Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Год рэабілітацыі і 31 апэрацыя. Гісторыя васьмігадовага Рамана, параненага падчас ракетнага ўдару па Віньніцы


Roman Oleksiv
Roman Oleksiv

Васьмігадовы Раман Алексіў выжыў пасьля ракетнага ўдару расейскай арміі па Віньніцы. Гэта адбылося ўлетку 2022 году. Хлопчык атрымаў шматлікія раненьні і апёкі, перанёс больш за 30 апэрацый. Нядаўна ён вярнуўся дадому, у родную школу.

Праз год рэабілітацыі Раман вярнуўся ў львоўскую школу. На целе і на твары ў хлопчыка кампрэсійныя павязкі ад апёкаў. Пашкоджанай рукой хлопчык старанна выводзіць літары ў сшытку. Ён наноў вучыцца пісаць.

«У яго былі аскепкавыя раненьні галавы, пералом рукі, у яго была перабіта цягліца на правай назе, былі апёкі, агулам 80 працэнтаў апёкаў, 40 вонкавых і дзесьці прыблізна 40 унутраных», — расказвае бацька хлопчыка Яраслаў Алексіў.

Летам мінулага году хлопчык разам з мамай паехаў пагасьціць у яе родную Віньніцу. Раніцай 14 ліпеня яны прыйшлі на прыём да лекара ў мясцовую клініку «Нэўрамэд». Празь некалькі хвілін у лякарню прыляцела расейская ракета. Выжыў толькі Раман. Яго маці памерла ў яго на вачах.

Усяго ў той дзень расейскае войска запусьціла па Віньніцы чатыры крылатыя ракеты. Па ўкраінскіх дадзеных, гэта былі «Калібры». Загінулі 29 чалавек. Сярод іх — трое дзяцей. Чатырохгадовая Ліза і двое хлопчыкаў — васьмігадовы Кірыл і сямігадовы Максім, які таксама ў момант удару быў у клініцы з мамай.

Рамана Алексіва забралі мэдыкі. Зь Віньніцы яго эвакуавалі дадому ў Львоў. Прагнозы лекараў былі несуцяшальныя. Дапамагчы Раману пагадзіліся мэдыкі ў Нямеччыне. Там ён перажыў 31 апэрацыю.

«Апэрацыі з самага пачатку былі вельмі інтэнсіўныя. Часам празь дзень былі апэрацыі. За тыдзень было па тры апэрацыі. Былі перавязкі, гэта ўсё пад наркозам. Але яны змаглі выратаваць Рамана», — працягвае Яраслаў Алексіў.

У Дрэздэне лекары выдалілі абломкі шкла і цягліцу на назе, замянілі бубенную балону, правялі трансплянтацыі скуры. У Нямеччыне Раман зрабіў свае першыя крокі пасьля раненьня. А неўзабаве пачаў займацца спортам. Рэабілітацыя заняла амаль год.

Па словах айца Рамана, больш за ўсё хлопчык хацеў вярнуцца да сваіх захапленьняў — бальных танцаў і музыкі. Дома ў Львове Раман ужо пасьпеў паўдзельнічаць у спаборніцтвах. На паркеце ў вялікай залі разам з партнэркай ён выканаў танга.

Наперадзе ў Рамана яшчэ шмат апэрацый. Насіць павязкі яму трэба каля году. Пасьля гэтага дактары змогуць узяцца за шліфаваньне рубцоў на скуры.

«Ён моцны хлопчык. Думаю, што пытаньне нават ня ў тым, што ён перажыў, а ў тым, як ён далей будзе трымацца. Гэта вельмі важна таксама», — кажа Яраслаў Алексіў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG