Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускім палітыкам лепей спыніць сваркі і аб’яднацца вакол Ціханоўскай, — прафэсар Марплз


Сьвятлана Ціханоўская на мітынгу ў Берасьці, 2020
Сьвятлана Ціханоўская на мітынгу ў Берасьці, 2020

Прафэсар гісторыі Дэйвід Марплз — спэцыяліст у пытаньнях Беларусі, Украіны і Расеі, аўтар некалькіх кніг, працуе ва Ўнівэрсытэце Альбэрты ў Эдмантане, Канада.

У інтэрвію Свабодзе ён аналізуе стратэгію палітыкі ЗША адносна Беларусі, адказвае на пытаньне, як Захад можа ўплываць на палітыку Менску і заклікае беларускіх дэмакратычных палітыкаў аб’яднацца вакол Сьвятланы Ціханоўскай.

Сьцісла:

  • Стратэгічны дыялёг паміж дэмакратычнымі сіламі і кіраўніцтвам ЗША — гэта вялікі крок наперад, асабліва для беларускай апазыцыі.
  • Для крытыкаў надышоў час забыць пра свае палітычныя амбіцыі і аб’яднацца вакол адзінага лідэра — Ціханоўскай.
  • Чым даўжэй лідэр апазыцыі знаходзіцца ў выгнаньні, тым меншы ўплыў мае на падзеі ўнутры краіны.
  • Фактычна адзіны спосаб, з дапамогай якога Захад можа ўплываць на Беларусь — гэта санкцыі.
  • Тое, што добра для Расеі, — добра для рэжыму Лукашэнкі.
  • Лукашэнка працягне шукаць магчымасьці зноў выйсьці на перамовы з Захадам.

— Што азначае стратэгічны дыялёг паміж дэмакратычнымі сіламі Беларусі і ўладамі ЗША, які адбыўся на мінулым тыдні? Што зьмянілася і што можа зьмяніцца пасьля візыту Ціханоўскай у Вашынгтон?

— Я думаю, што некаторыя рэчы тут вельмі відавочныя. «Belarus Democracy and Human Rights Act» (Акт аб правах чалавека і дэмакратычнай Беларусі) прыняты яшчэ ў 2011 годзе.

Дэйвід Марплз
Дэйвід Марплз

Стратэгічны дыялёг паміж дэмакратычнымі сіламі і кіраўніцтвам ЗША — гэта вялікі крок наперад, асабліва для беларускай апазыцыі. І сам факт таго, што Дзярждэп удзяляе столькі ўвагі Беларусі, я лічу, вельмі станоўчы для апазыцыйнага руху.

Прызнаньне Ціханоўскай як дэмакратычнай лідэркі, асуджэньне лукашэнкаўскага рэжыму за дапамогу ў расейскай агрэсіі, падтрымка незалежных мэдыя (на маю думку, самая важная рэч) і прызначэньне адмысловага пасланьніка ў справах Беларусі — усё гэта адлюстроўвае значэньне Ціханоўскай як палітычнай фігуры. Асабліва з улікам таго, кім яна была тры гады таму і які ўзровень мае цяпер як палітычны лідэр міжнароднага маштабу.

— Але акурат крытыкі Ціханоўскай кажуць, што яе ўплыў і значэньне на міжнароднай арэне будзе зь цягам часу памяншацца, што ўзровень яе кантактаў будзе зьніжацца. Як вынікае з вашых словаў, вы ня згодны з такой ацэнкай?

— Так, я лічу, што Ціханоўская — галоўная надзея для Беларусі. Зараз час для некаторых з гэтых крытыкаў забыць пра свае палітычныя амбіцыі і аб’яднацца вакол адзінага лідэра. Гэта адзіны шлях дабіцца зьменаў у Беларусі. Калі апазыцыйныя сілы былі разьяднаныя (мы гэта назіралі даволі доўга), то яны не маглі дабівацца сваіх палітычных мэтаў. Можна ўспомніць 2006 год, калі быў выбраны «адзіны кандыдат» ад дэмакратычных сілаў, але потым адразу зьявіўся і другі; ці 2010 год, калі было ўвогуле шмат разрозьненых кандыдатаў, і толькі два, якія мелі значэньне.

