Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля гісторыі з аблігацыямі інвэстары пераканаюцца, што зь Беларусьсю лепш ня мець спраў, — эканамістка Лузгіна


Былы МакДональдс у Беларусі, цяпер mak.by
Былы МакДональдс у Беларусі, цяпер mak.by

Старшая навуковая супрацоўніца дасьледчага цэнтру Beroc эканамістка Анастасія Лузгіна расказвае, як паўплывае на інвэстыцыйны клімат гісторыя з фактычнай нацыяналізацыяй «Макдональдса» ў Беларусі, і разважае, чаму ўлады ня хочуць выконваць свае абавязаньні па дзяржаўных аблігацыях.

Сьцісла:

  • Апошнія прыклады з нацыяналізацыяй нічога прынцыпова новага сабой не ўяўляюць: пры Лукашэнку падобнае здаралася і раней.
  • Менск дзейнічае паводле старой мадэлі: «Калі вам гэта ня трэба, то мы гэта забяром».
  • Міжнародныя агенцтвы, якія разьлічвалі рэйтынг краінаў, ужо фактычна прызналі тэхнічны дэфолт Беларусі.
  • Чыноўнікі нібы кажуць інвэстарам: «Альбо гуляйце па нашых правілах, альбо не атрымаеце поўнага кошту за аблігацыі».

Анастасія Лузгіна
Анастасія Лузгіна

— Пачнем з гісторыі з «Макдональдсам» у Беларусі, якую Лукашэнка ацаніў як добры прыклад «імпартазамяшчэньня», заявіўшы, што гэтая сетка рэстарацыяў цяпер належыць беларускай дзяржаве. Ці можна назваць гэта нацыяналізацыяй? І які ўплыў прыгоды гэтага сусьветна вядомага брэнда ў Беларусі могуць зрабіць на інвэстыцыйны клімат у краіне?

— Юрыдычна мне цяжка ацаніць, ці можна ўжо назваць гэтую сытуацыю «нацыяналізацыяй», бо мы яшчэ ня маем канчатковых дакладных дадзеных, што ж там адбылося з уласнасьцю. Але гэта, безумоўна, варта назваць прыкладам дзяржаўнага ўмяшаньня ў эканоміку. Дзяржаўныя структуры зрабілі вырашальны ўплыў на лёс гэтай кампаніі, якая ў Беларусі належала казахстанскаму бізнэсмэну.

Пакуль нельга казаць, што гэта набыло масавы характар, але відавочна, што такія выпадкі пачасьціліся за апошнія гады. Можна ўзгадаць Мёрскі мэталапракатны завод, які будавалі прыватныя інвэстары, а цяпер ён цалкам належыць дзяржаве.

Хапае і іншых рэчаў, якія могуць палохаць замежных інвэстараў. Напрыклад, ускладненьне працэсу выхаду зь беларускіх актываў — асабліва гэта тычыцца інвэстараў зь «недружалюбных» краін.

Трэба сказаць, што і бяз гэтага інвэстыцыйны клімат у Беларусі быў далёка ня самы прывабны. Так што апошнія падзеі не паказалі заходнім інвэстарам нечага кардынальна новага пра магчымасьць інвэстыцыяў у Беларусі.

— Раней (пры тым, што агульны клімат быў ня самы спрыяльны) Лукашэнка індывідуальна сустракаўся зь некаторымі бізнэсоўцамі, даваў ім асабістыя абяцаньні. І кагосьці заваблівала слова кіраўніка дзяржавы. Аднак за апошнія мінімум тры гады мы ўжо ня можам узгадаць такія сустрэчы. Чым тады на сёньня Менск можа прывабіць патэнцыйных інвэстараў?

— Інвэстыцыйны клімат, відавочна, пагоршыўся за апошнія тры гады, на фоне санкцыяў і пагаршэньня адносінаў з Захадам. І сапраўды, у 2015–19 гадах адбываліся нейкія сустрэчы з кіраўніцтвам дзяржавы, былі «індывідуальныя падыходы» да некаторых асобных праектаў. Цяпер нічога такога няма, — нават з Кітаем, а ня толькі з Захадам.

Зрэшты, і раней інвэставаньне ў Беларусь было справай рызыкоўнай. Можна ўзгадаць і «залатую акцыю» на прадпрыемствах, калі дзяржава атрымлівала поўны кантроль над кіраваньнем кампаніяй, можна ўзгадаць фактычна нацыяналізаваныя «Камунарку» і «Спартак», той жа велазавод, — калі дзяржава ўмешвалася ў прыватны бізнэс.

