Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску сьнегапад выклікаў транспарны каляпс, заторы да 10 балаў


Сьнегапад. Архіўнае фота
Сьнегапад. Архіўнае фота

На 18 студзеня ў Беларусі абвешчаны аранжавы ўзровень небясьпекі праз інтэнсіўныя сьнегапады і парывісты вецер на большай частцы тэрыторыі краіны.

Сэрвісы ацэньваюць заторы ў Менску ў 10 з 10 балаў.

Сьнегапад унёс карэктывы ў работу грамадзкага транспарту, на некаторых тралейбусных маршрутах адбылося спыненьне руху, піша БелТА з спасылкай на дзяржаўнае прадпрыемства «Менсктранс».

Так, з 8:43 на праспэкце Пушкіна ў раёне Чыгладзэ ў кірунку вул.Прытыцкага праз надвор’е адбылося спыненьне руху тралейбусаў на маршрутах 10, 33, 39. У 9:16 рух адноўлены.

З 7:49 на вул. Прытыцкага, вул. П.Глебкі ў кірунку праспэкта Пушкіна з прычыны ДТЗ спыняўся рух тралейбусаў на маршрутах 13, 31, 44, 55, 77. Рух тралейбусаў маршрутаў 13, 44, 55, 77 арганізаваны па вуліцах Адзінцова, Якубоўскага, Шаранговіча, Панамарэнкі, праспэкце Пушкіна; №31 — па вуліцах Лабанка, Адзінцова, Якубоўскага, Шаранговіча, Панамарэнкі. У 8:24 рух адноўлены.

З 8:45 на Партызанскім праспэкце ў раёне мотавелазавода ў кірунку ДС «Ангарская-4» праз ДТЗ спыніўся рух тралейбусаў на маршрутах 3, 16, 30, 36. Рух арганізаваны па вуліцах Маякоўскага, Дзянісаўскай, Ванеева.

На вуліцах Радыяльнай і Пераходнай з 8:43 у кірунку плошчы Круглай праз непагадзь адбылося спыненьне руху тралейбусаў на маршрутах 15, 17, 33, 42, 92. Рух маршрутаў нумар 15, 17, 33, 42 арганізаваны да Круглай плошчы, маршруту нумар 92 — па вуліцах Ваўпшасава, Ванеева, Партызанскім праспэкце.

«У сувязі з умовамі надвор’я магчымыя адхіленьні ад устаноўленага раскладу руху пасажырскага транспарту. Улічвайце гэтую інфармацыю пры паездцы», — параілі ў «Менсктрансе».

Напрыклад, у менскай Лошыцы транспарт стаіць 40 хвілін на скрыжаваньні. На вуліцы Янкі Лучыны працуе сьнегапрыбіральная тэхніка, ёй дапамагаюць экіпажы ДАІ.

Ад стыхіі блага ходзіць грамадзкі транспарт у бок цэнтра гораду, у зваротным кірунку — чарга з машын, пішуць «Менск-Навіны».

З раніцы паведамлялася, што горад стаў у 10-бальных заторах.

Сёньня Менская дзяржаўтаінспекцыя рэкамэндуе:

  • Кіроўцам пазьбягаць рызыкоўных паводзін на дарогах, не рабіць рэзкіх манэўраў;
  • правільна выбіраць хуткасьць і вытрымліваць бясьпечную дыстанцыю да іншых транспартных сродкаў;
  • перад пачаткам руху, перастраеньнем, паваротам, разваротам і прыпынкам не забываць загадзя падаваць сыгнал сьветлавым паказальнікам павароту, які адпавядае кірунку. Прычым падача сыгналу сьветлавымі паказальнікамі павароту павінна рабіцца да пачатку манэўраваньня.
  • Пешаходам ва ўмовах недастатковай бачнасьці неабходна пазначыць сябе сьвятлоадбівальнымі элемэнтамі і быць вельмі ўважлівымі пры перасячэньні праезнай часткі дарогі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG