Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я ўпарта не хацеў выяжджаць». Былы дырэктар Музэю гісторыі Магілёва Бацюкоў пра спробу вэрбаваньня ад КДБ і катаваньні на «сутках»


Аляксей Бацюкоў
Аляксей Бацюкоў

Аляксея Бацюкова цягам 2023 году двойчы затрымлівалі супрацоўнікі КДБ. Цяпер ён выехаў з краіны і расказаў пра свае затрыманьні і досьвед размоваў з супрацоўнікамі КДБ.

Аляксей Бацюкоў дзесяць гадоў адпрацаваў дырэктарам Музэю гісторыі Магілёва. Ён таксама вядомы як журналіст і пісьменьнік. За час працы Бацюкоў папоўніў калекцыю музэю такімі каштоўнымі артэфактамі, як арыгінальнае выданьне Статуту ВКЛ 1588 году і іншымі рэдкімі кнігамі.

Свабода паразмаўляла Аляксеем Бацюковым пра падзеі, якія адбываліся зь ім у апошнія гады.

«Звольнілі ў самы змрочны час»

З Аляксеем Бацюковым былі знаёмыя многія магілёўскія чыноўнікі. У 2020 годзе дырэктар музэю падтрымаў пратэст, атрымаў штраф за ўдзел у адной з акцый. А ўжо ў пачатку 2021-га яго звольнілі з працы.

«Звольнілі мяне вельмі проста — 6 студзеня 2021 году. Гэта было напярэдадні праваслаўнага Раства, самы змрочны час у годзе, калі нячыстыя сілы маюць найбольшую моц. У гэты дзень мне паведамілі, што са мной ня будуць працягваць кантракт. Ён у мяне сканчаўся 17 лютага 2021 году. Роўна дзесяць гадоў я адпрацаваў. З таго часу і пачалося новае жыцьцё», — расказвае мэнэджар.

Звальнялі Бацюкова ва ўпраўленьні культуры Магілёўскага гарвыканкаму.

«У мяне тады яшчэ спыталіся: „Аляксей Мікалаевіч, а чаму вы не пытаецеся, чаму мы вас звальняем?“ — „Мне і так усё зразумела“, — адказаў я. На гэтым мы і скончылі».

Пасьля гэтага Бацюкоў стаў фрылансэрам — займаўся капірайтынгам, напісаньнем тэкстаў. Быў запрошаны весьці сэрыю гістарычных лекцый на youtube-канал 6TV.

«У людзей апухалі ногі, гэта было катаваньне»

27 ліпеня 2023 году Аляксея Бацюкова ўпершыню затрымалі. Затрыманьне адбывалася дома, і праводзілі яго супрацоўнікі КДБ.

«Мяне пасадзілі да суду на трое сутак. На судзе адпусьцілі, бо быў няправільна складзены пратакол. Потым быў яшчэ адзін суд і таксама няправільна складзены пратакол. На трэцім судзе мне прысудзілі восем дзён адміністрацыйнага арышту, мне трэба было даседзець яшчэ пяць. На волю я выйшаў ці 28-га, ці 29 жніўня».

Пісьменьнік расказвае, што ўмовы ўтрыманьня ў магілёўскім ІЧУ былі вельмі жорсткімі.

«На працягу ўсяго тэрміну нам не дазвалялі сядзець удзень — толькі стаяць і хадзіць. У людзей апухалі ногі, гэта было вельмі сур’ёзнае катаваньне».

Прычынай арышту стала спасылка ў камэнтарах на выданьне, якое лічыцца «экстрэмісцкім». Сама назва выданьня не была экстрэмісцкай, але такім было лічбавае азначэньне канала, расказвае Аляксей.

«Забралі ноўтбук, тэлефон. Пабачылі, што я працую з рэсурсам mogilev.media. Гэта было падставай для допытаў. Супрацоўнікі КДБ паводзіліся ў цэлым нармальна, спакойна».

Пры гэтым Аляксей Бацюкоў гаворыць, што жаданьня пакідаць краіну ў яго не было нават пасьля затрыманьня.

«Я ўпарта не хацеў выяжджаць, для мяне гэта не было тэмай для абмеркаваньня і думак», — кажа ён.

«Мяне прымусілі на камэру патэлефанаваць Салаўёву»

Другім разам Аляксея Бацюкова зноў затрымалі дома, зноў КДБ. Гэта адбылося 5 сьнежня 2023 году.

«Гэтым разам было больш жорстка, з амапаўцамі, паклалі на падлогу. Потым адвезьлі ў КДБ і дапытвалі да гадзіны начы. Зноў знайшлі ў фэйсбуку сьлед ад нейкай падабайкі за 2020 год і зноў склалі адміністрацыйны пратакол за распаўсюд «экстрэмісцкай прадукцыі».

За час зьняволеньня журналіста двойчы дапытвалі супрацоўнікі КДБ як сьведку ў крымінальнай справе іншых людзей. На судзе ж Аляксею Бацюкову прысудзілі 15 дзён арышту.

«Калі мяне затрымалі, то нібыта затрымалі яшчэ шэсьць чалавек. Іх прымушалі запісаць відэа. Са мной таксама запісвалі відэа. Ад мяне запатрабавалі, каб я са свайго тэлефона пазваніў Зьмітру Салаўёву (галоўны рэдактар праекту 6TV. — РС), і пісалі размову на дыктафон і камэру адначасова. Тыя кадры, якія потым паказвалі на магілёўскай тэлевізіі, гэта была якраз размова з Салаўёвым на камэру, а ня нейкае праслухоўваньне».

Аляксей расказвае, што Зьміцер Салаўёў прапаноўваў яму эвакуацыю, але пісьменьнік адмовіўся.

«Я сказаў, што не, бо спалохаўся таго, каб не прыехала нейкая эвакуацыйная брыгада, якую могуць таксама затрымаць. Ніякага працягу потым не было, мяне не выкарыстоўвалі як нейкага „жыўца“».

«Абняў родных і стаў выбірацца з краіны»

19 сьнежня, калі ў Бацюкова канчаўся 13-ы дзень арышту, яго зноў прывезьлі ў КДБ.

«Там мне абвесьцілі, што я праходжу ў якасьці падазраванага ў крымінальнай справе паводле артыкулу 361-4 ч. 2 („Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці“). Сказалі, што мяне чакае тэрмін да 7 гадоў. Пасьля гэтага вярнулі ў ІЧУ. Супрацоўнікі КДБ папярэдзілі, што ў дзень вызваленьня я буду даваць паказаньні ў Сьледчым камітэце».

Аляксей чакаў, што яго адразу арыштуюць пры вызваленьні. Магчыма, зробяць гэта яшчэ ў сьценах ІЧУ.

«А мяне чамусьці а першай гадзіне ночы проста выпусьцілі. Ніякай падпіскі аб нявыезьдзе ці з патрабаваньнем зьяўляцца на допыты не было. Абняў родных і стаў выбірацца з краіны».

«Сем дзён былі бязь верхняй вопраткі»

Аляксей Бацюкоў кажа, што другі раз на «сутках» усё ж дазвалялі сядзець удзень на падлозе.

«Усе астатнія абмежаваньні такія самыя — без матраца, без падушкі, безь нічога. Няма магчымасьці памыцца, кантактаваць з роднымі, сьвятло гарыць і ўдзень, і ўночы. Тры разы на дзень праверка з выхадам у калідор, два разы ўначы будзяць з патрабаваньнем назваць свае прозьвішчы».

Журналіст расказвае, што ў камэру да іх падсаджвалі хуліганаў, за іх парушэньні дысцыпліны каралі ўсю камэру.

«Аднойчы пазбавілі ўсіх рэчаў, якія перадалі родныя — зубной пасты, сухарыкаў, печыва, тапак. Дзён сем мы былі бязь верхняй вопраткі — толькі нагавіцы, майка, шкарпэткі. Ноччу пры гэтым было дастаткова холадна, людзі абдымаліся з батарэяй. Бывала, што аддавалі адзін адному швэдры».

У камэры з Аляксеем сядзелі пераважна палітычныя вязьні, даходзіла да васьмі чалавек.

«Усе „палітычныя“ былі за рэпосты, падабайкі, камэнтары. Было некалькі чалавек, якія мелі пагрозу крымінальнага перасьледу. Іх далейшага лёсу я ня ведаю».

«Падпішаш дамову аб супрацоўніцтве»

Ці вэрбавалі Аляксея падчас арышту?

«Я не адчуў вэрбаваньня. Была размова, якая больш нагадвала маналёг, чым дыялёг. Мне сказалі: „Вось неўзабаве ты прыедзеш у КДБ, падпішаш дамову аб супрацоўніцтве і мы будзем адпраўляць цябе па справах“. Такія размовы былі, але нічога мне ў рэальнасьці не прапаноўвалі падпісваць».

У дзень затрыманьня Бацюкова выданьне 6TV было прызнана «экстрэмісцкім фармаваньнем».

«Mogilev.media — гэта асобны прадукт, ніяк не зьвязаны з 6TV. Потым жа мне паказвалі дакумэнт, дзе mogilev.media прызнаваўся падразьдзяленьнем 6TV. Гэта ўсё ня так. Я наконт гэтага пратэставаў, але ўсё гэта ігнаравалася. Усё, у чым яны абвінавачвалі 6TV, аўтаматычна пераносілася і на мяне як на прадстаўніка mogilev.media. Іх найперш цікавілі фінансавыя пытаньні».

Цяпер Аляксей Бацюкоў знаходзіцца ў бясьпечным месцы.

«Народ у стане дэпрэсіі і злосьці»

Былы дырэктар музэю кажа, што асаблівай зьмены стаўленьня ад людзей у дачыненьні сябе не адчуў за апошнія тры гады.

«Людзі, якія паважалі, працягвалі паважаць. Падтрымка стала адчувальнай. Я часта сустракаў людзей на вуліцы, якіх я ня ведаў, але яны лічылі сваім абавязкам падысьці да мяне і выказаць словы падзякі, паціснуць руку. З чыноўнікамі я асабліва не перасякаўся, але засталіся і чыноўнікі, і былыя чыноўнікі, якія працягвалі добра ставіцца».

Што тычыцца агульнай атмасфэры ў Беларусі і Магілёве, то пісьменьнік характарызуе яе так:

«Народ прыгнечаны, спалоханы. Людзі злыя, нават крымінальнікі ў турме надзвычай злыя: яны бачаць усю несправядлівасьць, што робіцца. Я б сказаў, што народ разагрэты. Пры гэтым у стане такой дэпрэсіі і злосьці».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG