«Незадоўга да 6 гадзіны вечара аўтамабіль сутыкнуўся са зьнешняй брамай комплексу Белага дому», — паведаміў прадстаўнік службы Энтані Гульельмі ў сацыяльнай сетцы Х. Ён дадаў, што кіроўца затрыманы, а «прычына і характар сутыкненьня» высьвятляюцца.
Прэзыдэнт Джо Байдэн у момант інцыдэнту знаходзіўся за межамі гораду.
Паліцыя Вашынгтону праверыла аўтамабіль і забрала яго. Кіроўца застаецца пад вартай.
У апошнія гады Белы дом стаў арэнай цэлага шэрагу гучных пранікненьняў на яго тэрыторыю, што прывяло да ўзьвядзеньня вакол рэзыдэнцыі прэзыдэнта больш высокага і трывалага мэталічнага плота ў 2020 годзе. Пры гэтым розныя здарэньні адбываліся пры ўсіх апошніх трох прэзыдэнтах.
У 2017 годзе мужчына пералез праз агароджу і блукаў па тэрыторыі больш за 15 хвілін, перш чым яго арыштавалі. Тагачасны прэзыдэнт Дональд Трамп тады знаходзіўся ў будынку.
У 2014 годзе, калі прэзыдэнтам быў Барак Абама, вэтэран арміі ЗША пералез праз агароджу Белага дому і прабег па лужку, пасьля чаго ўвайшоў у будынак з нажом у кішэні.