Сьцісла:
- Прэзыдэнцкая кампанія ў Расеі моцна паўплывае на палітычныя працэсы ў Беларусі.
- Падчас усіх папярэдніх прэзыдэнцкіх кампаній у Беларусі Лукашэнка заўсёды імкнуўся займець падтрымку Масквы.
- Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і масавых пратэстаў Пуцін падтрымаў Лукашэнку, але паставіў умову: беларускі кіраўнік павінен празь нейкі час сысьці са сваёй пасады. Той вымушаны быў пагадзіцца.
- Аднак вайна Расеі супраць Украіны ўсё абнуліла. Цяпер Пуцін не настойвае, каб Лукашэнка сыходзіў.
- Лукашэнка сьледам за Пуціным таксама будзе балятавацца на прэзыдэнцкіх выбарах 2025 году.
У Расеі пачалася перадвыбарчая прэзыдэнцкая кампанія. Уладзімір Пуцін абвясьціў пра свой намер балятавацца на новы тэрмін. Ніхто не прагназуе ніякай інтрыгі. У Крамлі таксама засвоілі ўрок прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі і не дапусьцяць да ўдзелу ў кампаніі любой асобы, якая можа акумуляваць хоць нейкі пратэставы патэнцыял.
Як расейскія выбары паўплываюць на палітычныя працэсы ў Беларусі? Якая тут сувязь?
Найперш, гэта паўплывае на беларускія прэзыдэнцкія выбары 2025 году.
Справа ў тым, што ўсе папярэднія прэзыдэнцкія кампаніі ў Беларусі праходзілі пад шчыльным кантролем з боку Расеі. Аляксандар Лукашэнка заўсёды імкнуўся займець падтрымку Масквы. Такі своеасаблівы «ярлык на княжаньне». І кожны раз напярэдадні выбараў вяліся напружаныя перамовы з кіраўніцтвам Расеі, Крэмль ставіў умовы сваёй падтрымкі вынікаў выбарчага працэсу.
Напрыклад, на пачатку нулявых Пуцін не падтрымліваў імкненьне Лукашэнкі балятавацца насуперак абмежаваньням, якія тады існавалі ў Канстытуцыі Беларусі, на трэці прэзыдэнцкі тэрмін. Бо прытрымліваўся канстытуцыйных правілаў і тады не хацеў сам мяняць Асноўны Закон РФ (дзеля гэтага нават часова саступіў пасаду прэзыдэнта Дзьмітрыю Мядзьведзеву). Прычым Пуцін казаў пра гэта публічна.
Беларускі лідэр у 2003-2004 гадах ладзіў розныя манэўры, каб угаварыць прэзыдэнта РФ спалучыць рэфэрэндум аб зьменах у Канстытуцыі Беларусі з прыняцьцем Канстытуцыйнага акту Саюзнай дзяржавы і пераходам на адзіную валюту. Аднак гэта не ўдалося. І Лукашэнку давялося ў 2004 годзе праводзіць рэфэрэндум аб зьменах Канстытуцыі, каб прыбраць канстытуцыйныя абмежаваньні, у піку Пуціну. Ён абвясьціў аб яго правядзеньні ў дзень агульнарасейскай жалобы па загінулых у Беслане (тады тэрарысты захапілі школу, загінула шмат дзяцей). У адплату ў першыя тры дні пасьля правядзеньня беларускага рэфэрэндуму расейскія СМІ рэзка крытыкавалі Лукашэнку і ягоныя мэтады кіраваньня.
Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і масавых пратэстаў Пуцін падтрымаў Лукашэнку, але паставіў умову: беларускі кіраўнік павінен празь нейкі час сысьці з пасады. Падчас сустрэчы ў Сочы ў верасьні таго знакамітага году прэзыдэнт Расеі (а таксама міністар замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў) казалі пра канстытуцыйную рэформу і датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі. Лукашэнка вымушаны быў пагадзіцца. Шмат разоў намякаў, што не выключае правядзеньня датэрміновых прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў. Пад свой сыход нават памяняў Канстытуцыю, прыдумаў для сябе пасаду кіраўніка Ўсебеларускага народнага сходу, перацягнуўшы на яе паўнамоцтвы ад прэзыдэнта і парлямэнту. І некалькі разоў цьвёрда абяцаў больш не балятавацца на прэзыдэнцкую пасаду.
Выступаючы з заключным словам на Ўсебеларускім народным сходзе ў лютым 2021 году, Лукашэнка запэўніваў, што балятавацца на новы тэрмін на пасаду прэзыдэнта не плянуе: «Гэта буду ня я! Будзе іншы кіраўнік дзяржавы». 9 жніўня таго ж году, падчас прэсавай канфэрэнцыі, прысьвечанай гадавіне прэзыдэнцкіх выбараў, Лукашэнка, адказваючы на пытаньне журналіста, калі ён пакіне прэзыдэнцкую пасаду, адказаў: «Хутка, вельмі хутка».
Аднак вайна Расеі супраць Украіны ўсё абнуліла. Цяпер Пуцін не настойвае, каб Лукашэнка сыходзіў. І сам беларускі ўладар больш не гаворыць пра нейкія датэрміновыя выбары. Наадварот, нават тэрміновыя выбары ў мясцовыя саветы і Нацыянальны сход адмяніў, перанёс іх на пазьнейшы тэрмін. Няма гаворкі ня тое што пра хуткі сыход, а ўвогуле пра сыход.
Важным паказьнікам таго, што Лукашэнка не зьбіраецца пакідаць прэзыдэнцкую пасаду, стала ўзмацненьне масавага палітычнага тэрору ў 2022-2023 гадах, які распаўсюдзіўся на родзічаў апазыцыянэраў, займеўшы форму, сярод іншага, канфіскацыі іх маёмасьці. Цяпер можна ня стрымлівацца, не асьцерагацца, што хтосьці можа адпомсьціць пасьля ягонага сыходу. Бо Рубікон пяройдзены.
Адзінай нейкай (няхай і нязначнай) псыхалягічнай перашкодай магло б стаць тое, што Пуцін раптам зь нейкіх прычын (стан здароўя, напрыклад) вымушаны быў бы сысьці, ня ўдзельнічаць у новых прэзыдэнцкіх выбарах. У такім разе імкненьне Лукашэнкі балятавацца на новы тэрмін на выбарах 2025 году выглядала б як пэўны выклік Крамлю. Маўляў, пераседзеў Барыса Ельцына, Дзьмітрыя Мядзьведзева, Уладзіміра Пуціна. Не паважае старэйшых братоў, не бярэ зь іх прыклад — непарадак. Магло ўзьнікнуць пэўнае непаразуменьне.
Але цяпер, калі Пуцін канчаткова вырашыў балятавацца і фактычна ідзе на пажыцьцёвае прэзыдэнцтва, апошняя псыхалягічная перашкода для Лукашэнкі зьнікла. Ён таксама пойдзе на выбары 2025 году і будзе, верагодна, займаць дзьве пасады: прэзыдэнта і кіраўніка Ўсебеларускага народнага сходу.