У 2020 годзе была адна кандыдатка. Яна не гадавалася ў палітычным асяродку, вырасла ў звычайных умовах (хаця быць настаўнікам — гэта ніколі ня проста). Але посьпех, якога яна дасягнула — гэта незвычайна для любога палітычнага лідэра. Я лічу, што дзеля агульнай карысьці іншыя беларускія палітыкі павінны перастаць сварыцца паміж сабой і нападаць на Ціханоўскую.

— Як зараз можна акрэсьліць стратэгічныя мэты амэрыканскай палітыкі ў дачыненьні да Беларусі?

— У дадзены момант замежная палітыка ЗША арыентаваная найперш на два рэгіёны — Украіну і Блізкі Ўсход. На жаль, абодва гэтыя рэгіёны патрабуюць часу і шмат намаганьняў.

Я перакананы, ЗША ўсё яшчэ трымаюцца мэты перамогі Ўкраіны ў вайне. І нават большасьць рэспубліканцаў, нягледзячы на ўсе цяперашнія спрэчкі, падтрымліваюць Украіну і хацелі б, каб яна перамагла.

Беларусь, беручы ўдзел у агрэсіі Расеі,— у прыватнасьці ў тым, што дала тэрыторыю для запуску ракет, разьмяшчала ў сваіх шпіталях расейскіх вайскоўцаў і давала карыстацца сваёй інфраструктурай і г.д., разглядаецца як саюзьніца Расеі. Хоць значная частка беларусаў не падтрымлівае рэжым, а падтрымлівае Ўкраіну. Таму сёньня маем дзьве розныя Беларусі: адна на баку Ўкраіны, і другая — на баку рэжыму. Публічныя апытаньні ў Беларусі праводзіць складана, беручы пад увагу рэпрэсіі. Таму цяжка меркаваць, якія цяпер рэальныя настроі пануюць сярод насельніцтва.

І яшчэ адзін відавочны фактар, які варта адзначыць — чым даўжэй лідэр апазыцыі знаходзіцца ў выгнаньні, тым меншы ўплыў мае на падзеі ўнутры краіны. Сумна, але гэта так, і гэтаму ёсьць шмат гістарычных аналягаў. Таму гэта вялікая праблема для беларусаў звонку заставацца ўплывовымі ўнутры краіны.

І з гэтай прычыны я лічу важным, каб Дзярждэпартамэнт сканцэнтраваў дапамогу на падтрымцы незалежнай прэсы. Бо сёньня ўнутры Беларусі складана атрымаць незалежную інфармацыю. Людзей захлынае расейская прапаганда, ім цяжка даведацца, што дакладна адбываецца ў сьвеце.

Складана сказаць, як моцна ЗША будуць сканцэнтраваны на Беларусі ў будучыні. Амэрыка, на жаль, разьдзеленая больш, чым якая-небудзь іншая дэмакратычная краіна сёньня. Калі Байдэна перавыберуць у наступным годзе і ён застанецца ў крэсьле прэзыдэнта, гэта будзе добра для Беларусі. Калі ж Дональд Трамп прыйдзе да ўлады, то я не магу прадказаць, што будзе. Гэта можа быць поўны хаос.

— Але ўсё ж можна сьцьвярджаць, што некаторыя кірункі замежнай палітыкі ЗША застаюцца стабільнымі, незалежна ад зьменаў Адміністрацыі. У сваім нядаўнім артыкуле ў Washington Post Сьвятлана Ціханоўская напісала, што для дасягненьня дэмакратыі ў Беларусі неабходная падтрымка ЗША. На вашую думку, якія асноўныя крокі маглі б зрабіць ЗША, каб дапамагчы не толькі Ўкраіне ў вайне, але і Беларусі?

