4 лютага адбудзецца суд над беларусам Яраславам Новікавым. Яго затрымалі ў Армэніі пры перасячэньні мяжы з Грузіяй.
Цяпер беларусу пагражае дэпартацыя на радзіму і крымінальная справа за ўхіленьне ад службы ў войску, напісаў грамадзкі актывіст Леанід Сасноўскі ў сацыяльнай сетцы X.
2 лютага Яраслаў павінен быў часова пераехаць у Армэнію. Там яго і затрымала памежная служба мясцовай паліцыі — высьветлілася, што Менск абʼявіў мужчыну ў міждзяржаўны крымінальны вышук СНД за ўхіленьне ад войска. Раней яму працягнулі тэрмін утрыманьня пад вартай.
Раней Новікаў плянаваў пераехаць з Грузіі ў Баўгарыю, але не атрымаў візы, даведаўся «Вот так». Яму параілі атрымаць неабходную візу на радзіме, але Новікаў туды не паехаў праз рызыку быць арыштаваным. Замест гэтага ён адправіўся ў суседнюю Армэнію, каб падацца на візу там.
Праўнік Хэльсынкскай асацыяцыі ў Армэніі Араік Папікян, які прадстаўляе Новікава ў судзе, адзначыў, што 3 лютага ў справе беларуса прызначылі пракурора. Папікян заявіў, што затрыманьне мужчыны не адпавядае армянскаму закону. Але пракурор адмовіўся адпусьціць яго з-пад варты да суду. Тым ня менш, праўнік амаль упэўнены, што Яраслава ў выніку адпусьцяць.
У Армэніі цяпер жыве шмат ухілістаў, ад расейскага войску, але адзіны вядомы выпадак экстрадыцыі «адмоўніка» — выкраданьне супрацоўнікамі ФСБ расейца Дзьмітрыя Сетракова. Тады мужчыну гвалтам адправілі на расейскую вайсковую базу ў Гюмры, а адтуль — вывезьлі ў Растоў-на-Доне. Іншых затрымлівала армянская паліцыя, і затым адпускала.