Цяпер, пасьля 2020 году, інвэстары ўжо самі сыходзяць, і дзяржава вырашае, як з гэтым паступаць. І дзейнічае паводле старой мадэлі: «Калі вам гэта ня трэба, то мы гэта забяром».

— Што гэта ўсё азначае? Ці можна лічыць, што дзяржаўныя структуры, разумеючы цяперашнюю палітычную сытуацыю, проста плюнулі на разьвіцьцё інвэстыцыйнага клімату? Маўляў, катастрофы няма, і бяз гэтага пражывём?

— Сапраўды, мы не назіраем зьніжэньня аб’ёмаў інвэстыцыяў у мінулым годзе. Гэта быў той самы аднаўленчы рост, які назіраўся ў 2023 годзе ва ўсёй эканоміцы. Інвэстыцыі ішлі пераважна за кошт унутраных рэсурсаў — гэта і дзяржаўныя бюджэтныя грошы, і рэсурсы бізнэсу.

Актыўна павялічваўся аб’ём выдадзеных крэдытаў, якія ішлі ў тым ліку і на інвэстыцыйныя патрэбы. Калі паглядзець на апошнія даступныя дадзеныя па імпарце, то назіраем даволі вялікі рост інвэстыцыйных тавараў. Плюс ёсьць розныя «саюзныя праграмы» з Расеяй, ёсьць дзяржаўныя беларускія інвэстыцыйныя праграмы, пляны якіх спускаюцца «зьверху» на кожны раён. Так што дзьве асноўныя крыніцы — гэта ўнутраныя рэсурсы і Расея.

— Як можна ацаніць скандальную гісторыю зь дзяржаўнымі беларускімі аблігацыямі (эўрабондамі), даходы па якіх Беларусь не сьпяшаецца выплачваць, дый пагашэньне іх пад пытаньнем. Некаторыя расейскія інвэстары, якія валодаюць беларускімі эўрабондамі, накіравалі міністру фінансаў Беларусі Юрыю Селіверставу апавяшчэньне аб дэфолце. Беларускую дзяржаву гэта ўжо не турбуе?

— Міжнародныя агенцтвы, якія разьлічвалі рэйтынг краінаў, ужо фактычна прызналі тэхнічны дэфолт Беларусі. Fitch Ratings і Moody’s панізілі крэдытны рэйтынг Беларусі: першае заявіла, што дэфолт у краіне непазьбежны, другое назвала сытуацыю дэфолтам.

А цяпер некаторыя агенцтвы ўжо ўвогуле перастаюць даваць Беларусі рэйтынг, бо беларуская дзяржава не публікуе дастаткова дадзеных, ня дзеліцца імі з рэйтынгавымі агенцтвамі, і тыя, адпаведна, ня могуць разьлічваць індэкс Беларусі.

— І што гэта можа азначаць у практычным сэнсе?

— Гэта вельмі кепска для любой эканомікі, бо рэйтынг краіны, які прадстаўляецца міжнароднымі агенцтвамі з добрай рэпутацыяй, дазваляе інвэстарам ацаніць магчымасьць укладаць грошы ў тую ці іншую краіну. Калі рэйтынгу няма — то інвэстары ня ведаюць, наколькі бясьпечна і выгадна інвэставаць у гэтую краіну, і, адпаведна, вырашаюць туды не ісьці.

Што тычыцца гісторыі з аблігацыямі, то пасьля яе ўсе сусьветныя інвэстары чарговы раз пераканаюцца, што зь Беларусьсю лепш ня мець спраў. Расейцы не пабаяліся, выкупілі аблігацыі — і цяпер маюць праблемы. Я нават не разумею, у чым там прычына, чаму беларуская дзяржава ня хоча выконваць свае абавязкі ў поўным аб’ёме. Бо іншыя свае абавязаньні, напрыклад, якія датычаць замежнага доўгу, Менск выконвае.

— Можа, беларускія ўлады лічаць, што калі інвэстары купілі гэтыя эўрабонды ў свой час па зьніжанай цане — то і выплачваць ім увесь кошт ня варта?

— Менск нядаўна зьмяніў пэўныя ўмовы куплі і продажу гэтых дзяржаўных аблігацыяў. Яны як бы кажуць інвэстарам: альбо гуляйце па нашых правілах, альбо не атрымаеце поўнай цаны за аблігацыі. Магчыма, чыноўнікі вырашылі, што імідж дзяржавы і так ужо падарваны, а таму няма чаго губляць. Мы ведаем, што расейскія інвэстары патрабуюць поўнага вяртаньня сваіх сродкаў — паглядзім, чым гэты скандал скончыцца.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG