэмль сам сабе настаўнік і валодае дастатковым экспэртным і фінансавым патэнцыялам, каб самастойна знаходзіць для сябе аптымальныя мадэлі ўтрыманьня ўлады і прасоўваньня свайго курсу ў грамадзтве.
Іншая справа, што аналітыкі, якія працуюць на Крэмль, безумоўна, вывучаюць самыя розныя прыклады. Няма сумневу, што беларускі кейс 2020 году там уважліва вывучаўся і адпаведныя высновы былі зробленыя.
Цягам працяглага часу тактыка Крамля палягала ў «кантраляваным плюралізьме». Асабліва моцна адрозьнівалася палітыка ў мэдыйнай прасторы. Я бачу калясальную розьніцу паміж адназначным пасылам беларускай прапаганды і даволі плюралістычным, але кантраляваным спосабам прасоўваньня прапагандысцкіх мэсэджаў у Расеі.
— Ці можна лічыць, што рашэньне Пуціна ісьці на чарговае перавыбраньне разьвязала рукі і Лукашэнку ў ягоным жаданьні заставацца пры ўладзе? Магчыма, калі б Пуцін не пайшоў, то і Лукашэнку было б «няёмка» далей вылучацца?
— Узаемасувязь паміж рашэньнем Пуціна і магчымым рашэньнем Лукашэнкі, на маю думку, даволі слабая. Два аўтакраты дзейнічаюць паводле сваёй уласнай лёгікі і сытуацыі. Відавочна, што абодва яны захочуць застацца пры ўладзе.
У выпадку Лукашэнкі доза няпэўнасьці застаецца (прынамсі, для мяне). Не выключаю, што ён палічыць больш мэтазгодным перайсьці на пасаду старшыні «ўсебеларускага народнага сходу». Магчыма, гэта будзе рэалізавана ў форме сумяшчэньня гэтай пасады з пасадай прэзыдэнта.