Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пагроза таго, што Каардынацыйная рада можа адхіліць Ціханоўскую, гучыць сьмешна, — экспэрт Лаўрухін


Ілюстрацыйнае фота. Сьвятлана Ціханоўская перад выступам у Эўрапарлямэнце. Страсбург, 13 верасьня 2023 году
Ілюстрацыйнае фота. Сьвятлана Ціханоўская перад выступам у Эўрапарлямэнце. Страсбург, 13 верасьня 2023 году

Андрэй Лаўрухін, палітычны аналітык, сябра Каардынацыйнай рады, аналізуе аргумэнты, якія гучаць падчас дыскусіі вакол ролі і паўнамоцтваў Каардынацыйнай Рады, і адзначае, чаму некаторым не падабаецца, што КР ня стала філіялам офісу Сьвятланы Ціханоўскай.

Сьцісла:

  • Каардынацыйная рада, нягледзячы ні на што, пазыцыянавала сябе як самастойны палітычны суб’ект.
  • На адрас цяперашняга складу КР гучаць папрокі: «Хто іх абраў?»
  • Найбольш вострыя пытаньні — гэта гендэрныя квоты і квоты для прадстаўніцтва недзяржаўных арганізацыяў (НДА).
  • Сьвятлана Ціханоўская не прымушае нікога прысягаць ёй на вернасьць.

— Аляксандар Мілінкевіч у інтэрвію Свабодзе нядаўна заявіў, што «небеларускія сілы спрабуюць адхіліць Ціханоўскую з дапамогай Каардынацыйнай рады». Як вы ставіцеся да гэтай думкі, ці сапраўды такая пагроза можа існаваць? Ці заява Мілінкевіча хутчэй адлюстроўвае тыя дыскусіі, якія вядуцца вакол ролі і паўнамоцтваў Каардынацыйнай рады?

— Мне падаецца, што рэакцыя Аляксандра Мілінкевіча — гэта сымптом палітычнай барацьбы, якая, сапраўды, вядзецца вакол функцыяў Каардынацыйнай рады (КР). Мне падаецца, КР, нягледзячы ні на што, пазыцыянавала сябе як самастойны палітычны суб’ект.

Андрэй Лаўрухін
Андрэй Лаўрухін

Не атрымалася так, што КР стала філіялам Офісу Сьвятланы Ціханоўскай, — як, на мой погляд, некаторыя спрабавалі гэта зрабіць. Тут даволі адметны прыклад — сыход Паўла Латушкі з КР. Бо тады вялася шырокая дыскусія наконт таго, што розныя галіны — КР і Аб’яднаны пераходны кабінэт — павінны быць даволі дакладна разьмежаваныя. Бо Каардынацыйная рада — гэта прадстаўнічы орган, і ў ім не павінны быць чальцы «выканаўчай улады», Пераходнага кабінэту, да якіх адносіцца і Латушка.

І ў аргумэнтацыі паважанага Аляксандра Мілінкевіча я бачу дэманстрацыю незадавальненьня ад таго, што КР не ідзе на такую ролю — быць філіялам Офісу Сьвятланы Ціханоўскай.

Па-другое, КР — публічная пляцоўка, якая прадстаўляе розныя колы грамадзтва, у тым ліку і, магчыма, прарасейскія. Але ж яны таксама частка беларускага грамадзтва. І я бачыў, што ў самой КР былі спробы блякаваць усіх, хто не адносіцца да «звышдэмакратычных дэмакратаў», хто падзяляе пэўныя каштоўнасьці. Маўляў, у нас не павінна быць месца ўсім астатнім. І нават былі спробы скласьці сьпіс тых каштоўнасьцяў, якія трэба падзяляць. А хто не падзяляе, ня мае права прыходзіць у КР.

— Але ж рэальнасьць такая, што ў Каардынацыйную раду ўваходзяць і ўвойдуць толькі праціўнікі Лукашэнкі, у ёй у прынцыпе ня можа быць лукашыстаў, напрыклад. Таму аб’ектыўна набор каштоўнасьцяў ня можа радыкальна адрозьнівацца, напрыклад, у стаўленьні да Крамля ці да менскага рэжыму.

