Пра гэта ішла размова на круглым стале «Роля і месца народнай духоўнай культуры ў грамадзтве», які прайшоў 30 лістапада ў Інстытуце філязофіі Нацыянальнай акадэміі навук. У яго межах прадстаўнікі Міністэрства культуры, НАН, Апарату ўпаўнаважанага ў справах рэлігій і БПЦ абмеркавалі пытаньні «ўмацаваньня духоўнай, культурнай і нацыянальнай бясьпекі», паведамляе тэлеграм-канал «Хрысьціянская візія».
Паводле выданьня, падобныя прапанаваныя БПЦ праекты ўжо адлюстраваны ў пляне «Канцэпцыя культурнага імпартазамяшчэньня на 2024–2026 гады»: правядзеньне лекцый аб дэструктыўным уплыве нэапаганства, праверка наяўнасьці станоўчай ацэнкі нэапаганскіх элемэнтаў у навучальных матэрыялах, літаратуры. Пры гэтым у тэксьце самой «Канцэпцыі» падобныя крокі не апісаны.
Аўтары выказваюць асьцярогі, што гэта можа мець вялікія наступствы. На іх думку, такія развагі могуць стаць легітымізацыяй пачатку барацьбы з элемэнтамі нацыянальнай культуры пад выглядам барацьбы з «нетрадыцыйнай рэлігійнасьцю».
«Хрысьціянская візія» адзначае, што такая фармулёўка «нэапаганства», якое нібыта мімікруе пад «нацыянальную культуру», зьяўляецца не зусім карэктным парафразам думак сектазнаўцы Уладзіміра Марціновіча. У шэрагу сваіх артыкулаў ён пісаў, што нэапаганства зьяўляецца формай нетрадыцыйнай рэлігійнасьці, межы якой дастаткова размытыя (што тлумачыцца спэцыфікай распаўсюджваньня структурных тыпаў). Гэта ўплывае на тое, што, асобныя элемэнты нэапаганства могуць трапляць у не-нэапаганскі кантэкст і наадварот.
У Беларусі тэрмін «нэапаганскі» часта выкарыстоўваўся каляцаркоўнымі аўтарамі для ілюстрацыі маргінальнасьці асобных элемэнтаў духоўна-нацыянальнай культуры. Так, напрыклад, Зьміцер Куніцкі (супрацоўнік Інстытуту філязофіі Нацыянальнай акадэміі навук) называў каталіцкі касьцёл і пратэстантызм «нэапаганствам», як і ўсе вытворныя ад іх праявы «нэапаганскага духу Захаду», піша «Хрысьціянская візія». Нацыянальныя рухі, якія стаяць на ідэях лібэралізму, ім таксама апісваюцца як «нэапаганскія».
Часам для дыскрэдытацыі прадстаўнікоў нацыянальнага руху праўрадавымі СМІ можа выкарыстоўвацца паняцьце «нэапаганца» як стыгма. У рэпартажы, прысьвечаным затрыманьню 24-гадовага ўдзельніка пратэстаў у Жлобіне, асобна падкрэсьліваўся факт наяўнасьці ў затрыманага нэапаганскага тату.
«Хрысьціянская візія» падкрэсьлівае, што ў рамках распаўсюджваньня «русского мира» магчымая стыгматызацыя царквой элемэнтаў нацыянальнай культуры будзе ўяўляць сабой вельмі зручны інструмэнт «мяккай сілы» ў рэгіёне. Таму, нягледзячы на тое, што сам Марціновіч адзначаў, што нэапаганцы хутчэй зьяўляюцца малазначнай зьявай, якая канкуруе за ўвагу з забаўляльнай сфэрай, вынясеньне іх у Канцэпцыю культурнага імпартазамяшчэньня ператварае іх у стыгму, якой чыноўнікі патэнцыйна могуць аргумэнтаваць зачыстку культурнай сфэры, тым самым падыгрываючы «русскому миру».