Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі Літвы: дзейнасьць беларускага КДБ у краіне інтэнсіўная як ніколі


Дарус Яўнішкіс
Дарус Яўнішкіс

У спэцслужбах Літвы лічаць, што спэцслужбы Беларусі ўзмацнілі сваю працу ў іх краіне.

«Мы бачым актывізацыю дзейнасьці КДБ Беларусі, якая фактычна дасягнула гістарычных вышынь, такой інтэнсіўнай яна не была ніколі», — заявіў у інтэрвію радыё LRT, на якое спасылаецца інфармацыйнае агенцтва BNS, кіраўнік Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі Літвы Дарус Яўнішкіс.

Паводле яго, дзейнасьць некаторых беларусаў у Літве выклікае пэўныя пытаньні.

«Акрамя таго, ня будзем забываць, што ў нас вельмі вялікая беларуская дыяспара, жыхары, якія прыяжджаюць сюды і, па сутнасьці, уздымаюць пэўныя контравыведныя пытаньні», — сказаў Яўнішкіс.

Таксама ён адзначыў павелічэньне распаўсюду расейскай прапаганды ў Літве.

Па словах кіраўніка Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі Літвы, у яго няма зьвестак пра тое, што службы недружалюбных краін спрабуюць завэрбаваць дзяржаўных чыноўнікаў, палітыкаў. Але калі такія спробы будуць, літоўскія спэцслужбы будуць выяўляць і перадухіляць пагрозы.

Дарус Яўнішкіс назваў ілжывыя паведамленьні аб выбуховых прыладах у школах і іншых месцах Літвы інфармацыйнай атакай з боку варожых сіл.

«Усе гэтыя пагрозы падарваць школы ці нейкія ўстановы, ці пагрозы падарваць нейкую ГЭС, урэшце аэрапорты, мы павінны разумець, што мы ўжо ўцягнутыя ва ўвесь гэты вір. Гэта інфармацыйныя апэрацыі, накіраваныя на тое, каб мы ўвесь час жылі ў гэтым пачуцьці нявызначанасьці, увесь час думаючы, што справы ідуць вельмі дрэнна», — сказаў Яўнішкіс.

У Літве ў кастрычніку было шмат лжывых паведамленьняў аб выбуховых прыладах у школах і іншых арганізацыях краіны, у тым ліку на Ігналінскай АЭС, аднак ніводнае зь іх не пацьвердзілася.

Акрамя таго, стала вядома, што Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі на просьбу Міністэрства ўнутраных спраў Літвы праверыць 761 чалавека, якія за апошнія 30 гадоў атрымалі літоўскае грамадзянства ў парадку выключэньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG