Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Наваполацку адкрылі памятны знак у гонар загінулых у 1979 годзе пад Кабулам


Наваполацак, архіўнае фота
Наваполацак, архіўнае фота

У цырымоніі адкрыцьця ўзялі ўдзел прадстаўнікі ўлады, у тым ліку кіраўнік Савету бясьпекі Вальфовіч.

У Наваполацку ўрачыста адкрылі памятны знак у гонар загінулых у 1979 годзе пад Кабулам дэсантнікаў і экіпажу самалёту ІЛ-76, інфармуе БелТА.

Манумэнт — бронзавая фігура салдата, на фоне — элемэнты баявой машыны дэсанту, паменшаныя копіі паветраных суднаў вайскова-транспартнай авіяцыі. Тут жа бронзавая мапа Афганістану, а вянчае ўсю кампазыцыю савецкая зорка.

Знак увекавечыў памяць аб дэсантніках 350-га гвардзейскага парашутна-дэсантнага палку 103-й гвардзейскай паветрана-дэсантнай дывізіі і экіпажы самалёта ІЛ-76 128-га гвардзейскага вайскова-транспартнага авіяцыйнага палку 18-й гвардзейскай вайскова-транспартнай авіяцыйнай дывізіі.

Залатымі літарамі на разьмешчаных побач стэлах прапісаныя імёны 37 дэсантнікаў і 10 членаў экіпажу, якія загінулі пры ўводзе савецкіх войскаў у Афганістан. Яны рабілі баявое дэсантаваньне пасадачным спосабам 25 сьнежня 1979 году.

Цырымонія адкрыцьця мэмарыялу прайшла пры ўдзеле дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі Аляксандра Вальфовіча. Сярод прысутных на цырымоніі былі кіраўнікі некаторых міністэрстваў, кіраўніцтва паўночнага рэгіёну, дэпутаты дзьвюх палат Нацыянальнага сходу, вайскоўцы, вэтэраны і моладзь.

Авіякатастрофа непадалёк ад Кабулу адбылася 25 сьнежня 1979 году. Тады Іл-76 з 37 дэсантнікамі і 10 членамі экіпажу выконваў вылет з аэрапорту Ўсходні. Самалёт разьбіўся пасьля ўдару аб адну зь вяршыняў, разьляцеўшыся на часткі па абодва бакі ад грэбню.

Людзі на борце загінулі, усе яны служылі ў Баравусе. Крушэньне адбылося высока ў гарах, часткі самалёта разьляцеліся і апынуліся ў цяжкадаступным месцы. Можна было дабрацца толькі да кабіны з экіпажам. Салён з дэсантнікамі і тэхнікай трапіў у цясьніну, і знайсьці яе ўдалося толькі ў верасьні 2006 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG