Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Вішнёў пра тое, як беларускаму пісьменьніку прабіцца да замежных чытачоў


Зьміцер Вішнёў, архіўнае фота
Зьміцер Вішнёў, архіўнае фота

У апошнія выходныя студзеня ў Бэрліне адбылася Міжнародная навуковая канфэрэнцыя, прысьвечаная сучаснай беларускай літаратуры. Пагаварылі пра яе з адным з самых актыўных удзельнікаў — літаратарам, мастаком і кнігавыдаўцом Зьмітром Вішнёвым.

«Не зусім утульна сябе адчуваеш, калі твой тэкст раскладаюць па кавалках, нібыта ты паддосьледны зьвярок»

— Як і ў каго нарадзілася ідэя Міжнароднай навуковай канфэрэнцыі ў пытаньнях разьвіцьця сучаснай беларускай літаратуры?

— Ініцыятыва навуковай канфэрэнцыі належыць катэдры беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту і пэрсанальна прафэсару Андрэю Масквіну. Ідэю падтрымаў Інстытут славістыкі Бэрлінскага ўнівэрсытэту Гумбальта і пэрсанальна прафэсарка Сюзана Франк.

Летась я адзначыў юбілей, таму арганізатары зьвярнулі ўвагу на маю творчасьць, за што ім вялікая ўдзячнасьць. Напрыклад, Аляксандар Распапоў, дасьледчык з Познаньскага ўнівэрсытэту імя Адама Міцкевіча, вельмі грунтоўна разабраў мой антыраман «Калі прыгледзецца — Марс сіні». З аднаго боку, гэта, вядома, прыемна, і было цікава паглядзець на твор праз прапанаваную дасьледчыкам оптыку. З другога боку, не зусім утульна сябе пачуваеш, калі твой тэкст раскладаюць па кавалках, нібыта цябе ўзялі за паддосьледнага зьвярка.

— На канфэрэнцыі выступілі спэцыялісты катэдры беларусістыкі факультэту прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту, катэдры славістыкі і хунгаралёгіі Бэрлінскага ўнівэрсытэту імя Гумбальта ды іншыя. Чым прываблівае гэтых навукоўцаў сучасная беларуская літаратура?

— Мне думаецца, беларуская літаратура вельмі дынамічна разьвівалася цягам апошніх дзесяцігодзьдзяў, і яна, без сумневу, уваходзіць у эўрапейскі кантэкст. Бясспрэчна, славістам з Украіны, Польшчы вельмі цікава праводзіць паралелі паміж сумежнымі культурамі. Былі на канфэрэнцыі і славісты з Аўстрыі, Італіі, Чарнагорыі, Нямеччыны.

Даводзілася ня раз сустракаць думку, што іншаземцаў цяпер цікавяць беларускія літаратары, якія апынуліся на эміграцыі, як ахвяры рэжыму. І нікога не цікавяць іхныя творы. Што скажаце на гэта з улікам пачутага і пабачанага на канфэрэнцыі ў Бэрліне?

— Вядома, літаратар мусіць чымсьці зацікавіць замежных чытачоў, але прабіцца да іх вельмі няпроста — існуе шмат бар’ераў, якія стварае кніжны рынак. Тут вялікая канкурэнцыя і трэба, акрамя таленавітага твора, мець добрага перакладчыка, выдатнага літаратурнага агента, буйное выдавецтва, і тады, магчыма, нешта і атрымаецца. І часта ня мае значэньня, адкуль ты паходзіш — з Зымбабвэ, Мазамбіку або зь Беларусі.

«У мяне няма ўражаньня, што замежныя дасьледчыкі чагосьці ня бачаць»

У праграме канфэрэнцыі была заяўленая і тэма праблемаў гісторыі беларускай літаратуры, умоваў яе разьвіцьця, якія паўплывалі на яе становішча, актуальнасьць ідэі канкрэтна ўзятых твораў і іх праблематыка. Чым гэтая тэма прывабная для замежных дасьледнікаў? Якія канкрэтна творы і якіх аўтараў трапляюць сёньня ў поле зроку замежных навукоўцаў? І чаму, на вашу думку, менавіта яны?

