На сайце латвійскага зьнешнепалітычнага ведамства паведамляецца, што гэта зроблена «на знак салідарнасьці з палітвязьнямі і членамі іх сем’яў у Беларусі». Згаданая плятформа абраная для падтрымкі з таго меркаваньня, што яна «займаецца зборам і захаваньнем сьведчаньняў парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, а таксама аказвае падтрымку ахвярам палітычных рэпрэсій».
Міжнародную плятформу, якая была сфармавана на пачатку 2021 года, узначальвае Дацкі інстытут супраць катаваньняў Dignity. У складзе плятформы таксама брытанская няўрадавая арганізацыя Redress, праваабарончы цэнтар «Вясна» і Міжнародны камітэт па расьсьледаваньні катаваньняў у Беларусі (спэцпраект праваабарончай арганізацыі «Прававая ініцыятыва»).
Ініцыятыва займаецца «зборам, апрацоўкай, вэрыфікацыяй і захаваньнем доказаў сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека, якія з’яўляюцца злачынствамі паводле міжнароднага права, меркавана зьдзейсьненых у Беларусі ў кантэксьце прэзыдэнцкіх выбараў 2020 года і ў наступны пэрыяд». Гэта робіцца для «падтрымкі органаў па прыцягненьню да адказнасьці і забесьпячэньня доступу беларусаў і іншых пацярпелых да сродкаў прававой абароны і кампэнсацыі шкоды».
Плятформу падтрымліваюць Вялікабрытанія, Ісьляндыя, Канада, Ліхтэнштэйн, Нарвэгія, ЗША, Швайцарыя, а таксама ЭЗ у цэлым і асобна шэраг яго членаў — Аўстрыя, Бэльгія, Германія, Данія, Латвія, Літва, Нідэрлянды, Польшча, Румынія, Славакія, Фінляндыя, Чэхія, Эстонія.