Сьцісла
- Кампанія паляваньня на маёмасьць сяброў Каардынацыйнай рады — выкананьне лініі на асаблівую пільнасьць напярэдадні выбараў 2024 году.
- Плён гэтага паляваньня сумнеўны, як «зачыняць стайню, калі конь ужо ўцёк», паводле ангельскай прымаўкі.
- Вылічыць будучых лідэраў гіпатэтычных пратэстаў — справа складаная; нанесьці шкоду існым, хоць і недасяжным, лідэрам значна прасьцей.
- Канстатацыя прапагандыста Тура наконт неэфэктыўнасьці разьдзьмутых сьпісаў «экстрэмісцкіх» інфармрэсурсаў — удалае апісаньне таго, як працуе аўтарытарная сыстэма.
У кампаніі паляваньня на маёмасьць чальцоў Каардынацыйнай рады зьдзіўляе ня столькі яе жорсткасьць і маштабы, колькі нелягічнасьць. Самі па сабе масавыя рэпрэсіі сталі ўжо неад’емным фонам беларускага грамадзкага жыцьця: яны як пачаліся ў 2020 годзе, так і не спыняюцца дагэтуль. Так што відавочны адказ на пытаньне «Чаму цяпер трэба арыштоўваць маёмасьць чальцоў Каардынацыйнай рады?» вельмі просты: «А чаму б і не?». Але ён, магчыма, няпоўны.
У ангельцаў ёсьць прымаўка: To close the stable door, after the horse has bolted (Зачыняць стайню, калі конь ужо ўцёк). Дакладна такі выпадак.
Усе чальцы Каардынацыйнай рады знаходзяцца за мяжой. Прынамсі, тыя, пра ператрусы ў каго паведамляецца. Прычым пакінулі яны краіну ня ўчора і мелі пэўны час для таго, каб неяк вырашыць пытаньне са сваёй маёмасьцю, якая засталася ў Беларусі (калі засталася). Маглі прадаць, маглі падарыць — варыянты былі. І таму імаверна, што на відэа, якія дэманструюць сілавікі, — ператрусы ў жытле, якое ўжо не належыць чальцам Каардынацыйнай рады, прынамсі юрыдычна.
З другога боку, калі ў некага зь іх у Беларусі і заставалася нешта, што належыць ім, то псыхалягічна гэта было для іх, так бы мовіць, адрэзанай лустай. Ад улады, якая здольная закатаваць за кратамі Вітольда Ашурка і Алеся Пушкіна, не выпадала чакаць трапяткой павагі да сьвятога права прыватнай уласнасьці. Страціць сваю маёмасьць — ні для кога ня радасьць, але катастрафічнай нечаканасьцю, раптоўным ударам, які паўплывае на паводзіны, гэта калі і стала, то для нямногіх. І ўлады, сілавікі гэта, безумоўна, разумелі. Дык а тады навошта?
Вырашальны момант тут палягае ў кантэксьце. У лютым наступнага году — адзіны дзень галасаваньня, парлямэнцкія і мясцовыя выбары. І штодзень з самага верху ідзе нагнятаньне: гэта вырашальны бой, ворагі ня сьпяць у шапку, плятуць свае злавесныя пляны, для іх гэта «гадзіна Ч», трэба перадухіляць, пільнаваць, нэўтралізоўваць, «каб муха не праляцела».
І як служывым людзям на гэта рэагаваць? Можна рахмана зазначыць, што «змагары», здаецца, ніякіх забурэньняў пад выбары і ў сувязі з выбарамі не плянуюць і таму напружвацца як бы вялікай патрэбы няма. Але, па-першае, начальству відней (мо ведае нешта асаблівае, патаемнае?). А па-другое, пярэчыць начальству — кепская ідэя наагул, як бы тады самога ў ворагі не запісалі. Сказалі пільнаваць — будуць пільнаваць.
Але як? Як вылічыць будучых лідэраў гіпатэтычных забурэньняў у наступным лютым? У перасьцярогах начальства ўвесь час згадваецца 2020 год, маўляў, тады праглядзелі, цяпер такой памылкі дапусьціць нельга. Але калі б на пачатку 2020 году хапалі традыцыйную апазыцыю, удзельнікаў апазыцыйных праймэрыз, то што б гэта зьмяніла? У падзеях 2020 году рэй вялі зусім іншыя людзі.
Але калі незразумела, якую стайню зь якімі коньмі трэба зачыняць, то зачыняюць тую, дзе коні пэўна былі. Праўда, цяпер іх там ужо няма. Але пэўную шкоду прынятыя меры ім жа нанясуць. А можа, у той Каардынацыйнай рады нейкі ўплыў на грамадзтва, якое засталося ў краіне, усё ж ёсьць? Ну вось, паляваньнем на маёмасьць сяброў КР можна гэты ўплыў зьменшыць.
У саміх дэмакратычных сілаў ёсьць плян перавыбараў Каардынацыйнай рады. Калі глядзець на дынаміку онлайн-актыўнасьці на плятформе «Голас», то яна не станоўчая: з амаль мільёна ў жніўні 2020 году, калі беларусы паведамлялі пра сваё галасаваньне на прэзыдэнцкіх выбарах, да прыкладна 200 тысяч у лютым 2022 году, калі на «Голас» дасылалі вынікі свайго галасаваньня на канстытуцыйным рэфэрэндуме. Зразумела, жыцьцё поўнае нечаканасьцяў, «чорныя лебедзі» час ад часу прылятаюць. Але калі апісаную дынаміку экстрапаляваць на гіпатэтычнае галасаваньне ў 2024 годзе на «Голасе» за прэтэндэнтаў у новы склад КР, то вялікай небясьпекі рэжыму такая экстрапаляцыя не нясе.
Ну а раптам пад уплывам «дзікага паляваньня» нехта пабаіцца вылучаць сваю кандыдатуру ў новы склад КР? Ці раптам нехта ў Беларусі, хто думаў удзельнічаць у галасаваньні за чальцоў новага КР, перадумае? Нешта падказвае, што няшмат будзе і тых, і другіх.
Але пільнасьць, перадухіленьне, праца, выкананьне загаду навідавоку ж. Ды і эфэктна. Пацягнуць у ГУБАЗіК яшчэ некалькі чалавек за ўдзел у пратэстах 2020 году ці за чытаньне «экстрэмісцкіх» каналаў — гэта рутына. А тут — новая якасьць, «удар па цэнтры прыняцьця рашэньняў».
Прыгожа ж. «Прыгажосьць» узмацняецца паказальнай дэтальлю, што нібыта сьпісы ўдзельнікаў КР перадаў сілавікам былы сябра Рады, які раскаяўся і падаўся ў камісію па вяртаньні. Насамрэч склад КР можна было збольшага высьветліць з публічных крыніц ці праз сьвядомую ці несьвядомую агентуру спэцслужбаў кшталту небаракі Алега Аксёнава. Але зь «перабежчыкам, які пакаяўся і выдаў усе сакрэты ворага» гэта больш уражвае. Як у савецкім кіно «Вяртаньне рэзыдэнта». Начальства яго ў юнацтве таксама глядзела. Вось для яго гэта і будзе яскрава і пераканаўча. А што да плёну...
Ёсьць меркаваньне, што аўтарытарная сыстэма працуе як гадзіньнік, кіраваны адной вярхоўнай воляй. Гэта так, але толькі часткова і ў пэўным сэнсе. Зьверху могуць, зразумела, загадаць зрабіць нейкае канкрэтнае дзеяньне. Але часьцей адтуль задаюць адно лінію, а як яе рэалізаваць — гэта справа выканаўцаў.
Пра тое, што сыстэма працуе менавіта так, сьведчыць нечаканая заява прапагандыста Ігара Тура наконт таго, што запісваньне ў «экстрэмісцкія фармаваньні» ўсіх магчымых апазыцыйных інфармацыйных рэсурсаў — гэта лухта і шкода самой сыстэме. Мо Тур — схаваны змагар з сыстэмай? Ці ён агучвае новую палітыку ў інфармацыйнай сфэры, вызначаную на самым версе? Ні тое і ні другое. Быў загад усе «доўгія языкі» загнаць пад плінтус. Яго і выконвалі. Як разумелі і як умелі. Ну а чалавек, дасьведчаны ў інфармацыйных тэхналёгіях, убачыў, што вынік не адпавядае мэтам. Мэтам мо і не адпавядае, а загаду адпавядае цалкам. Ня ўсім жа быць такімі дасьведчанымі.
Дык і зь «дзікім паляваньнем» на КР прыкладна тое самае. Ёсьць лінія, устаноўка на тое, каб пільнаваць, дык і пільнуюць. Як разумеюць і як умеюць.