— Я думаю, што перамога Ўкраіны, калі яна стане заўважнай, будзе вельмі істотным чыньнікам для беларускай сытуацыі.

Разам з тым ёсьць шэраг практычных рэчаў, якія можа вырашаць найперш Эўразьвяз, пачынаючы ад візаў, студэнцкіх стыпэндыяў, пашпартоў і гэтак далей.

Беларуская дыяспара ў ЗША паводзіць сябе даволі актыўна апошнія гады, але яна ўсё ж традыцыйна не зьяўляецца вельмі магутнай сілай, моцна не ўплывае на амэрыканскую палітыку.

Я мяркую, для Вашынгтона важна працягваць дыялёг зь беларускай апазыцыяй з выразнай мэтай — трэба дабівацца вызваленьня палітычных вязьняў.

Я ня думаю, што многія беларусы ўнутры краіны зьмянілі сваё стаўленьне да рэжыму.

— Але ці маюць сёньня ЗША хоць нейкія рычагі, каб уплываць на сытуацыю ў Беларусі?

— Фактычна адзіны спосаб, з дапамогай якога Захад можа ўплываць на Беларусь — гэта санкцыі... Досыць відавочна, што трэба абмежаваць любы экспарт Беларусі куды заўгодна, акрамя Расеі — гэта ўплыў, на які мы здольныя. І гэта адбываецца. Беларуская эканоміка ў напружаным стане.

У кароткатэрміновай пэрспэктыве санкцыі могуць здацца не эфэктыўнымі. Але ў больш доўгай — калі ўрад ня здольны падтрымліваць той матэрыяльны ўзровень, на які людзі разьлічваюць, то можа адбыцца пэўны сацыяльны выбух. Так што санкцыі працуюць у гэтым сэнсе. І я лічу вельмі важным працягваць санкцыі ня толькі супраць Беларусі, але і супраць Расеі. Паколькі тое, што добра для Расеі, добра для рэжыму Лукашэнкі.

Беларусь таксама парушыла свой ранейшы бязьядзерны статус, даўшы дазвол на разьмяшчэньне на сваёй тэрыторыі ядзернай зброі. І гэта выклікае занепакоенасьць у большасьці беларусаў, якія ня хочуць браць удзелу ў расейскіх войнах і авантурах. Але ім давядзецца сутыкнуцца з гэтым, калі працягнуцца настолькі шчыльныя адносіны Лукашэнкі з Крамлём.

У мяне толькі што ў адным з папярэдніх інтэрвію спыталі, ці здольны будзе Лукашэнка ўтрымаць беларускую незалежнасьць перад пагрозай расейскай агрэсіі. Я думаю, у яго гэта можа атрымацца, як атрымлівалася ранейшыя 30 гадоў. Праўда, пры гэтым ён спрабуе ўтрымаць найперш сваю ўладу. Але, на маю думку, варыянтаў выбару ў яго становіцца ўсё меней.

— Ці магчыма, што Лукашэнка пры нейкіх абставінах паспрабуе нармалізаваць адносіны з Захадам?

— Ён ня проста паспрабуе, ён увесь час гэта робіць. У нейкай меры мы ўжо маглі гэта назіраць. Ён шукае «адтуліны». Мы бачылі, як у Менск прыяжджаў міністар замежных справаў Вугоршчыны. Можна сьцьвярджаць, што гэтак будзе і далей: Лукашэнка працягне шукаць выйсьце з сытуацыі праз Захад, праз эўрапейцаў. Гэта адбывалася і пры Макеі, гэта адбываецца і пры ягоным наступніку на пасадзе міністра замежных справаў. Нават выбар Сяргея Алейніка ў якасьці міністра пасьля сьмерці Макея сьведчыць пра гэта. Лукашэнка выбраў чалавека, які ўвесь час працаваў на Захадзе, валодае ангельскай і нямецкімі мовамі.

Так што я думаю, Лукашэнка працягне шукаць спосабы зноў выйсьці на перамовы з Захадам.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG