Пасьлядоўнасьць з 21 землятрусу магнітудай 4,0 і больш балаў абрынулася на цэнтральную частку Японіі. Штуршкі доўжыліся больш за 90 хвілін 1 студзеня. Пра гэта паведаміла Японскае мэтэаралягічнае агенцтва.
Магутнасьць самага моцнага штуршка склала 7,6 бала.
Землятрусы выклікалі папярэджаньне аб цунамі з боку Японскага мора, і ўлады заклікалі людзей у гэтым раёне перабрацца на ўзвышшы.
Мэтэаралягічнае агенцтва Японіі выпусьціла папярэджаньні аб цунамі ў прыбярэжных прэфэктурах Ішыкава, Ніігата і Таяма. Расея таксама выпусьціла папярэджаньні аб цунамі ў сваіх далёкаўсходніх гарадах Уладзівасток і Находка.
Улады Японіі ўсё яшчэ ацэньваюць маштабы шкоды, і жыхарам трэба быць гатовымі да новых падземных штуршкоў і пастарацца эвакуавацца, заявіў прэм’ер-міністар Фуміа Кісіда ў камэнтарах, паказаных тэлеканалам NHK.
Кадры, паказаныя тэлеканалам NHK, дэманструюць, як у прыбярэжным горадзе Сузу будынак разбураецца ў шлейфе пылу, а жыхары гораду Канадзава скурчыліся пад сталамі, калі падземныя штуршкі скаланулі іх дом. Землятрус таксама скаланула будынкі ў сталіцы Токіё на супрацьлеглым узьбярэжжы.
Цяперашнія падзеі прымусілі японцаў успомніць трагічны час 13 гадоў таму. Моцны землятрус і цунамі абрынуліся на паўночны ўсход Японіі 11 сакавіка 2011 году, у выніку чаго загінулі амаль 20 000 чалавек, былі разбураны гарады і выклікана катастрофа на АЭС у Фукусіме.