— Тым ня менш гучаць аргумэнты, што фармат абраньня з прадстаўнікоў дыяспары, тых, хто вымушаны быў зьехаць зь Беларусі, не адпавядае легітымнасьці гэтай структуры. Што павінны быць адкрытыя выбары (пра гэта заяўляе, напрыклад, і Павал Латушка), у якіх павінны ўзяць удзел і грамадзяне Беларусі, якія жывуць цяпер у Беларусі.

На адрас цяперашняга складу КР гучаць папрокі: «Хто іх абраў?» — маўляў, самі сябе паабіралі прадстаўнікі розных дробных арганізацыяў. І гэта вельмі істотна, бо неабходнасьць максымальна шырокіх выбараў у КР падтрымлівалі якраз людзі, якія лічаць, што цяперашні склад Рады, абраны з прадстаўнікоў недзяржаўных арганізацыяў, не валодае дастатковай легітымнасьцю.

— Некалькі тыдняў таму была абвешчана схема выбараў у КР, якая многім падалася занадта складанай. Шматузроўневая, з прадстаўніцтвам ад розных арганізацыяў, з рознымі квотамі. Некаторыя кажуць: чаму б ня выбраць простую сыстэму «адзін чалавек — адзін голас», дзе людзі будуць галасаваць за кандыдатаў без усялякіх квотаў? Цяпер унутры КР зноў вядуцца дыскусіі, выбіраюць новы варыянт. У чым галоўныя супярэчнасьці і нязгоды, чаму дагэтуль не ўдаецца дамовіцца?

— Дамовіцца — гэта даволі складаны працэс ва ўмовах дэмакратычных дыскусіяў. Трэба знайсьці кансэнсус, які задаволіць большасьць, бо ў КР няма «начальнікаў».

Наколькі я ведаю, найбольш вострыя пытаньні — гэта гендэрныя квоты і квоты для прадстаўніцтва недзяржаўных арганізацыяў (НДА). Адны кажуць, што найбольш трэба даць магчымасьць галасаваць людзям зь Беларусі, і менавіта яны павінны вырашаць пытаньне пра склад КР. Іншыя кажуць: не, мы ня здолеем гарантаваць пэўны ўзровень бясьпекі для людзей зь Беларусі. І калі мы абмяжуем квоты для НДА і ня здолеем арганізаваць масавае галасаваньне — то рэальна выбары проста не адбудуцца.

— Вы ўжо ўзгадалі, што значная частка дыскусіяў вядзецца таксама вакол функцыяў і паўнамоцтваў КР: ці будзе яна сапраўды мець права «адхіліць» Сьвятлану Ціханоўскую. Ці няма тут элемэнтаў перацягваньня коўдры — у каго будзе больш улады?

— Безумоўна, ёсьць. Каардынацыйная рада — гэта палітычны гулец, і мы бачым сымптомы палітычнай барацьбы, і гэта цалкам нармальна — у звычайных умовах. Але мы не ў звычайных умовах — у нас няма сапраўдных выбараў. І Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, і Аб’яднаны пераходны кабінэт не зьяўляюцца выканаўчай уладай у поўным сэнсе слова.

Гэта стварае асаблівыя ўмовы ў адносінах паміж гэтымі структурамі. Я лічу, што пагроза таго, што КР здыме Ціханоўскую — гэта сьмешна: няма ў яе такіх паўнамоцтваў. Я нават лічу, што КР была занадта ляяльная ўвесь гэты год.

Мяркую, што тыя засьцярогі, якія выказаў Аляксандар Мілінкевіч, занадта перабольшаныя. Здаецца, Сьвятлана Ціханоўская не прымушае нікога прысягаць ёй на вернасьць — гэта добрая воля кожнага з нас.

Выкарыстаць КР, якая ўжо некалькі месяцаў ня можа прыняць працэдуру выбараў, дзеля таго каб «зьняць» Ціханоўскую, — гэта немагчыма. Тыя дыскусіі, якія вядуцца занадта доўга і ніяк ня могуць прывесьці да выніку — якраз прыклад таго, што дэмакратыя ў КР ёсьць.

А развагі пра тое, што Рада можа адхіліць Ціханоўскую — гэта сымптом таго, што працягваюць існаваць аўтарытарныя падыходы. Маўляў, у нас ёсьць Ціханоўская, яна абраная прэзыдэнтка, мы павінны яе слухацца, а ўсе астатнія спробы самаарганізавацца кваліфікуюцца як пагроза нашай еднасьці.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG