Як паведамляе Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі, 6 сьнежня чарга на памежным пераходзе Казловічы – Кукурыкі на мяжы з Польшчай склала больш за 1240 фураў, на чатырох памежных пераходах зь Літвой чарга склала 1750 фураў, на мяжы з Латвіяй — 340 фураў.
Яшчэ 29 лістапада чарга на беларуска-польскім пераходзе Казловічы – Кукурыкі складала ўсяго 70 фураў, вырасшы за тыдзень у 18 разоў. Беларускія памежнікі абвінавачваюць у бязьдзеяньні памежнікаў суседніх краін, якія ўпускаюць зь Беларусі машыны ў колькасьці ад 14 да 60 працэнтаў ад нормы пропуску.
Найцяжэйшая сытуацыя на пераходзе Каменны Лог – Меднікі, дзе літоўскія памежнікі прапускаюць грузавы транспарт кожныя содні ў колькасьці 8–14% ад магутнасьці памежнага пераходу.
Усяго на памежных пераходах з боку Беларусі раніцай стаяла 3330 фураў.
Самі кіроўцы фураў зьвязваюць вялікія чэргі з закрыцьцём часткі пераходаў на мяжы з Польшай, Літвой і Латвіяй, а таксама поўным закрыцьцём мяжы паміж Расеяй і Фінляндыяй, на якой раней працавала 8 пераходаў для грузавога транспарту.
На сёньня самы загружаны маршрут зь Беларусі ў Эўразьвяз праходзіць праз пункт пропуску Казловічы – Кукурыкі.
Найбольш транспарту на літоўскім кірунку перад пераходам Беняконі – Салечнікі. На мяжы з Латвіяй застаўся адзіны пункт пропуску, які да сёньня функцыянуе (Патэрніекі – Грыгараўшчына).
Закрыцьцё пераходаў на мяжы Польшчы і Беларусі. Што варта ведаць
- У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Польшча стала адной з краін, куды кінуліся патокі мігрантаў. Рэагуючы на крызіс, Польшча, як і Літва, пачала будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю, а 9 лістапада 2021 году закрыла пераход Кузьніца Беластоцкая — Брузгі.
- У Варшаве абвінавацілі рэжым Лукашэнкі ў арганізацыі нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу з тым, каб шантажаваць краіны ЭЗ і патрабаваць зьняцьця санкцый. Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
- 9 лютага 2023 году міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў аб рашэньні закрыць памежны пераход Баброўнікі — Бераставіца, пачынаючы з 10 лютага. Гэта стала адказам Польшчы на палітычны прысуд журналісту Анджэю Пачобуту, актывісту польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі. Яму прысудзілі 8 гадоў калёніі.
- Усяго на беларуска-польскай мяжы 6 пунктаў пропуску. З 10 лютага 2023 году зь іх толькі адзін адкрыты для легкавікоў і адзін для грузавікоў, у Берасьці.
- Берасьце (Тэрэспаль з польскага боку) — дзейнічае толькі для легкавікоў;
- Казловічы (Кукурыкі) — праезд дазволены толькі грузавым аўтамабілям;
- Брузгі (Кузьніца Беластоцкая)— закрыты ў 2021 годзе;
- Бераставіца (Баброўнікі), — закрыты з 10 лютага 2023;
- Пясчатка (Полаўцы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку;
- Дамачава (Славатычы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку.
- Каля Горадні працягвае працу памежны пункт зь Літвой «Прывалка — Райгардас». Ён знаходзіцца блізка да мяжы з Польшчай.
- На прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі 10 лютага прэм’ер-міністар Польшчы адзначыў, што ў Варшаве разглядаюць варыянт закрыцьця астатніх двух пераходаў на мяжы зь Беларусьсю. Ён заявіў, што да Беларусі «інструмэнтальна ставяцца» расейцы і Крэмль, і гэта складае вялікую пагрозу Польшчы і Ўкраіне.
- Перад закрыцьцём памежнага пераходу ў Баброўніках там затрымалі сама меней 12 мытнікаў. Гаворка, магчыма, ідзе пра хабарніцтва. Пра гэта паведаміла Gazeta Wyborcza. Інфармацыю аб затрыманьні мытнікаў выданьне атрымала ў ноч на 11 лютага, ужо пасьля закрыцьця памежнага пераходу.
- 13 лютага Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што колькасьць аўтамабіляў за першыя выходныя пасьля закрыцьця Баброўнікаў на іншых пераходах павялічылася на 16%.