— Неаднойчы гучала ў дакладах прозьвішча Максіма Гарэцкага і ягоны знакавы твор «Дзьве душы». Аліна Страшкевіч у сваім выступе «Беларуская літаратурная сытуацыя пэрыяду „перабудовы“ (1986–1991) вачыма сьведак (на матэрыялах інтэрвію зь беларускімі пісьменьнікамі)» разглядала творчыя пошукі суполкі «Тутэйшыя». Шмат гучала пра дзейнасьць і пра дасягненьні суполкі «Таварыства вольных літаратараў», літаратурнага руху «Бум-Бам-Літ», суполкі «Schmerzwerk». Асобна разглядалася такая зьява ў беларускай літаратуры, як альманах «Тэксты». Дасьледчыкі аналізавалі таксама паэзію Юлі Цімафеевай і Вальжыны Морт. Быў моцны даклад Марыі Донскай «Посткаляніяльныя практыкі Альгерда Бахарэвіча ў кніжцы „Вершы“ (2022)».

— Чаго, на вашу думку, ня бачаць у сучаснай беларускай літаратуры замежныя дасьледнікі? І ў чым тут прычына?

— У мяне няма ўражаньня, што замежныя дасьледчыкі чагосьці ня бачаць. Якраз такія канфэрэнцыі і даюць магчымасьць навукоўцам з розных краін сустракацца і абмяркоўваць сучасны літаратурны працэс.

«Пасьля 2020 году да Беларусі былі прыцягнутыя погляды сусьветнай супольнасьці, гэта спарадзіла актыўнасьць замежных выдавецтваў»

— Каб ведаць і разумець, што таленавітага нараджаецца сёньня ў беларускай літаратуры, патрабуюцца апэратыўныя пераклады на даступныя замежнаму чытачу мовы. Ці пабольшала за апошнія гады тых, хто свабодна чытае нованароджаныя творы і перакладае іх з арыгіналаў?

— Гэтая тэма не ўздымалася падчас канфэрэнцыі, але са свайго боку магу пра яе нешта сказаць. Пасьля падзеяў 2020 году да Беларусі былі прыцягнутыя погляды сусьветнай супольнасьці, і цалкам натуральна, што такая цікаўнасьць спарадзіла актыўнасьць замежных выдавецтваў. Толькі ў Нямеччыне ёсьць некалькі перакладчыкаў і перакладчыц, якія цяпер працуюць зь беларускай кнігай: Ніна Вэлер, Томас Вайлер, Тына Вюншман і іншыя. Так, цягам апошніх гадоў у перакладзе на нямецкую мову выйшлі кнігі Алеся Разанава, Вальжыны Морт, Артура Клінава, Альгерда Бахарэвіча, Юліі Цімафеевай, Валянціна Акудовіча, Вольгі Гапеевай, Евы Вежнавец.

На жаль, днямі ня стала паэткі і перакладчыцы Эльке Эрб, якая вельмі шмат перакладала зь беларускай мовы.

— Якія галоўныя вынікі канфэрэнцыі?

— У некаторых дакладах была спроба клясыфікацыі беларускай літаратуры на сучасным этапе, ішла гаворка пра літаратурны канон і корпус тэкстаў. Тут хацелася б вылучыць даклад Інэсы Кур’ян і Веслава Пшыбылы «Тры адметныя зьявы ў гісторыі беларускай літаратуры».

Падчас падвядзеньня вынікаў прагучала, што традыцыя правядзеньня такіх мерапрыемстваў працягнецца, а ўсе даклады бэрлінскай канфэрэнцыі надрукуюць асобным зборнікам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG