Пра гэта заявіў міністар адукацыі Андрэй Іванец у інтэрвію выданьню «Беларусь сёньня». Паводле яго кошт навучаньня ў беларускіх ВНУ будзе павышацца пачынаючы са сьнежня 2023 года.
Ён адзначыў, што рост платы за навучаньне плянуецца ад 3 да 17 адсоткаў у залежнасьці ад спэцыяльнасьці і кожная ВНУ будзе самастойна вырашаць пытаньне аб падвышэньні платы за навучаньне.
25 лістапада Андрэй Іванец заявіў, што выдаткі на адукацыю павялічваюцца штогод на 16-17%, і выказаў меркаваньне, што павялічэньне платы за навучаньне будзе ў гэтых межах.
У жніўні сёлета міністар заявіў, што ў Беларусі няма платнай адукацыі, а тое, што такім лічыцца, зьяўляецца формай сацыяльнай падтрымкі моладзі і датуецца дзяржавай.
У інтэрвію «СБ» Іванец паабяцаў, што «сёньняшнія студэнты-платнікі ня будуць адпрацоўваць разьмеркаваньне».
«Зьмены ў заканадаўчую базу закрануць тых, хто будзе паступаць у нашыя ўнівэрсытэты альбо каледжы пасьля ўступленьня ў сілу новых нормаў. Сёньняшнія студэнты-платнікі ня будуць адпрацоўваць разьмеркаваньне», — сказаў міністар.