Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сем фактаў з жыцьця новага-старога прэм’ера Польшчы Дональда Туска, якому забаранялі ўезд у Беларусь


Дональд Туск пасьля зацьвярджэння на пасаду прэмʼер-міністра Польшчы, 11 сьнежня 2023
Дональд Туск пасьля зацьвярджэння на пасаду прэмʼер-міністра Польшчы, 11 сьнежня 2023

Парлямэнт Польшчы 11 сьнежня прагаласаваў за тое, каб Дональд Туск стаў прэмʼер-міністрам. 248 дэпутатаў выказаліся за тое, каб Туск стаў кіраўніком ураду, 201 — супраць.

Прадстаўнік Грамадзянскай кааліцыі Дональд Туск замяніў на пасадзе прэмʼер-міністара Матэвуша Маравецкага з партыі «Права і справядлівасьць». Гэта трэці ягоны прыход на пасаду прэм’ера Польшчы пасьля вялікага перапынку. Сабралі асноўныя факты з жыцьця і кар’еры Дональда Туска. 12 сьнежня ў Сэйме Польшчы ён прадставіў чальцоў свайго ўраду.

Паходзіць з кашубаў

Дональд Туск нарадзіўся ў Гданьску ў кашубскай сям’і, таксама мае нямецкія карані — яго бабуля з боку маці была немкай. Пры гэтым сам Туск дэкляруе сваё кашубскае паходжаньне. У прэм’ера двое дзяцей, сын працуе ў галіне маркетынгу і PR, дачка — модная блогерка.

Ведае 7 моваў

Прэм’ер Польшчы, які скончыў Гданьскі ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці гісторыя, вядомы як паліглёт. Акрамя польскай, нямецкай і ангельскай, ён вывучаў расейскую, харвацкую, гішпанскую і баўгарскую мовы. Падчас навучаньня ва ўнівэрсытэце ангажаваўся ў працу незалежных прафсаюзаў, потым стварыў незалежны студэнцкі прафсаюз.

Мае доўгую палітычную карʼеру

Дональд Туск мае працяглую палітычную кар’еру. Ён ачоліў невялікую партыю Лібэральна-дэмакратычны кангрэс у 1991–1994 гадах, у 1991 годзе быў выбраны дэпутатам Сэйму ад гэтай партыі, тады яму было толькі 34 гады. Быў віцэ-маршалкам Сэйму і Сэнату. Быў адным з заснавальнікаў партыі Грамадзянская плятформа ў 2000 годзе. У 2003–2014 гадах узначальваў партыю «Грамадзянская плятформа», ізноў вярнуўся да кіраўніцтва партыяй у 2021 годзе.

Трэці раз на чале ўраду Польшчы

Дональд Туск двойчы ўжо ўзначальваў польскі ўрад — у 2007–2014 і 2011–2014 гадах.

Быў старшынём Эўрапейскай рады

Дональд Туск у 2014–2019 гадах працаваў у Брусэлі, быў старшынём Эўрапейскай рады, а таксама быў старшынём Эўрапейскай народнай партыі ў 2019–2022 гадах.

Адзін раз прыяжджаў у Беларусь, адзін раз не пусьцілі

Дональд Туск у 2005 годзе прыяжджаў у Беларусь, каб падтрымаць выбраную старшынёй Саюзу палякаў Анжаліку Борыс. Туск падтрымаў і Саюз палякаў, які не прызнаваўся беларускімі ўладамі.

Улетку 2007 году Туск паўтарыў спробу наведаць Горадню, але яго не пусьцілі на тэрыторыю Беларусі беларускія памежнікі. Тады выявілася, што Дональд Туск, па сьведчаньні МЗС Беларусі, знаходзіўся ў сьпісе людзей, «знаходжаньне якіх на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь зьяўляецца непажаданым».

Правёў Польска-беларускі эканамічны саміт

У чэрвені 2009 году ў Варшаве пад кіраўніцтвам Дональда Туска і беларускага прэм’ера Андрэя Кабякова прайшоў Эканамічны саміт Польшча — Беларусь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG