Лінкі ўнівэрсальнага доступу

12 арыштаў, татуіроўка «23.34». Што вядома пра Аляксандру Каско, якую пасьля вяртаньня ў Беларусь асудзілі на 10 гадоў


Аляксандра Каско на адной з акцый пратэсту з плякатам, архіўнае фота
Аляксандра Каско на адной з акцый пратэсту з плякатам, архіўнае фота

Былой мэдсястры з Ваўкавыску з сымбалічным тату «23.34» прысудзілі 10 гадоў

У Горадзенскім абласным судзе 19 сьнежня прысудзілі 10 гадоў калёніі былой мэдсястры, 30-гадовай палітзьняволенай Аляксандры Каско. Прысуд вынес судзьдзя Дзьмітры Бубенчык.

Палітыкай не цікавілася. Летам 2020 году трапіла на пікет Ціханоўскай

Аляксандра Каско родам з Пружанскага раёну. Па спэцыяльнасьці мэдсястра, 6 гадоў адпрацавала ў Ваўкавыскай раённай паліклініцы. Да лета 2020 году палітыкай не цікавілася. Выпадкова трапіла на пікет Сьвятланы Ціханоўскай, якая прыяжджала ў райцэнтар і зрабіла на дзяўчыну вялікае ўражаньне.

Калі ўвечары 9 жніўня 2020 году ў Ваўкавыску выбарцы выйшлі на плошчу, бо ім адмовіліся паказаць вынікі галасаваньня, упершыню ўбачыла, як жорстка разганялі людзей.

«Для мяне гэта было дзіка і незразумела, я не магла ўявіць, што ў Беларусі такое можа быць. Я галасіла на ўсю плошчу: „Што вы робіце?“ Потым пару дзён не было інтэрнэту. Калі інтэрнэт уключыўся і я ўбачыла, што адбываецца ў краіне, я была ў жаху! Пасьля гэтага я пачала выходзіць на акцыі. Заўсёды стаяла да апошняга, не зважаючы на загад разысьціся», — расказвала Аляксандра Радыё Свабода.

У Ваўкавыску Аляксандру затрымлівалі 12 разоў на тэрміны ад 3 да 11 сутак

У канцы лета і ўвосень 2020-за затрымлівалі Аляксандру літаральна кожны тыдзень: выйдзе ў нядзелю на мітынг — яе забяруць, дадуць трое ці пяцёра сутак і штраф, яна адседзіць — і ў выходныя зноў выходзіць на акцыю.

Паводле падлікаў дзяўчыны, усяго яе затрымлівалі 12 разоў. Было яшчэ і шмат штрафаў — на агульную суму каля 250 базавых.

Аляксандра Каско
Аляксандра Каско

У Ваўкавыску да «палітычных» спачатку ставіліся даволі ляяльна — горад малы, усе ўсіх ведаюць, міліцыянты баяліся розгаласу. Затрыманых ня білі, у камэры было па 5 чалавек.

Пасьля першых затрыманьняў Аляксандру вымусілі звольніцца з паліклінікі. У Ваўкавыску на працу па спэцыяльнасьці ўладкавацца больш не змагла. Нейкі час працавала ў прыватніка, але нядоўга. Спрабавала ўладкавацца на працу ў санаторый у гарадку, дзе жывуць яе бацькі. Але і там не ўдалося.

«Мабыць, была каманда, каб тыя 11 дзён мне здаліся пеклам»

Апошняе затрыманьне здарылася на пачатку 2021 году. Акцый тады ўжо не было. Некалькі чалавек выйшлі ў Ваўкавыску на вуліцу зь бела-чырвонымі парасонамі. Тады Аляксандры далі 11 дзён арышту і аштрафавалі яе на 25 базавых велічынь.

«Мабыць, была каманда, каб тыя 11 дзён мне здаліся пеклам. Я абвясьціла галадоўку, сказала, што іхную баланду есьці ня буду. Забралі ўсё наагул: і зубную шчотку, і цёплае адзеньне. Не дазвалялася нічога, нават кнігі. Матрац давалі толькі на ноч. Восем дзён я правяла ў адзіночцы. Вядро замест прыбіральні. Ацяпленьне не працавала, было вельмі холадна! Мне проста стваралі невыносныя ўмовы. «Які артыкул?» — «23.34». — «Ну дык чаго ты хочаш?» — успамінала свае апошнія 11 сутак у Ваўкавыскім ІЧУ Аляксандра.

Набіла тату «23.34» з ланцугом і вольнымі птушкамі

У памяць пра ўсе свае адседкі дзяўчына зрабіла на руцэ тату: нумар «народнага артыкула» 23.34, ланцуг і вольныя птушкі. Дызайн распрацавала сама. І хоць нумар артыкула на той час ужо зьмяніўся, для яе «23.34» — гэта сымбаль.

Давялося зьехаць спачатку ў адну з заходнеэўрапейскіх краінаў. Уладкавалася на працу. Але доўга там ня вытрымала. Вярнулася ненадоўга ў Беларусь, потым зьехала ў Польшчу. Зноў вярнулася.

Тату Аляксандры
Тату Аляксандры

Затрымалі па вяртаньні з Польшчы

9 лютага 2023 году, па вяртаньні з Польшчы, Аляксандру затрымалі. На наступны дзень судзьдзя Ваўкавыскага раёну Мікалай Талашка арыштаваў яе на 10 сутак паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Пасьля «сутак» на волю яна ня выйшла — завялі крымінальную справу.

Аляксандры інкрымінавалі ажно 8 артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці); ч. 3 арт. 203-1 (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да пэрсанальных зьвестак); ч. 1 і 2 арт. 361-1 (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім); ч. 1 і 2 арт. 361-4 (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці); ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку); ч. 1 і 2 арт. 368 (абраза Лукашэнкі); арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады); арт. 391 (абраза судзьдзі).

Яшчэ да суду, 12 верасьня 2023 году, КДБ унёс Аляксандру ў сьпісы «тэрарыстаў» і «экстрэмістаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG