Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прагнозы экспэртаў на 2024 год: амаль ніхто не чакае ні грамадзкіх пратэстаў, ні вызваленьня палітвязьняў


Зорнае неба над Барунамі (Ашмянскі раён). Фота: Віктар Малышчыц
Зорнае неба над Барунамі (Ашмянскі раён). Фота: Віктар Малышчыц

1 і 3 студзеня на сайце Свабоды былі апублікаваныя прагнозы на 2024 год 18-ці палітычных экспэртаў. Хто зь іх пацэліў, а хто памыліўся ў сваіх прадбачаньнях — высьветлім напрыканцы году.

Але цікава прааналізаваць, у чым экспэрты паміж сабой згодныя, а наконт чаго ў ацэнках ёсьць істотныя разыходжаньні.

У адказах на некалькі пытаньняў назіраецца поўная згода. Усе 18 экспэртаў сказалі, што масавых пратэстаў сёлета ня будзе, што беларускае войска ня ўступіць у вайну, што ня будзе і расейскага нападу на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі.

Амаль усе — 17 з 18-ці — мяркуюць, што Аб’яднаны пераходны кабінэт дэмакратычных сілаў будзе існаваць і напрыканцы 2024 году. Таксама 17 экспэртаў мяркуюць, што вайна ва Ўкраіне працягнецца да канца году, хоць інтэнсіўнасьць баявых дзеяньняў можа і зьнізіцца. Што вайна сёлета скончыцца, прадбачыць толькі адзін экспэрт.

Напрыканцы 2022 году думка апытаных Свабодай экспэртаў у пытаньні магчымасьці новага ўварваньня расейскага войска з тэрыторыі Беларусі падзялілася. А вось цяпер такой магчымасьці не прадбачыць ніхто з апытаных.

У адказах на іншыя пытаньні экспэрты прадэманстравалі меншае аднадушша.

15 апытаных мяркуюць, што афіцыйнай сустрэчы прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага зь беларускай дэмакратычнай лідэркай Сьвятланай Ціханоўскай не адбудзецца і сёлета. Некаторыя зь іх робяць больш далёкі прагноз, кажучы, што такой сустрэчы не адбудзецца да канца вайны.

Дзьве траціны з апытаных мяркуюць, што да канца 2024 году кіраўніком ураду застанецца Раман Галоўчанка. Двое назвалі адно і тое ж іншае імя — цяперашняга амбасадара Беларусі ў РФ Дзьмітрыя Крутога.

Таксама тузін (дзьве траціны) прадказалі, што сёлета пасьля фармаваньня Ўсебеларускага народнага сходу яго старшынём стане Аляксандар Лукашэнка. Аднак цікава, што 4 экспэрты назвалі іншае імя (прычым адно і тое ж — цяперашняй старшыні Савету Рэспублікі Натальлі Качанавай).

11 экспэртаў заявілі, што, на іх погляд, праект «пашпарта Новай Беларусі» сёлета будзе запушчаны. Аднак і сярод іх многія скептычна ацанілі магчымасьць яго шырокага міжнароднага прызнаньня і паўнавартаснага статусу. Пры гэтым траціна апытаных (6 асобаў) мяркуе, што сёлета гэты праект нават не пачне рэалізоўвацца.

Таксама 11 экспэртаў лічаць, што напрыканцы 2024 году колькасьць адкрытых памежных пераходаў з Польшчай, Літвой і Латвіяй будзе такой жа, як і напрыканцы 2023 году. Тры экспэрты лічаць, што іх колькасьць павялічыцца, што некаторыя зачыненыя пераходы адкрыюць, і столькі ж — трое — прагназуюць, што будзе зачынена яшчэ некалькі пераходаў.

Ці не найбольш думкі экспэртаў падзяліліся наконт вынікаў сёлетніх прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША. 9 чалавек прадбачаць, што прэзыдэнтам абяруць Дональда Трампа, 6 — што Джо Байдэна. Некаторыя з тых 9 далі ўмоўны прагноз — Трамп пераможа, калі яго дапусьцяць да выбараў.

У большасьці экспэрты не чакаюць істотнай зьмены колькасьці палітвязьняў у краіне. Мэдыянны прагноз іх колькасьці — 1450. Палова апытаных лічыць, што палітвязьняў напрыканцы 2024 году будзе менш, палова — што больш.

Гэты мэдыянны прагноз прыблізна супадае з колькасьцю палітвязьняў на канец 2023 году. Калі гэтую колькасьць разглядаць як нейкі індыкатар узроўню рэпрэсіўнасьці рэжыму, то экспэрты ў сярэднім не чакаюць істотных зьменаў гэтага ўзроўню ні ў адзін бок.

Прагнозы курсу рубля адносна даляра таксама не вызначаюцца разнастайнасьцю. 16 з 18-ці экспэртаў прадказалі курс у інтэрвале 3,4–3,8, траціна ад усіх апытаных назвалі лічбу 3,5 рубля за даляр — рост у параўнаньні зь цяперашнім афіцыйным курсам на 10%.

Мэдыянная ацэнка сярэдняга заробку на канец 2024 году — 600 даляраў у эквіваленце. Гэта прыкладна столькі ж, колькі сярэдні заробак склаў на канец 2023 году.

Наконт колькасьці грамадзянаў Беларусі, якія возьмуць удзел у выбарах у Каардынацыйную раду дэмакратычных сілаў, ваганьні паміж крайнімі ацэнкамі вельмі вялікія — ад 250 чалавек да аднаго мільёна. Але пераважная колькасьць экспэртаў прадказваюць, што ў іх возьмуць удзел некалькі дзясяткаў тысячаў чалавек.

Экспэртам у палітыцы задавалася таксама пытаньне, хто, на іх погляд, атрымае літаратурную прэмію Ежы Гедройця ў 2024 годзе. Пэўны адказ з 18 апытаных даў кожны другі. Сярод гэтых дзевяці шэсьць назвалі імя Альгерда Бахарэвіча. Адзін, праўда, сказаў, што менавіта яму і не дадуць, суправадзіўшы адказ усьмешлівым смайлікам, але прыгадаў менавіта Бахарэвіча.

Падсумоўваючы вынікі, можна сказаць, што збольшага апытаныя Свабодай экспэрты не чакаюць, што сёлета адбудуцца кардынальныя зьмены ў сытуацыі як у Беларусі, гэтак і вакол яе.

Многія экспэрты суправаджалі свае прагнозы агаворкамі — будзе так, калі ня здарыцца нечага нечаканага, што цяпер немагчыма прадбачыць.

Некалі амэрыканскі міністар абароны Дональд Рамсфэльд сказаў: «Ёсьць рэчы, пра якія мы ведаем, што ведаем іх. Ёсьць таксама рэчы, пра якія мы ведаем, што ня ведаем іх. Але ёсьць яшчэ і невядомыя невядомыя — гэта рэчы, пра якія мы нават ня ведаем, што іх ня ведаем».

Для пераважнай большасьці экспэртаў, апытаных Свабодай, зьмены ў 2024 годзе — гэта якраз такое двойчы невядомае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG