Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Літвы не падтрымліваюць ініцыятыву аб закрыцьці школ з навучаньнем на мовах нацыянальных меншасьцяў


Будынак у якім да Другой сусьветнай была Віленская беларуская гімназія. Ілюстрацыйнае фота
Будынак у якім да Другой сусьветнай была Віленская беларуская гімназія. Ілюстрацыйнае фота

На мінулым тыдні Міністэрства адукацыі, навукі і спорту Літвы агучыла ініцыятыву аб неабходнасьці адмовы ад навучаньня на расейскай і іншых мовах нацыянальных меншасьцяў.

Прэм’ер-міністар і сьпікерка Сейму Літвы Інгрыд Шыманіце і Вікторыя Чміліце-Нільсэн заявілі, што не падтрымліваюць ініцыятыву Міністэрства адукацыі аб закрыцьці школ з расейскай і іншымі нацыянальнымі мовамі навучаньня.

Як паведаміла Інгрыд Шыманіце літоўскаму выданьню LRT, ва ўстановах дашкольнай і сярэдняй адукацыі, дзе навучаньне адбываецца на мовах нацыянальных меншасьцяў «зь верасьня 2021 году ўвялі 5 штотыднёвых урокаў літоўскай мовы». Апроч таго, на тле вайны сёлета ў сыстэму адукацыі ўключылі абноўленыя навучальныя праграмы, сярод якіх — праграма асноў грамадзянскасьці.

Літоўская прэм’ерка дадала, што без ацэнкі ўплыву гэтых зьмен рашэньне аб скасаваньні навучаньня на мовах нацыянальных меншасьцяў будзе неабгрунтаваным. Яна таксама перакананая, што таксама неабходна вызначыць, якія праблемы гэтым рашэньнем будуць разьвязвацца і чаканыя вынікі.

«Школы, у якіх урокі выкладаюцца на мовах нацыянальных меншасьцяў, — гэта вельмі важны рэсурс для лепшай інтэграцыі і ўзмацненьня нашага грамадзтва», — сказала Вікторыя Чміліце-Нільсэн.

Сьпікерка Сейму Літвы Вікторыя Чміліце-Нільсэн пераканана, што на нацыянальных мовах трэба ўзмацняць і паляпшаць асьвету.

«У гэтым сэнсе я бачу вялікую ролю Міністэрства адукацыі. Я ня думаю, што варта палохацца таго, што ў год выбараў зьяўляюцца розныя ініцыятывы, розныя ідэі, якія часткова, вядома ж, таксама зьяўляюцца рэакцыяй на тую напружанасьць, якая існуе ў грамадзтве. Але зноў жа, я думаю, што навучаньне на мовах нацыянальных меншасьцяў — гэта магчымасьць для лепшай інтэграцыі, а не небясьпека», — патлумачыла Вікторыя Чміліце-Нільсэн.

Сьпікер Сейму Літвы ня лічыць школы нацыянальных меншасьцяў Літвы «савецкай спадчынай».

«Калі мы паглядзім на такія краіны, як, напрыклад, Данія, дзе ёсьць навучаньне на нямецкай мове; Румынія, Польшча, нашы суседзі, дзе ёсьць навучаньне на літоўскай мове, мы якраз бачым зусім іншыя прыклады, і я лічу, што гэта вялікая сіла і плюс Літвы, што ў нас навучаньне на мовах нацыянальных меншасьцяў ёсьць і, я спадзяюся, што яно і далей будзе адной з дадатковых магчымасьцяў якраз палепшыць інтэграцыю», — адзначыла яна.

На мінулым тыдні Міністэрства адукацыі, навукі і спорту Літвы агучыла ініцыятыву аб неабходнасьці адмовы ад навучаньня на расейскай і іншых мовах нацыянальных меншасьцяў пасьля інцыдэнту, калі падлеткі, якія навучаліся ў расейскамоўнай школе, з пнэўматычнай зброі абстралялі свайго аднаклясьніка за тое, што ён не падтрымлівае вайну ва Ўкраіне.

У Літве існуе толькі адна гімназія, у якой навучаньне адбываецца на беларускай мове. Яна дзейнічае ў Вільні з 1994 году.

Заснавальнікам Віленскай гімназіі імя Францішка Скарыны зьяўляецца Віленскае самакіраваньне. Асноўная мова навучаньня — беларуская, але некаторыя прадметы выкладаюцца па-літоўску. Навучаньне адбываецца з 1-й да 12-й клясы. З 2014 году ў гімназіі стварылі групу дашкольнай адукацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG